Вечна малады
29.01.2011
—
Новости Культуры
|
Заўтра народнаму пісьменніку Івану Шамякіну споўнілася б дзевяноста. Дзеці, унукі, любімае аўто, лецішча, дзе бавіла сонечныя дзянькі ўся сям'я… Гартаючы альбом дынастыі Шамякіных, міжволі радасна ўсміхаешся. Перад тваімі вачыма пралятае цэлае жыццё светлага і таленавітага чалавека. Дачка пісьменніка Таццяна Іванаўна Шамякіна расказала карэспандэнту “НГ”, якім быў яе знакаміты бацька. Ён шкадаваў сваіх герояў — Я добра памятаю бацьку маладым — надзвычай жыццярадасным, заўсёды вясёлым, жартаўлівым. Мне цяжка ўспамінаць бацьку ў канцы яго жыцця. Ён прама гаварыў, што гэта “не яго час”. Прытым, што працягваў актыўна працаваць, — распавядае Таццяна Іванаўна.Іван Шамякін — адзін з любімых аўтараў менавіта простага чалавека. І героі яго аповесцей “Помста”, “Гандлярка і паэт”, “Ахвяры”, раманаў “Глыбокая плынь”, “Снежныя зімы”, “Сэрца на далоні”, пенталогіі “Трывожнае шчаcце” людзі простыя.— Яшчэ і сёння я сустракаю шмат людзей самых розных прафесій, якія гавораць: “З беларускіх аўтараў люблю толькі Шамякіна і Караткевіча”, або “Па-беларуску чытаў толькі Шамякіна”. Шамякін — выдатны майстар сюжэта, і калі не было на тэлебачанні шматлікіх серыялаў, ён задавальняў патрэбу шырокага чытача менавіта ў веданні складаных жыццёвых перыпетый, драматычных чалавечых стасункаў. Для яго характэрны некаторы сентыментальны пафас (любоў да чалавека, шкадаванне яго), але з адначасовым трохі іранічным стаўленнем да сваёй сентыментальнасці, і гэта стварала ўнікальны, толькі яму аднаму ўласцівы мастацкі стыль, — разважае Таццяна Іванаўна.Калі сёння згадваеш беларускую мастацкую літаратуру 90-х гадоў мінулага стагоддзя, то аказваецца, што менавіта аповесці Шамякіна стварылі сапраўдны вобраз у поўным сэнсе слова жахлівага часу. Іншым аўтарам гэтага не ўдалося. Але позірк Шамякіна на чалавека, на свет тут зусім іншы, чым у папярэдні перыяд яго творчасці, — больш песімістычны. Варта толькі ўзгадаць “Сатанінскі тур”, “Адна на падмостках”, “Выкармак”... Мой дом — мая крэпасць — Настрой у бацькі ў той час быў цяжкі. І справа зусім не ў тым, што ён згубіў усе грошы (мільёны людзей іх згубілі), а ў тым, што ён страціў адзінага сына — майго роднага брата Сашу. А ў 1998 годзе пасля цяжкай хваробы памерла і мама. Падчас яе хваробы бацька яшчэ раз паказаў сваю дабрыню і чуласць, усе выдатныя ўласцівасці свайго характару. Усё жыццё ён літаральна абагаўляў жонку. Калі яна хварэла, ён, сам ужо з хворымі нагамі, кожны дзень абавязкова ездзіў на аўтобусе праз увесь горад да яе ў бальніцу. Дзякуючы яго любові і ўвазе мама пратрымалася ўдвая больш часу, чым прарочылі ўрачы. Усе сябры-пісьменнікі зайздросцілі Івану Пятровічу, які меў такую жонку. Справа ў тым, што яна была і яго сакратаром.— Мама мела дзве адукацыі: сярэднюю медыцынскую і вышэйшую філалагічную (ужо маючы трое дзяцей, у 50-я гады закончыла філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута, атрымаўшы дыплом з адзнакай). Мама па некалькі разоў перадрукоўвала кожны бацькаў твор, чытала карэктуры, адказвала на лісты чытачоў. У бацькі была своеасаблівасць у манеры пісання. Ён пісаў правай рукою, але падтрымліваў яе левай. Левая як бы падганяла правую, дапамагала ёй. А пісаў ён заўсёды аўтаручкай, запраўленай чарнілам. Сам не друкаваў на машынцы і не перакладаў тым больш, не валодаў камп’ютарам. Магчыма, ён меў рацыю: падчас пісання ручкай лепш працуе мозг, ёсць магчымасць абдумвання, — расказвае Таццяна Іванаўна. — Нас у бацькоў было чацвёра: дзве сястры, я і брат Саша. Старэйшая сястра нарадзілася ў 1941 годзе, калі толькі пачалася вайна, і бацька ўжо быў на фронце — на Поўначы, пад Мурманскам. Сам Шамякін лічыў, што яму надзвычай пашанцавала ў жыцці з маці, з жонкай, з сябрамі, з дзецьмі і ўнукамі. Уся творчая інтэлігенцыя не толькі Беларусі, але і Савецкага Саюза ведала пра яго шчырае чалавечае сяброўства з драматургам Андрэем Макаёнкам. Макаёнак валодаў спецыфічна камедыйным талентам, надзвычай рэдкім для творчага чалавека. Яго камедыі ў 60—70-я гады ішлі ледзь не ва ўсіх тэатрах СССР. Гэта быў ва ўсіх сэнсах таленавіты чалавек: выдатны акцёр, мастак — цудоўна маляваў, выразаў па дрэве. Праз пакаленні Абедзве сястры Таццяны Іванаўны, як і яна, філолагі. Старэйшая Ліна скончыла лінгвістычны ўніверсітэт, была ў Францыі, дзе сустракалася, між іншым, з Пікаса. Выкладала французскую і нямецкую мовы ў розных навучальных установах. Цяпер на пенсіі. Яе сын Аляксей па адукацыі гісторык. Малодшая сястра Алеся скончыла філалагічны факультэт БДУ, кандыдат філалагічных навук, працуе ў Інстытуце мовы і літаратуры імя Я.Коласа і Я.Купалы НАН Беларусі. Бярэ самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы збору твораў Івана Шамякіна ў 23 тамах, які, па замове ўрада, рыхтуе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.— Наш брат Саша быў геолагам, непасрэдна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы будаўніцтва Мінскага метро. Памёр раптоўна, у сне, зусім маладым. Пасля яго смерці жыццё для бацькоў у многім згубіла сэнс, — кажа Таццяна Іванаўна. — Алеся Іванаўна са сваёй сям’ёй засталася жыць з бацькамі, калі мы ўсе раз’ехаліся па сваіх кватэрах, таму ў яе захоўваецца архіў бацькі. Нядаўна выйшаў вялікі том успамінаў пра Шамякіна, падрыхтаваны Алесяй Іванаўнай. Энцыклапедыя жыцця і... бульбы Шамякін прайшоў усю вайну, дайшоў да Берліна. Ён, яго сябра Андрэй Макаёнак, сябры і суседзі Іван Мележ, Іван Навуменка, Янка Брыль — незвычайнае пакаленне, пакаленне пераможцаў, людзей, якія адчувалі, што сваю галоўную справу ў жыцці яны зрабілі годна — перамаглі фашызм.— Самаадчуванне гэтых людзей, якое своеасабліва выявілася ў іх выдатных мастацкіх творах, яшчэ не стала прадметам пільнай увагі, аналізу. Вывучаем, паказваем па тэлебачанні пустых, нікчэмных людзей, заклапочаных толькі асабістым поспехам, не заўважаючы, не памятаючы па-сапраўднаму значных асоб, гонар нацыі, — лічыць дачка народнага пісьменніка.Іван Пятровіч быў перш за ўсё вельмі добрым чалавекам. Гэта адзначаюць усе, хто ведаў яго. Незласлівым, мяккім па характары. Можа, часам залішне мяккім, можа, на працы ці ў побытавай сферы варта было б быць і больш цвёрдым. — Мне здаецца, што яго стаўленне да людзей, да жыцця ў большасці выпадкаў апраўдвала сябе, — узгадвае Таццяна Іванаўна. — Майго бацьку было лёгка расчуліць, ён заўсёды шчыра адгукаўся на чалавечы боль, няшчасце. Таму шмат дапамагаў людзям. Ужо напрыканцы жыцця ганарыўся тым, што адных кватэр, калі быў першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі, “выбіў” для пісьменнікаў і нават іх дзяцей каля двухсот. На працягу дзесяці гадоў ён, ужо акадэмік АН БССР, кіраваў выдавецтвам “Беларуская дзяржаўная энцыклапедыя”. Стварэнне энцыклапедый — надзвычай адказная і карпатлівая справа. Але пры Шамякіне не было ніякіх аўралаў, гвалту, уціску, усё ішло вельмі спакойна і мэтанакіравана.... Мы п’ём гарбату, разглядаючы фотаздымкі. Вочы Таццяны Іванаўны напаўняюцца светлым сумам.— Што вы не паспелі сказаць свайму бацьку? — пытаюся я. — Ведаеце, мы з ім былі сапраўднымі сябрамі, блізкімі людзьмі... Я сказала б тое, што казала неаднойчы. Я сказала б, як яго люблю... Даведка “НГ” Таццяна Іванаўна Шамякіна — доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мае каля 400 публікацый па літаратуразнаўству, гісторыі сусветнай культуры, фалькларыстыцы, міфалогіі. Акрамя навуковых друкуе крытычныя артыкулы, эсэ, мемуарную прозу. З 1982 года — член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Падрыхтавала зборнік сваіх артыкулаў пра Івана Шамякіна. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заўтра народнаму пісьменніку Івану Шамякіну споўнілася б дзевяноста. |
|