Уладзімір Някляеў — адзін з лепшых сучасных паэтаў. Лішнім доказам гэтага стаў той тыдзень перад новым годам, калі грамадства не ведала, дзе спецслужбы трымаюць экс-кандыдата ў прэзідэнты.
Дзесяткі беларускіх і замежных літаратараў выказаліся ў яго падтрымку і запатрабавалі вызваліць Някляева. Іх імёны гавораць самі за сябе і за зняволенага паэта: Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Святлана Алексіевіч, Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Лявон Вольскі, Анатоль Вярцінскі, Алесь Пашкевіч, Андрэй Хадановіч, Леанід Дранько-Майсюк, Барыс Васільеў, Аляксандр Гельман, Віктар Ерафееў, Леанід Жухавіцкі, Кірыл Кавальджы, Валеры Папоў, Эдуард Успенскі, Сяргей Філатаў і іншыя.
«Людзі, якія ўздымаюць руку на ўласных паэтаў, <…> не разумеюць нават, што яны паднімаюць руку на сумленне ўласнага народа, уласнай нацыі, на ўласную мову, на ўласную культуру… Уладзімір Някляеў, якога падверглі жорсткаму збіццю, бо ён так кахаў Беларусь... І усё жыццё яго было гэтаму прысвечанае, усе яго вершы. Ён — адзін з лепшых, найбуйнейшых беларускіх паэта», — казаў у эфіры расійскага Першага канала Яўген Яўтушэнка.
Паказальна, што і да прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года паэзія і проза Уладзіміра Някляева займала замалое месца ў жыцці беларусаў, перадусім праз штучныя перашкоды з боку уладаў. Зараз жа для беларускага грамадства стала яшчэ больш рэальнай небясьпека татальнага прымусовага дэфіцыту яго кніг на неакрэслена працяглы час.
У адпаведнасці са школьнай праграмай па беларускай літаратуры, творы Уладзіміра Някляева «не праходзяць» ужо даўно. Як распавёў настаўнік адной з сярэдніх школ Мінска, «творчасць Някляева сустракаецца часам у выглядзе чатырохрадкоўяў у падручніках беларускай мовы — літары ўставіць або знакі пунктуацыі правільна расставіць». Аднак, са слоў настаўніка, «Выбранае» з паэзіі Някляева ўсё ж можна знайсці ў некаторых школьных бібліятэках.
Ва ўніверсітэцкізх праграмах творчасць Някляева прысутнічае. Але, як распавялі на кафедры беларускай літаратуры і культуры філалагічнага факультэта БДУ, «Някляеў ёсць у праграме, але яго могуць і не праходзіць. Гэта залежыць ад жадання выкладчыка. Могуць яго праходзіць на лекцыях, могуць перанесці ў семінары ці пакінуць для самастойнага чытання, а могуць наогул не праходзіць. Гэта іх права, тым больш, што ўсіх, хто ёсць ў праграме, прайсці усё роўна нерэальна».
На жаль, ужо зараз кнігі Ўладзіміра Някляева амаль нерэальна купіць у беларускіх кнігарнях. У адных стрымана кажуць: «Усё распрадалі, наклады скончыліся, ці будуць іншыя — невядома, але малаверагодна». У іншых, перапытваючы, ці той гэта Некляеў, што ў «прэзідэнты падаўся», гавораць катэгарычна: «Такога — няма. І не будзе. І не шукайце — усё роўна не знойдзеце».
Але мне ўсё ж удалося іх знайсці.
Яшчэ месяц таму новы зборнік Някляева «Акно» быў у продажы ў некалькіх крамах. Зараз я знайшла яго толькі ў мінскай «Акадэмкнізе». Наяўнасць твоарў Някляева падцвердзілі яшчэ ў Цэнтральнай кнігарні: там ёсць аўдыёкніжка «Шлях» — са слоў супрацоўніцы крамы, «нарыс, які чытае сам Някляеў».
Замовіць кнігі Някляева можна ў некалькіх інтэрнэт-крамах, ды і тое не ва ўсіх. Напрыклад, зборнік «Акно» ёсць SetBook.by, Oz.by і «Кніжны шэраг».
Трохі лепшая карціна ў бібліятэках. «Някляева» там, дзякуй Богу, шмат. У шырокім асартыменце яго творы прадстаўленыя ў Нацыянальнай бібліятэцы і ў Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна. У іншых бібліятэках творчасць Някляева прадстаўлена пераважна «Выбраным», часам можна знайсці «Галубіную пошту», «Наскрозь», «Дрэва болю», «Прошчу».
У эфіры беларускіх FM-радыёстанцый яшчэ гучаць песні на словы Някляева, і, паводле сцвярджэння кіраўніцтва большасці з іх, ніякай забароны на запуск у эфір такіх песень няма. Як распавялі ў рэдакцыі «Радыюс-FM», «калі якая-небудзь песня не ідзе ў эфір, то гэта проста значыць, што яна, напрыклад, не карыстаецца папулярнасцю».
На Радыё Юністар распавялі, што статыстыку аўтарства песень не вядуць, а пра забароны на песні са словамі Някляева не чулі. На радыё «Сталіца», Радыё Бі-Эй і «Пілот-FM» сцвярджаюць, што ніякіх афіцыйных забаронаў няма. Але хто зараз можа з упэўненасцю казаць, што такая забарона — зразумела, не на паперы, а ў вуснай форме — не паступіць са дня на дзень?
Махавік пераследу ў нашай краіне працягвае раскручвацца, і не дзіва, што ў ліку першых ахвяр — паэзія.
Мітынговыя вуліцы, поўныя лютасцю плошчы Я пакіну аднойчы і рушу да возера Прошчы, Што сінее на роднай зямлі васільком на радне І царкву са званіцай ашчадна хавае на дне.
Па збалелай дарозе з камянём непазбыўнай віны Я ўвайду ў тое возера і разгайдаю званы, І, аблашчаны Прошчай, за ўсіх, каго проста люблю, Памалюся, паплачу і свечку ў царкве запалю.
Залацістаю рыбай да берага свечка сплыве, Залацістай змяёю слізне па шчаслівай траве, І пчалой залатою паляціць над палямі яна, Над вадой, над зямлёю; якая ва ўсіх нас адна.
Аднакрылую свечку з царквы, што ўсплывае са дна, Мне над возерам прошчы трымаць ад цямна да відна, Вакол возера бераг адзін, і нікуды з яго, Як бы мы ні штурхаліся — не спіхнуць нам адзін аднаго.
Як бы мы ні шалелі ў натоўпах ад лютых страсцей, Паміж намі нямашака прышлых, нязваных гасцей, Толькі мы паміж намі — І нам не над прорваю жыць, А над Прошчаю жыць, Так нядоўга, як свечка гарыць.
Уладзімір Някляеў, урывак з паэмы «Прошча», 1993-1995