Аўтар "Born in Bielorussia": "Гэта тролінгавы нумар". 21.by

Аўтар "Born in Bielorussia": "Гэта тролінгавы нумар"

01.03.2011 14:29 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аўтар "Born in Bielorussia": "Гэта тролінгавы нумар" Сяргей Будкін, Тузін Гітоў Адзін з стваральнікаў песьні "Born in Bielorussia" Віктар Рудэнка лічыць сябе больш рок-музыкантам, чым поп-песеньнікам. Віктар — лідэр гурта Dali, удзельнік праекту "У нескладовае". Некалькі разоў ён намагаўся трапіць на "Эўравізію" з сваёй камандай. Найбольш блізка Dali падыйшлі да гэтага ў 2009 годзе, калі трапілі ў фінал нацыянальнага адбору ў Польшчы. Але пры гэтым, Рудэнка часта піша тэксты для эстрадных выканаўцаў. І зусім не саромеецца таго, што ў яго выходзіць. — Віктар, ня ведаю, ці бачыў ты якую рэакцыю выклікала песьня "Born in Bielorussia" на інтэрнэт-форумах? — Не, яшчэ. — Яна на 99 працэнтаў рэзка нэгатыўная. — Гэтага можна было чакаць. — Асноўныя нараканьні выклікала слова "Белараша". Гэта зьдзек, сьвядомая правакацыя? — Яна не была створана пад "Эўравізію". Першапачаткова яна ў нечым нагадвала песьню "Рождённый в СССР" Шаўчука. І я быў нават зьдзіўлены, што яна трапіла на конкурс. Для тых, хто пажыў у той краіне, яна можа быць прымальнай, так лічу. Яна не пра палітыку, а пра газіроўку, досыць жартоўная і ня трэба да яе ставіцца сур’ёзна. Хоць разумею, што яна магла выклікаць абурэньні, бо ўсе чакаюць нечага іншага. — Дык а навошта тады яе было прасоўваць? — Я ня ведаю, чаму выбралі менавіта яе. Але калі зрабіць вясёлае шоў, то яна можа выглядаць някепска. — У чым сэнс гэтай настальгіі. Ёсць нейкі пасыл: у БССР жыць было весела, ці што? — Там больш тролінгавы тэкст. Нешта падобнае па настроі было ў Сярдзючкі на "Эўравізію", калі яна сьпявала "Лаша тумбай". Калі ўявіць шоў, то менавіта ў такім рэчышчы. Бо рабіць нешта сур’ёзнае на "Эўравізіі" — глупства. — У Сярдзючкі прынамсі ёсьць харызма, у адрозьненьні ад Анастасіі Віньнікавай. — Трохі ЛСД і ўсё атрымаецца:). Калі сур’ёзна, то працаваць ёсьць над чым. Сам толькі што пазнаёміўся з творчасьцю Насьці. Арганізатары адбора вырашылі, што на конкурсе павінны выступіць нехта з маладых. Калі ёсьць такая зададзенасьць, трэба з гэтым працаваць. Галоўнае падаць нават несур’ёзнае — цікава, прыгожа і драйвова. — Але сур’ёзны разлік на посьпех песьні маеш? — Па шчырасьці невялікі, хоць перамагчы заўжды хочацца. Шмат залежыць ад пастаноўкі. Калі ўсе будуць стаяць слупікамі на сцэне, як было ў Алехно, то шанцаў ніякіх. — Па-твойму, як можа выглядаць ідэальная беларуская песьня для "Эўравізіі"? — Яна можа быць якой заўгодна, бо гэта ня "Грэмі", гэта ня конкурс для музычных інтэлектуалаў. — Сэнсу тады ў ім удзельнічаць? — Наша краіна бярэ ў ім удзел і трэба рабіць песьні, якія бы адпавядалі гэтаму фармату. Натуральна, калі бы браў удзел мой гурт Dali — песьня была бы іншай. Ці калі бы ўдзельнічаў аўтар "Born in Bielorussia" Яўген Алейнік з сваім праектам Aura. Да "Эўравізіі" ня трэба ставіцца як конкурсу, дзе неабходна "адстаяць гонар Радзімы". — Але ёсьць магчымасьць годна прадставіць сваю краіну, як той жа Zdob si Zdub у свой час. Каб хоць сораму не было. — Zdob si Zdub выкарыстоўваюць трэнд, цікавасьць да якога ў Эўропе вялікая, дзякуючы Кустурыцы і яго аркестру. Гэта хутчэй камэрцыя, чым імкненьне паказаць сваю культуру. У астатнім стаўка на нацыянальнае на гэтым конкурсе не апраўдвалася. "Эўравізія" — конкурс больш жартоўны, таму і трэба рыхтаваць адпаведны нумар. — Ці ты маральна гатовы да хвалі крытыкі, якая абрынецца на цябе, як аднаго з аўтараў "Born in Bielorussia"? — Крытыка была бы ў любым выпадку. Разумею, што яна будзе больш жорсткай у гэтай сытуацыі і ў дачыненьні да мяне ў тым ліку, як чалавека, які займаецца рок-н-ролам. Давядзецца праглынуць ды ісьці далей. 
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адзін з стваральнікаў песьні "Born in Bielorussia" Віктар Рудэнка лічыць сябе больш рок-музыкантам, чым поп-песеньнікам. Віктар — лідэр гурта Dali, удзельнік праекту "У...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика