Пагоркі над Прыпяццю. Старажытная і найноўшая гісторыя спляліся на Мазыршчыне ў рознакаляровы вянок жыцця
11.08.2010
—
Новости Культуры
|
Колькі гадоў аднаму з найунікальнейшых гарадоў Палесся, дакладна не ведае ніхто. Праўда, першыя звесткі пра Мазыр пазначаны 1155 годам. З вяршынь высокіх пагоркаў далёка адкрываюцца прасцягі Палескай нізіны, гладзь ціхай і шырокай Прыпяці. Блакіт ракі зліваецца з небам, і старажытная зямля як быццам сама расказвае сваю шматвяковую гісторыю. Тры сястрыПомнік, які сімвалізуе дружбу і братэрства трох народаў — беларусаў, рускіх і ўкраінцаў, размешчаны ў вёсцы Мерабель — за чатырнаццаць кіламетраў ад Мазыра, на левым беразе рэчкі Тур. Узнікла вёска ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў складзе Слабада-Скрыгалаўскай воласці. У 1941 годзе толькі з маленькай Мерабелі абараняць Радзіму пайшлі 40 сялян, а патрыёты, што засталіся ў вёсцы, вялі падпольную і партызанскую барацьбу. 26 чалавек загінулі ў баях, прапалі без вестак, памерлі ад ран ці ў палоне. За ўдзел у падпольнай партызанскай барацьбе быў пакараны старшыня Прудкоўскага сельсавета З.І.Лук’яновіч. У ваколіцах Мерабелі канцэнтраваліся войскі кавалерыйскіх дывізій для штурму пазіцый праціўніка і вызвалення Мазыра. Амаль 40 воінаў Чырвонай Арміі засталіся каля вёскі на полі бою. На ўскрайку вёскі па ініцыятыве дацэнта Мазырскага дзяржаўнага педінстытута С.І.Касцяна нядаўна паставілі стылізаваны арыгінальны помнік — тры гранітныя камяні, увянчаныя праваслаўным крыжам, якія сімвалізуюць дружбу і братэрства трох славянскіх народаў. У даліне анёлаўМанастыр цыстэрыянцаў пабудаваны ў 1743—1745 гадах за тры кіламетры ад Мазыра на правым беразе ракі Прыпяць, у так званай Даліне анёлаў. Уключае ў сябе касцёл Міхаіла і жылы корпус. У 1883 годзе манастыр зачынілі, а праз пяць гадоў перадалі праваслаўным вернікам. Такім чынам, касцёл рэканструявалі пад царкву, прыбудаваўшы драўляную званіцу. Агароджа і брама захаваліся з XIX стагоддзя. Каб помнілі75 працэнтаў чарнобыльскага попелу прыпала на тэрыторыю Беларусі. У Мазыры, дзе жыве больш як 3 тысячы ліквідатараў чарнобыльскай аварыі, пастаўлены помнік ахвярам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Для гэтых людзей эпоха падзялілася на дзве паловы: да і пасля Чарнобыля. Знак ахвярам Чарнобыля знаходзіцца ў скверы на вуліцы Ленінскай, насупраць будынка гарвыканкама. Адкрыты да дзесятых угодкаў, у 1996 годзе. Штогод 26 красавіка тут праходзяць мітынгі, прысвечаныя трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Спевы нябачнага хоруСкрыгалаў — вёска за 33 кіламетры на паўночны захад ад горада адносіцца да ліку найбольш старажытных паселішчаў Мазырскага раёна, магчыма, равесніца Мазыра ці нават старэйшая за яго. Паводле паданняў, тут быў манастыр, умацаваны мураванымі сценамі, але калі і кім ён быў пабудаваны, затым ліквідаваны — гістарычных пацвярджэнняў няма. Дакладна вядома толькі, што Скрыгалаў знаходзіўся на перакрыжаванні ажыўленых гандлёвых і ваенных шляхоў і неаднаразова быў тэатрам ваенных дзеянняў. Ваколіцы Мазыра і Скрыгалава былі спустошаны крымскімі татарамі. У адзін з першых набегаў, 1 мая 1497 года, каля Скрыгалава, на беразе Прыпяці быў забіты мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі Макарый, які ехаў з Вільні (часовай сталіцы Рускай праваслаўнай царквы) у Кіеў. Цела Макарыя было прывезена ў Кіеў і пахавана ў саборным храме святой Сафіі. З таго часу ў ім часта чуліся таямнічыя спевы хору, а перад грабніцай знаходзілі свечкі, запаленыя невядомай рукой. Макарый быў прылічаны да ліку святых. У 1897 годзе на месцы гібелі мітрапаліта паставілі помнік з абразом, а ў Скрыгалаве ў яго гонар пабудавалі капліцу. Ад барока да класіцызмуМанастыр у Мазыры быў заснаваны Уладзіславам Пацам. Захаваліся касцёл (зараз Свята-Міхайлаўская царква) і жылы корпус. Праваслаўная Міхайлаўская драўляная царква другога класа была пабудавана ў 1830 годзе за кошт казны. Да яе раней адносіўся былы бернардзінскі мураваны касцёл. У 1831—1832 гадах манастыр быў ліквідаваны, а касцёл зачынены. У 1839 годзе ў Мазыры ў час вялікага пажару згарэла драўляная Свята-Міхайлаўская саборная праваслаўная царква. Быў складзены каштарыс на перабудову касцёла ў праваслаўную царкву. Галоўны фасад сабора ўпрыгожылі пілястрамі і карнізамі. Уваход аформілі кілепадобным парталам з крывалінейным франтонам. Вежы сабора, спачатку барочнага стылю, перабудавалі ў стылі класіцызму: трохвугольныя франтончыкі, арачныя праёмы ў прамавугольных нішах. Свята-Міхайлаўскі сабор з’яўляецца кафедральным. На будынку — мемарыяльная шыльда ў памяць аб ахвярах палітычных рэпрэсій 1937—1938 гадоў. Сабор добра відзён з розных кропак горада і наваколля. Маленькая ШвейцарыяЛандшафт мясцовасці, дзе размешчаны Мазыр, вельмі выгадны для арганізацыі лыжнай трасы. Горад літаральна стаіць на пагорках. У красавіку 2005 года на Мазыршчыне пачалося будаўніцтва гарналыжнага комплексу. Сама траса праходзіць у густанаселеным раёне горада ўздоўж вуліцы Інтэрнацыянальнай, ля тэрыторыі заказніка “Мазырскія яры”. Комплекс мае абсталяванне для вытворчасці штучнага снегу. Урачыстае яго адкрыццё было прымеркавана да зімовага сезона 2006/07 года. Тут уведзены ў строй першы ў Беларусі санна-бабслейны атракцыён “табаган”. Горка для катання працягласцю 450 метраў уяўляе сабой металічны жолаб, спуск і пад’ём па якім адбываецца ў спецыяльных кабінках-санях. Яна можа эксплуатавацца круглы год. Акрамя таго, у распараджэнні гасцей “Яроў” самы сучасны інвентар, хакейная пляцоўка, тэнісныя корты. Для маленькіх наведвальнікаў — электрамабілі, дзіцячыя батуты-сеткі, надзімальныя горкі. Добраўпарадкаваны месцы адпачынку: сцежка здароўя, альтанкі малых форм, працуюць гандлёвыя кропкі, пачалося будаўніцтва кафэ. Нядаўна з’явілася яшчэ адна забава — катанне на снегаходзе. Дзе жыве Дзед Мароз?На тэрыторыі самога Мазыра, які займае плошчу больш як 2,5 тысячы гектараў, ёсць некалькі месцаў, дзе ў старажытнасці жылі людзі. Горадаўтваральным ядром быў умацаваны дзядзінец, які знаходзіўся на Замкавай гары. Першы датаваны ўпамін аб Мазырскім замку тычыцца 1519 года, калі вялікі князь Сігізмунд I аддаў Мазыр Альбрэхту Гаштольду “за 1500 копъ грошей...”. У 1649 годзе па загаду віленскага ваяводы князя Януша Радзівіла замак быў спалены. З таго часу ён практычна страціў сваё абарончае значэнне і больш не аднаўляўся. Сёння дэкаратыўнае афармленне гістарычнага цэнтра “Мазырскі замак” уяўляе сабой унікальную экспазіцыю з ландшафтнай зонай і архітэктурна-планіровачнай забудовай. Узведзены на Замкавай гары замак — не толькі сучасная паменшаная копія, але і своеасаблівая жамчужына драўлянага дойлідства. Акрамя таго, тут жыве Дзед Мароз. Так што мазырская дзятва можа не ехаць спецыяльна за падарункамі ў Белавежскую пушчу. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Колькі гадоў аднаму з найунікальнейшых гарадоў Палесся, дакладна не ведае ніхто. Праўда, першыя звесткі пра Мазыр пазначаны 1155 годам. З вяршынь высокіх пагоркаў... |
|