Анісімаў на плошчы Багушэвіча. 21.by

Анісімаў на плошчы Багушэвіча

01.11.2010 12:05 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Музычным тэатры — чарговая яркая падзея. Цэнтр музычна-тэатральнага жыцця ўсё мацней зрушваецца з Траецкай гары ў бок плошчы Багушэвіча (былой Клары Цэткін).

У Нацыянальным тэатры оперы і балета ўсё вельмі дзелавіта: былыя міністэрскія чыноўнікі ў кіроўных крэслах, прыезджы галоўны рэжысёр і галоўны дырыжор (абодва без харызмы), дысцыпліна, парадак, усё прэм’еры выпускаюцца ў належны тэрмін. Іх запрасілі і сказалі: «Зрабіце нам прыгожа!» Вось яны і робяць… прафесійна, але без натхнення. Нічога асабістага — проста праца.

У Музычным тэатры, здавалася б, тое самае — шмат працы, шмат прэм’ер, — але ёсць гарачы запал, жаданне спрабаваць сілы ў розных жанрах і прыцягваць у сваю каманду як мага больш таленавітых людзей.

Цяпер Музычны тэатр жыве як бы ў двух часавых вымярэннях. З аднаго боку, адбываюцца пастаноўкі, закладзеныя ў план яшчэ Ісаевым (у нас, як вядома, ад плану нікуды не падзенешся). Часам гэта атрымліваецца ўдала («Аднойчы ў Чыкага» ў пастаноўцы Сусаны Цырук), часам цалкам правальна («Мая жонка ілгуння»).

Але і поспехі, і паразы даказваюць адно: савецкая музычная камедыя памерла. І ісці трэба зусім іншым шляхам. Ставіць мюзіклы. Або класічныя аперэты, якія трэба папярэдне ачысціць ад пахабных савецкіх напластаванняў. Або папулярныя оперы ў сучаснай, свежай пастаноўцы. Плюс яркія, «неакадэмічныя» балеты, накшталт узноўленага нядаўна «Мефіста».

Але як гэта зрабіць, калі тэатр першапачаткова быў заточаны пад савецкую музычную камедыю, а былы адыёзны мастацкі кіраўнік спадар Ісаеў яшчэ і свядома вынішчаў любыя парасткі чагосьці іншага?

Цяпер на нашых вачах гэтыя парасткі ператвараюцца ў магутныя і прыгожыя дрэвы, і гэта вар’яцкі цікава. Тэатр відавочна мае досыць бяздарнай, спехам аранжыраванай музыкі і прымітыўных лібрэта. Ён хоча сапраўднай музыкі і сапраўдных пачуццяў.

І першай прыступкай тут стаў праект, ініцыяваны новым кіраўніцтвам, — «Музычныя вечары з Аляксандрам Анісімавым».

Аляксандр Анісімаў

Хармайстар Музычнага тэатра Святлана Пятрова (злева) і Аксана Волкава. Фота Ю.Андрэевай

Аксана Волкава

Першы такі вечар адбыўся 9 чэрвеня і прайшоў з велічэзным поспехам. Другі — «Італьянскае капрыча» — мае быць 4 лістапада. Гэтым разам у ім удзельнічае не толькі аркестр Музычнага тэатра, але і хор. Якое шчасце для музыкантаў і харыстаў, якіх «рускі фантом» Ісаеў прысудзіў да вечнай катаргі ў выглядзе «Бабінага бунту»!

У канцэрце 9 чэрвеня аркестр Музычнага тэатра выконваў «Поры году» Вівальдзі з салісткай скрыпачкай Юліяй Стэфановіч, сімфанічнае скерца Поля Дзюка «Вучань чарадзея» і балетную музыку з французскіх опер. Цяперака маэстра Анісімаў пераключаецца амаль на «чыстую» оперу. Адзіны сімфанічны твор, што прагучыць, — «Італьянскае капрыча» Чайкоўскага. Яркая, «шлягерная» рэч, якую кожны ведае на слых. У дадатак да «італьянскага» Чайкоўскага будуць фрагменты з опер «Яўген Анегін» і «Пікавая дама», напісаных кампазітарам амаль суцэльна ў Італіі.

У другім аддзяленні будзе гучаць італьянская музыка з дамешкам «французшчыны» — знакамітай баркаролы з оперы Афенбаха «Казкі Гофмана». «Нябёсная» музыка спецыяльна для дзвюх цудоўных спявачак, што ўдзельнічаюць у канцэрце.

Гэта, па-першае, выпускніца Беларускай акадэміі музыкі, лаўрэат шматлікіх конкурсаў, салістка Вялікага тэатра оперы і балета ў Мінску і Маскве, меца-сапрана Аксана Волкава. Па-другое, вядучая салістка Пермскай оперы, сапрана Ірына Крыкунова.

Вы спытаецеся, чаму б замест Крыкуновай не запрасіць беларускую спявачку? Як патлумачыў спадар Анісімаў, оперныя спевакі ў нашай краіне — людзі паднявольныя, і кіраўніцтва тэатра можа нечакана «сарваць» іх з канцэрта, хоць графік рэпетыцый і спектакляў сёлета распісаны да канца сезона.

Аксану Волкаву «адрэгуляваць» не ўдаецца толькі таму, што яе кар’ера выйшла за межы Беларусі. Паралельна з рэпетыцыямі ў Анісімава яна ездзіць у Маскву на рэпетыцыі «Царскай нявесты». Аднак дамовіцца з ёй і з Крыкуновай, якая шчыльна занятая ў Пярмі, было прасцей, чым са спявачкамі, якія стабільна знаходзяцца ў Мінску. Можа, таму, што цяперашняе кіраўніцтва нашай оперы спадара Анісімава не надта прывячае? Як і іншых высокапрафесійных беларускіх дырыжораў — Андрэя Галанава і Алега Лесуна. Здавалася б, у оперы яны болей патрэбныя, але супрацоўнічаюць сёння з Музычным тэатрам.

…Што ж датычыць спявачак, дык абедзве яны ў канцэрце будуць выконваць «арыі найвышэйшага пілатажу». Крыкунова — каватыну Нормы «Casta Diva» з галавакружна цяжкай стрэтай, якую савецкія сапрана ніколі не спявалі. Волкава — арыю Арзачэ з оперы Расіні «Семіраміда». Свае яркія моманты будуць і ў хора. Прыходзьце, паслухайце, вечар абяцае быць цікавым!

Падзяліцца навіной: 
Юлія Андрэева

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Музычным тэатры — чарговая яркая падзея. Цэнтр музычна-тэатральнага жыцця ўсё мацней зрушваецца з Траецкай гары ў бок плошчы Багушэвіча (былой Клары...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика