Легендарнаму беларускаму музыку Ігару Варашкевічу – 50!
16.08.2010
—
Новости Культуры
|
Адзін з самых яскравых беларускіх рокераў – Ігар Варашкевіч 15 жніўня адзначаў 50-годдзе.Сябры і калегі музыкі ў інтэрв’ю «Еўрарадыё» намалявалі партрэт юбіляра, вызначылі асноўныя рысы яго характару і выказалі свае пажаданні.
Па словах паплечніка Ігара па гурце «Крама», гітарыста Сержука Трухановіча, стойкасць, чалавечнасць і існаванне моцнага ўнутранага стрыжня – найлепшыя рысы характару Варашкевіча: «Самая станоўчая якасць Варашкевіча, мне падаецца, што ён стойкі ў плане творчасці і ў плане чалавечнасці. Усім музыкам прыходзіцца нялёгка, тым больш, калі ты займаешся рок-музыкай, і тым больш рок-музыкай на беларускай мове. Ёсць у ім унутраны стрыжань, які дазваляе яму згуртаваць вакол сябе музыкаў-аднадумцаў. За гэта яго людзі і шануюць, і хочуць з ім працаваць, нягледзячы на тое, што не так шмат канцэртаў у «Крамы»«. Паводле Трухановіча, ва ўзросце 50 гадоў музыка можа сабе дазволіць пісаць прыгожыя песні. Менавіта іх ды здароўя зычыць калега юбіляру. Сусед па раёне, калега-мастак (вядома, што Варашкевіч да таго ж выдатны мастак) і паэт Міхал Анемпадыстаў бачыць найлепшай рысай натуры Варашкевіча рэдкасную цэласнасць і лічыць яго шчаслівым чалавекам: «Ігар Варашкевіч – вельмі паслядоўная і вельмі цэласная натура. Ён спявае музыку, і жыве так, як спявае. У Ігара ўсё ёсць насамрэч. Жадаю, каб ён захоўваў тое, што мае, каб ён цаніў тое, што мае, і памнажаў, па магчымасці. Мне падаецца, Ігар ― шчаслівы чалавек, і праўда, каб пачувацца добра і шчасліва, усё ў яго ёсць. У яго ёсць творчасць, у яго ёсць любімая праца, у яго ёсць каханне. Я думаю, ён шчаслівы чалавек». Таварыскасць, кантактнасць і вера ў сваю музыку – менавіта гэтыя рысы асобы Варашкевіча адзначае музычны крытык і журналіст Зміцер Падбярэзскі: «Ігар з тых людзей, якія працягваюць традыцыі. Ён, захапіўшыся рок-музыкай, трымаецца класічнага мэйнстрыму – блюз-року, на якім, па сутнасці, уся рок-музыка і трымаецца. Гэта вызначальны варыянт. І тое, што Ігар зберагае веру ў гэтую музыку, і працягвае пісаць, выклікае да яго вялікую павагу. І пры гэтым ён вельмі таварыскі і кантактны чалавек, адораны не толькі ў музыцы. Я шчыра жадаю здароўя, цярпення і веры ў сябе. Буду з нецярпеннем чакаць новы альбом з песнямі Ігара». Спявачка і сяброўка Варашкевіча – Іна Афанасьева параўноўвае музыку «Крамы» з дыяментам і захапляецца індывідуальнасцю Варашкевіча як музыкі, так і чалавека: «Важна, на маю думку, што Ігар застаўся верным сабе, сваім ідэалам, культуры, якую ён любіць. Для артыста самае галоўнае – захаваць сябе, быць цікавым, быць індывідуальнасцю. І як раз у Ігара гэта ўсё вельмі добра спалучаецца. Трэба сказаць, што з таго часу, як утварылася «Крама» і да сённяшняга дня музыка яго ― добры якасны рок, які з цягам часу пераўтварыўся ў гранёны прыгожы дыямент». І па-жаночы дадае: «Для мужчыны самае галоўнае – каб ён самарэалізаваўся. Я хачу пажадаць, каб ён захаваў тое, што мае, каб мог з гэтым досведам працаваць далей, самасцвярджацца ў жыцці. І, вядома, каб побач было сэрца, якое кахае, сям’я, дзеці, якія могуць падтрымаць, і яшчэ, як мужчыну, як чалавеку хачу пажадаць, каб ён заўсёды ганарыўся сваім працягам!» Знакаміты кліпмэйкер Анатоль Вечар параўноўвае значнасць асобы Варашкевіча з асобай Уладзіміра Мулявіна: «Такіх людзей як Ігар Варашкевіч у Беларусі толькі 2-3 чалавекі. Я мог бы параўнаць Ігра Варашкевіча з Мулявіным. Толькі тут іншая музыка. Ігар Варашкевіч гэткага ж шэрагу чалавек. Гэта па-першае. І па-другое, мне вельмі шкада, мне падаецца, што Ігар мог зрабіць значна болей, чым ён зрабіў. Проста так складваліся абставіны і ў яго асабіста, і ў краіне. Толькі таму. А так, я спадзяюся, ён яшчэ любіць. Я жадаю яму паболей класных песень, і на жаль, у нашым узросце, здароўя. Астатняе ўсё будзе». Крынiца:
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адзін з самых яскравых беларускіх рокераў – Ігар Варашкевіч 15 жніўня адзначаў 50-годдзе. |
|