Падарожжа ў прасторы i часе. 21.by

Падарожжа ў прасторы i часе

24.11.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Для Тамары Фiлiпповiч зыходным пунктам у iм сталi старажытныя Ашмяны

Лiтаратурай па краязнаўстве сёння нiкога асаблiва не здзiвiш, але «Падарожжа па ашмянскаму краю» Тамары Фiлiпповiч — кнiга асаблiвая. Дакладней, i не кнiга гэта ў яе традыцыйным разуменнi, а фотаальбом. Адметнасць яго ўжо ў тым, што паспяхова ажыццявiлася першая ў беларускiм кнiгавыданнi спроба паказаць усё хараство гiстарычных мясцiн i прыроды цэлага рэгiёна Беларусi, а Ашмянскi павет, як вядома, у ХVI—ХХ стагоддзях ахоплiваў вялiкую тэрыторыю, што сёння «падзялiлi» мiж сабой некалькi раёнаў заходняй часткi нашай краiны, у прыватнасцi Астравецкi, Ашмянскi i Смаргонскi, ды iншыя.

Аднак «Падарожжа па ашмянскаму краю» з шэрагу выданняў краязнаўчай тэматыкi вылучаецца не толькi гэтым. Сёння больш не напаткаеш такога фотаальбома, аўтарам якога з’яўляўся б не проста чалавек, якi па-сапраўднаму захоплены нацыянальнай даўнiной, а кiраўнiк прадпрыемства, да ўсяго грамадскi дзеяч. А менавiта такая яна, Тамара Фiлiпповiч. Тамара Уладзiмiраўна больш за 30 гадоў з’яўляецца дырэктарам ААТ «Ашмянскi мясакамбiнат», двойчы выбiралася членам Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, ёй прысвоена званне ганаровага грамадзянiна Ашмян.

Што да захаплення, то Т. Фiлiпповiч, па сутнасцi, увесь вольны час не развiтваецца з фотаапаратам. Апроч таго, цiкавiцца гiсторыяй краю, якi для яе стаў родным, аб чым прызнаецца ў невялiкiм уступе «Ад аўтара»: «Маё дзяцiнства i юнацтва прайшлi ва Украiне. Але, калi меркаваць па прозвiшчы, я, прыехаўшы ў Беларусь, вярнулася на радзiму сваiх продкаў. Магчыма, менавiта таму мяне вельмi цiкавiць гiсторыя краю, дзе праляцела значная частка майго жыцця, мяне захапляюць яго цудоўныя краявiды».

Т. Фiлiпповiч зроблены сотнi здымкаў (зразумела, што з-за абмежаванасцi аб’ёму ў альбом трапiлi толькi нямногiя з iх), якiя з’яўляюцца сапраўднымi творамi мастацтва i дазваляюць, кажучы словамi самога аўтара альбома, «разам рушыць у падарожжа па прыгожых i багатых на гiсторыю пуцявiнах невялiкай часткi нашай Радзiмы».

Аднак гэта не толькi падарожжа ў прасторы, але адначасова вандроўка i ў часе, бо здымкi, выкананыя Т. Фiлiпповiч, дапаўняюцца iлюстрацыямi з iншых выданняў. Адно з iх — кнiга вядомага гiсторыка, краязнаўцы, дарэчы, ураджэнца вёскi Паляны (цяперашняга Ашмянскага раёна) Чэслава Янкоўскага «Ашмянскi павет. Матэрыялы да гiсторыi зямлi i людзей», што выйшла ў Санкт-Пецярбургу ў 1897 годзе на польскай мове i, зразумела, даўно стала бiблiяграфiчнай рэдкасцю.

Адлiкам жа гэтага падарожжа ў прасторы i часе ўзяты самi Ашмяны. Пра iх Т. Фiлiпповiч, дарэчы, як i пра iншыя населеныя пункты, куды дзякуючы фотаальбому ўдасца трапiць, сама ж i расказвае — лаканiчна, з выкладаннем рэдкiх фактаў. Скажам, цiкава будзе даведацца, што Ашмяны — адно з самых даўнiх паселiшчаў на тэрыторыi Беларусi (вядома яшчэ з 1040 года), у старажытнасцi яго называлi Ашмяна, з нацiскам на апошнiм складзе. Мiж iншым, многiя мясцовыя жыхары i зараз называюць свой горад так.

Першы ж прыпынак у гэтай дарозе, што пралягае па колiшнiм Ашмянскiм павеце, — Гальшаны. Цяпер вёска, а пры князях Гальшанскiх — цэнтр удзельнага княства ў складзе Вялiкага княства Лiтоўскага. Аднак тут застаўся напамiнак аб iх наступных уладальнiках — рэшткi палацава-замкавага комплексу на ўскраiне Гальшан, пабудаванага ў першай палове ХVII стагоддзя як рэзiдэнцыя Сапегаў. Ёсць у Гальшанах i культавыя помнiкi.

Гартаеш старонкi альбома далей i, напаткаўшы чарговы населены пункт, абавязкова стараешся блiжэй пазнаёмiцца з iм, атрымаўшы для сябе пэўную iнфармацыю, а галоўнае... Галоўнае — усё ж здымкi. Калi ўзятыя з iншых выданняў, а таксама з архiва царквы вёскi Лоск Валожынскага раёна i з Ашмянскага краязнаўчага музея iмя Францiшка Багушэвiча, надаюць як бы гiстарычную падсветку таму, пра што расказваецца, то сама Т. Фiлiпповiч дзякуючы свайму ўменню адчуваць i заўважаць сучаснасць у яе цеснай лучнасцi з мiнулым выбiрае такiя ракурсы, што ад таго цi iншага сюжэта доўга не можаш адарвацца.

Алесь МАРЦIНОВIЧ, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для Тамары Фiлiпповiч зыходным пунктам у iм сталi старажытныя Ашмяны
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика