Рамантыка турніраў, дзівосныя прыгоды і знакаміты кодэкс чэсці — менавіта так большасць з нас уяўляе жыццё адважных воінаў Сярэднявечча. Між тым рыцарская справа была па-сапраўднаму цяжкім выпрабаваннем. Шляхце часоў Вялікага княства Літоўскага прыходзілася цягаць на сабе ад 30 да 50 кілаграмаў даспехаў. А з вагой шлема не можа канкурыраваць нават знакаміты какошнік Веркі Сярдзючкі...
Нягледзячы на тое што “афіцыйная” эпоха высакародных коннікаў скончылася аж некалькі стагоддзяў таму з распаўсюджаннем вогнестрэльнай зброі, традыцыі латнікаў не канулі ў нябыт. Сёння іх прадаўжальнікамі сталі штматлікія рыцарскія клубы, турніры і фэсты. На адным з такіх святаў, што днямі адбылося ў старажытным Мсціславе, пашчасціла пабываць карэспандэнту “НГ”.
Першы рыцар
Рыцарскі фэст у Мсціславе праводзіцца ўжо трэці год запар. Прычым сама ініцыятыва зыходзіла ад мясцовай улады, якая, як кажуць, на свой страх і рызыку вырашыла запрасіць да сябе гасцей. І не прагадала. Цяпер фэст стаў па-сапраўднаму народным святам, у якога з’явіліся свае і да таго ж добрыя традыцыі. Пры гэтым асабліва прыемна, што яны пастаянна абнаўляюцца. — Калі раней імпрэзы ладзіліся ў парку, то сёлета ўсё максімальна набліжана да Сярэднявечча: рыцарскі турнір праходзіць непасрэдна на Замкавай гары — месцы, дзе і ўзнік горад Мсціслаў, — распавядае начальнік аддзела культуры райвыканкама Наталля Біскуп. — Прычым і антураж тут адпаведны — уздоўж гары зрабілі агароджу, на ўзвышшы пабудавалі крэпасць, а побач з ёй раскінуўся палатачны рыцарскі гарадок. Другой жа разынкай цяперашняга фэсту стаў парад полымя. Гэтае яскравае і непаўторнае відовішча спачатку адкрыла фаер-шоу, дзе танцы і цыркавыя нумары суправаджаліся вогненным “акампанементам”, на змену якому прыйшлі лазерная дэманстрацыя гістарычных помнікаў і святочны феерверк. Аднак на гэтым сюрпрызы не скончыліся — упершыню на турніры ўдзельнічаў воін-мсціславец. — Мяне заўсёды вабіла мінулае роднага краю, аднак непасрэдна рэканструкцыямі займаюся ўсяго год, — расказвае мсціслаўскі рыцар Сяргей Кудзікаў, які ў звычайным жыцці прадае камп’ютэры. — Вы можаце запытацца: навошта мне гэта трэба? А ўсё вельмі проста. Па-першае, заўсёды ёсць чым заняць свае рукі і галаву, а гэта аднолькава і цікава, і карысна — у рэшце рэшт, магчымасцей для самарэалізацыі ў невялікім горадзе няшмат. А па-другое, цяпер я ўпэўнены: калі ты ведаеш гісторыю, то пачынаеш лепш разумець сучаснасць, і што больш важна — па-іншаму думаць пра будучыню.
Кальчуга і латы
У мінулыя выхадныя ўдзел у Мсціслаўскім фэсце прынялі каля 30 рыцарскіх клубаў з Магілёва, Мінска, Віцебска, Гомеля, Рэчыцы. Усяго з розных куткоў Беларусі сюды з’ехаліся амаль 200 чалавек. І гэта нягледзячы на 30-градусную спёку. — На Мсціслаўскім фэсце заўсёды пануе асаблівая атмасфера, — адзначае гетман магілёўскай дружыны Андрэй. — І невыпадкова: напярэдадні вызначаецца толькі агульная канцэпцыя свята, а ўжо непасрэдна дэталі — чыстая імправізацыя. Па сутнасці, сцэнарый складаюць самі рыцары. Магчыма, гэта і ёсць асноўны сакрэт поспеху — напэўна, такога нідзе больш няма. І тут трэба сказаць дзякуй мясцовым уладам, якія падыходзяць да нашых ініцыятыў з разуменнем. Дарэчы, у тым, наколькі высокі прэстыж фэсту, удалося пераканацца амаль адразу. Праз некалькі хвілін пасля пачатку турніра да арганізатараў падышлі тры хлопцы і папрасілі ўключыць іх у спіс удзельнікаў. Бо высветлілася: “воіны” спазніліся на апошні аўтобус з Мінска і ўсю ноч са шматкілаграмовымі даспехамі дабіраліся да Мсціслава на “перакладных”.
Я тут была, мёд-квас піла
Хай не здаецца, што турнір — гэта дзіцячая забава. Тут было ўсё па-сапраўднаму — паядынкі, штурм крэпасці і нават сінякі. Як нельга назваць бутафорскай і зброю. На самай справе займацца гістарычнай рэканструкцыяй могуць толькі апантаныя людзі, якім не шкада ні ўласнага часу, ні грошай. Мяркуйце самі: каб зрабіць тую ж кальчугу, неабходна злучыць каля 11 тысяч кольцаў — на гэта спатрэбіцца ад 3 да 6 месяцаў. Прычым збор на турнір — справа яшчэ і нятанная. Поўная амуніцыя сучаснага рыцара абыдзецца амаль у паўтары тысячы “ўмоўных адзінак”. Але выдаткі кампенсуе іншае. Такія фэсты становяцца святам усяго горада — ад самых маленькіх жыхароў да сівых бабуль і дзядуляў. Арганізатары паклапаціліся, каб кожны тут знайшоў занятак на свой густ. Дзіцячыя атракцыёны, горад майстроў, карчма, дзе на працягу двух дзён можна было паспрабаваць спрадвечныя беларускія стравы, і мсціслаўскі паграбок з дэгустацыяй мясцовага віна — гэта далёка няпоўны спіс цікавых прапаноў. Аматары больш сучаснага адпачынку бавілі час на канцэрце “Песняроў”, групы “Цяні-талкай”і дыскатэцы. Увогуле ж “асартыментам” забаў былі прыемна здзіўлены госці з далёкага Санкт-Пецярбурга. Сям’я расіян прыехала да сваякоў і, як кажуць, трапіла з карабля на баль. І ніколькі не пашкадавала, асабліва калі пашчасціла пакаштаваць “фірменнага” мсціслаўскага квасу — такі напой знайсці ў сталіцах проста немагчыма.
Мсціслаўская візітоўка
— Такія фэсты, па-першае, становяцца брэндам горада, яго візітоўкай і працуюць на пазітыўны імідж, — падкрэслівае старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Васіль Віцюноў. — А па-другое, свята — гэта яшчэ адна падстава прыцягнуць да сябе ўвагу прадпрымальнікаў, што вельмі важна для эканомікі любога рэгіёна. — Аднак, пагадзіцеся, каб заахвоціць людзей, неабходна стварыць пэўныя ўмовы. І абысціся без фінансавых затрат тут проста немагчыма... Наколькі па сілах гэта для раёна? — Сапраўды, выдаткаваць сродкі з раённага бюджэту на рэканструкцыю турыстычных аб’ектаў часцяком бывае няпроста. Тым больш што на Мсціслаўшчыне іх даволі шмат, толькі помнікаў архітэктуры налічваецца 16. Зразумела, каб захаваць усё ў належным стане і стварыць патрэбную інфраструктуру, неабходна даволі значная сума — прыблізна 200 мільярдаў рублёў. Таму ўсе нашы надзеі — на праграму развіцця Мсцілаўскага краю, накшталт полацкай. Зараз праект гэтага дакумента ўжо распрацаваны. — Бясспрэчна, такая праграма — неблагі шанс для рэгіёна. Аднак пакуль што гэта толькі перспектыва. Між тым, што атрымліваецца зрабіць сёння? — Непасрэдна пры падрыхтоўцы да фэсту мы прывялі ў парадак Замкавую гару і падыходы да яе. Апроч таго, зусім нядаўна пачаўся рамонт Слабадской царквы. Асобнай размовы заслугоўвае і манастыр у Пустынках, які выпадае ўздымаць амаль з руін. Адзначу, што зроблена ў гэтым напрамку даволі многа: адрэстаўрыраваны гасцінічны комплекс для паломнікаў, працягваецца аднаўленне званіцы, напрыканцы года будзе распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя рэстаўрацыі Пакроўскай царквы з брацкім корпусам. У бліжэйшы час плануем абнавіць купель і крыніцу. Адным словам, даводзім да розуму найбольш значныя помнікі — часткова за сродкі бюджэту, іншым разам спрабуем шукаць спонсараў, а ў асобных выпадках — разлічваем на дапамогу саміх мясцовых жыхароў. Так, напярэдадні 9 Мая арганізавалі суботнік, у выніку якога сабралі каля 100 мільёнаў рублёў. — Між тым хтосьці можа палічыць, што ў бюджэце ёсць больш важныя артыкулы выдаткаў...
— І абсалютна памылкова. У рэгіёне адсутнічаюць буйныя прамысловыя прадпрыемствы, таму перш-наперш трэба рабіць стаўку на развіццё сельскай гаспадаркі і турыстычных паслуг. З цягам часу апошнія наогул павінны стаць асноўнай крыніцай даходаў. Да прыкладу, у некаторых краінах турызм дае амаль 70 працэнтаў даходаў бюджэту, і мы можам мець вельмі падобны малюнак. Прынамсі, адпаведныя база і рэсурсы на Мсціслаўшчыне ёсць: край гэты даволі самабытны, са сваімі цікавымі традыцыямі, а галоўнае — з вельмі працалюбівымі і добразычлівымі людзьмі.
Уважаемые читатели, если у вас есть хорошие фотографии с этого мероприятия, присылайте их на нашу горячую линию.