КРОПКА НА КАРЦЕ. Вам цікава, адкуль пайшла назва вашай вёскі альбо возера, дзе вы купаліся з сябрамі ўлетку?
11.02.2011
—
Новости Культуры
|
Дасылайце свае пытанні на адрас рэдакцыі. На ўсе іх адкажа вучоны сакратар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ. Праязджаючы па Мінскім раёне, заўважыў назву вёскі Дафарэнцыя, гэта дзесьці на тэрыторыі Папярнянскага сельсавета. Стала цікава, адкуль яна пайшла? Тут яўна чуецца замежнае паходжанне.Мікалай Пятровіч, МінскНазва вёскі мае мясцовыя варыянты Дыфаранцыя, Дэфарэнцыя, па-руску доўгі час пісалася Дифференция. Паводле адной з легенд, адзін з прадстаўнікоў знакамітага роду Вялікага Княства Літоўскага граф Тышкевіч, які ў сямідзесятыя гады XIX стагоддзя меў маёнтак пад Астрашыцкім Гарадком, выпісаў з Аўстрыі для сваёй сям’і лекара-венгра па імені Феранц. Доктар аказаўся надзвычай адукаваным, добрай душы чалавекам: ён лячыў не толькі сям’ю графа, але дапамагаў усім жыхарам навакольных вёсак і мястэчак. Праз пэўны час Феранц купіў, а можа, атрымаў у падарунак ад сваіх вяльможных пацыентаў маёнтак, дзе абсталяваў аптэку і амбулаторыю. Доўгі час Феранц заставаўся адзіным на ўсю акругу лекарам, яго імя станавілася з кожным годам усё больш і больш папулярным, да яго звярталіся людзі не толькі з суседніх, але і з аддаленых воласцей. Таму, хто цяжка захварэў, звычайна раілі: “Ты б да Феранца схадзіў” або пыталіся: “Да Феранца вазілі?”. Пасля смерці лекара, каб не было напаміну пра знакамітага доктара, яго канкурэнты-знахары спалілі маёнтак, аптэку і лабараторыю. Але памяць засталася ў назве таго месца — Дафарэнцыя.Паводле другой легенды, у гэтых мясцінах жыў француз Франс, які застаўся тут пасля вайны з Напалеонам 1812 года. Француз гэты быў знакамітым цырульнікам, і ўсе людзі з навакольных вёсак звярталіся да яго. А месца, дзе ён жыў, з часам стала звацца Дафарэнцыя, або Дэфарэнцыя.Ёсць падставы дапусціць, што назву сваю вёска Дафарэнцыя атрымала ў часы Рэчы Паспалітай і абавязана сваім найменнем слову польскай мовы deferencyja, якое ў польскую мову прыйшло з лацінскай. У польскай мове слова дэферэнцыя мела значэнне ‘неплацеж падатку’ або ‘плацеж меншай колькасці падатку’. Верагодна, што ў гэтым паселішчы жылі людзі, якія па пэўных прычынах мелі паслабленні ў плане падаткаў і выкананні служб. Часта адпачываю з роднымі ў Браслаўскім раёне: вельмі ж шмат там азёр! Зацікавіла назва аднаго з іх — Сіта. Цікава, можа, яна неяк звязана з выразам “насіць ваду сітам”, а можа, на назву паўплывала суседства возера з Латвіяй?Таццяна КАЦАК, ПаставыНазвы водных аб’ектаў Беларусі адносяцца да найбольш старажытных геаграфічных найменняў, паколькі людзі ў мінулым у першую чаргу сяліліся па берагах рэк і азёр. Таму па назвах азёр можна вывучаць многія з’явы мінуўшчыны, у тым ліку і складаныя этнічныя працэсы, якія адбываліся на нашых землях.Месцазнаходжанне возера і яго старажытны характар даюць падставы меркаваць, што яго назва ўзнікла яшчэ задоўга да прыходу на беларускія землі славян і, хутчэй за ўсё, мае балцкае паходжанне, як і большасць гідронімаў гэтага рэгіёна. Так, у літоўскай мове слова Sietuva абазначае “глыбіня, бездань”. Сапраўды, возера месцамі мае глыбіню да 28 з паловай метраў. Цалкам верагодна, што такая асаблівасць магла знайсці адлюстраванне і ў назве вадаёма. Разам з тым нельга адмаўляць, што возера атрымала сваю назву ў больш позні перыяд, у перыяд каланізацыі славянамі балцкіх зямель. На карысць гіпотэзы адносна славянскага паходжання назвы можа служыць той факт, што ў гаворках Браслаўшчыны славянскім словам сіта называюць травяністую расліну сямейства асаковых, якая расце пераважна ў сырых, балоцістых месцах — берагах азёр і балотах. Сіта, або сітнік расце і зараз уздоўж паўднёвага, найбольш забалочанага берага возера. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дасылайце свае пытанні на адрас рэдакцыі. На ўсе іх адкажа вучоны сакратар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук... |
|