Горад славянскага ягнання. Як толькі не называлі старажытны Віцебск: Відбеск, Відебеск, Віцепеск, Віцьбеск. 21.by

Горад славянскага ягнання. Як толькі не называлі старажытны Віцебск: Відбеск, Відебеск, Віцепеск, Віцьбеск

23.10.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 Горад славянскага ягнання. 
Як толькі не называлі старажытны Віцебск: Відбеск, Відебеск, Віцепеск, Віцьбеск...

Горад княгіні Вольгі, радзіма Марка Шагала, паўночная культурная сталіца Беларусі. Па афіцыйнай версіі, гораду 1036 год. Згодна з Дзяржаўным спісам гісторыка-культурных каштоўнасцей, у Віцебску захавалася 233 аб’екты, якія ўяўляюць выключную каштоўнасць для будучых пакаленняў. Помнікі архітэктуры, археалогіі, гісторыі, культуры перажылі ліхалецці, войны, бачылі росквіт і падзенне, зараз актыўна аднаўляюцца дзякуючы клопату мясцовай мэрыі і абласных улад...

Абарончы пояс

Сёння пра старажытныя замкі ў Віцебску нагадвае вуліца Замкавая, што вядзе ад Кіраўскага моста да плошчы Свабоды і Летняга амфітэатра. Але яшчэ два стагоддзі таму назад цэнтр Віцебска вылучаўся крутым узвышэннем, падобным на ўсечаную піраміду. Першыя археалагічныя раскопкі старажытнага горада праводзіліся менавіта на Замкавай гары ў канцы ХІХ стагоддзя. Тэрыторыя гістарычнага цэнтра — гэта сістэма трох віцебскіх замкаў. Верхні замак будаваўся ўздоўж вусця Віцьбы, Ніжні далучаўся да Верхняга паўночнай часткай (там, дзе зараз царква Дабравешчання). Узвядзенне мураванага абарончага пояса вакол горада пачалося ў першай палове XIV стагоддзя, падчас праўлення князя Альгерда і яго жонкі Ульяніі. З гэтымі імёнамі звязаны росквіт віцебскіх зямель. Сёння пра віцебскія замкі нагадвае створаная стылізаваная вежа Духаўскі круглік, якая арганічна мяжуе з галоўнай арэнай “Славянскага базару ў Віцебску”. Гістарычны аб’ект належыць цэнтру культуры “Віцебск”.

Сабор 45 метраў вышынёй

Мастацтвазнаўцы гавораць, што архітэктар Успенскага сабора Юзаф Фантана практычна паўтарыў формы вядомага касцёла святых Амброджыа і Карла на вуліцы Корса ў Рыме, пабудаванага ў XVII стагоддзі. Віцебскі сабор будаваўся пазней, з 1743-га да канца 1770-х гадоў. 26 верасня 1998 года Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ асвяціў закладны камень на месцы аднаўлення Свята-Успенскага сабора. У бліжэйшы час адбудзецца ўрачыстае адкрыццё адноўленага храма.

Ехалі славяне на базар...

У Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” багатая гісторыя, сусветная геаграфія — 65 краін-удзельніц. Летні амфітэатр не мае аналагаў ва ўсёй Еўропе. У ім больш за 6 тысяч месцаў для гледачоў. Па тэхнічнаму абсталяванню амфітэатр адпавядае ўсім навейшым патрабаванням сучасных шоу-праграм. У 2011 годзе пройдзе ХХ, юбілейны фестываль, канцэпцыя якога застаецца нязменнай: праз мастацтва — да міру і згоды.

Уваскрэсенне святыні

Царква Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы з’яўляецца старажытнейшым помнікам на Беларусі ХІІ стагоддзя. У 20-я гады ХХ стагоддзя храм неабходна было рамантаваць, сырасць і холад нішчылі насценны жывапіс. Але прыбудову да Дабравешчанскай царквы перадалі пад інтэрнат кааператыўнага тэхнікума, а сам будынак ператварылі ў сховішча для збожжа. У студзені 1961 года савецкія ўлады царкву ўзарвалі. Праз 30 гадоў на рэштках сапраўднага падмурка ХІІ стагоддзя царкву пачалі аднаўляць. 1998 год лічыцца годам новага нараджэння старажытнага помніка на беразе Заходняй Дзвіны ў Віцебску.

Ратуша — час дакладны

Ва ўсе часы віцебская ратуша лічылася візітоўкай, сімвалам Віцебска. Першая ратуша была драўляная, узведзена ў 1597 годзе пасля атрымання горадам Магдэбургскага права. З тых часоў ратуша заўсёды заставалася архітэктурнай дамінантай горада. У 1775 годзе была пабудавана мураваная, у якой спалучаліся рысы барока і класіцызму. У 1833 годзе ў верхнім ярусе ўстанавілі гадзіннік. Падчас Вялікай Айчыннай вайны верхняя частка ратушы была разбурана разам з гадзіннікам. Але пасля вайны па гадзінніку на ратушы многія гараджане звяраюць свой час. З 1924 года тут знаходзіцца Віцебскі абласны краязнаўчы музей, у фондах якога захоўваецца больш за 200 тысяч экспанатаў. Сярод іх унікальная берасцяная грамата XIII стагоддзя, срэбны рыцарскі пояс і кларнет XVII стагоддзя.

Мастак усіх часоў і народаў

Віцебск далёка ў свеце ведаюць як радзіму Марка Шагала. Госці горада звычайна наведваюць дом-музей Марка Шагала на вуліцы Пакроўскай і Арт-цэнтр на Успенскай горцы. Тут сабрана калекцыя графікі мастака: літаграфіі, ксілаграфіі, афорты — усяго 300 штук. Унікальная серыя ілюстрацый да паэмы М.Гогаля “Мёртвыя душы” была падорана гораду 10 гадоў назад унучкамі Шагала. Значную частку свайго жыцця Шагал пражыў у Францыі. Яго жывапіс, роспісы “Гранд-Опера” ў Парыжы, вітражы ў храмах Майнца, Цюрыха, Цьюдлі (Англія), мазаіка для Нацыянальнай бібліятэкі ў Чыкага прызнаны геніяльным мастацтвам ХХ стагоддзя.

Прагулка па Узгор’ю

Непаўторныя ландшафты Віцебска з’яўляюцца прыроднай славутасцю горада. Маляўнічыя берагі Заходняй Дзвіны, Лучосы і Віцьбы надаюць гарадскім вуліцам асаблівы каларыт. Ёсць у цэнтры горада старажытная Успенская горка, тэрыторыя, якую даўней называлі Узгор’ем. У сярэдневеччы тут быў астрог, жылі кавалі і шклавальшчыкі. Зараз гэта вуліца Суворава, паступова яна становіцца пешаходнай. Адноўлена ўзарваная ў 1936 годзе Свята-Уваскрасенская царква на былой Рынкавай плошчы. Традыцыі віленскага барока, тонкія лініі і формы, багаты дэкор фасадаў будынка адноўлены дзякуючы архітэктару Ігару Роцьку. Кульмінацыяй забудовы Узгор’я стаў Губернатарскі палац, пабудаваны ў апошняй чвэрці XVIIІ стагоддзя. У 1812 годзе ў палацы знаходзіўся штаб Напалеона. У 1853—1954 гадах віцэ-губернатарам быў рускі пісьменнік Іван Лажэчнікаў. У цэнтры сквера насупраць палаца амаль сто гадоў назад устаноўлены помнік героям Айчыннай вайны 1812 года.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Горад княгіні Вольгі, радзіма Марка Шагала, паўночная культурная сталіца Беларусі.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика