“Страчаная сталіца”. Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэнню
28.04.2011 18:33
—
Новости Культуры
|
“Страчаная сталіца”. Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэнню TUT.BY працягвае знаёміць наведнікаў партала з унікальнай культурнай і духоўнай спадчынай Вільні — колішняга цэнтра беларускага адраджэння, які ўжо сем дзесяцігоддзяў ёсць сталіцай суседняй Літвы. Сёння шукаем сляды славутых віленчукоў, якія на пачатку 20 стагоддзя хоць і не належалі да беларускага нацыянальнага руху, але сімпатызавалі і так ці інакш падтрымлівалі яго. Зыгмунт Нагродскі (1866-1937) У доме № 9 на былой вуліцы Малая Пагулянка (сёння — Pylimo gatve, 9) на скрыжаванні 19 і 20 стст. жыў вядомы грамадска-палітычны дзеяч Вільні Зыгмунт Нагродскі. Пачынаючы разам з будучым начальнікам Польскай дзяржавы Юзэфам Пілсудскім, Нагродскі паступова адышоў ад ідэі польскага шавінізму ў бок краёвасці. “Краёўцы” спавядалі ідэалогію палітычнай нацыі, да якой адносілі ўсіх карэнных жыхароў гістарычнай Літвы, незалежна ад іх этнічна-культурнай прыналежнасці.
Прачытаўшы першы зборнік Багушэвіча "Дудка беларуская" (1893), паляк Нагродскі займеў вялікую сімпатыю да беларускага адраджэння. Ён фундаваў другое выданне “Дудкі” ў Кракаве (1896) ды пасябраваў з самім аўтарам — Багушэвічам, які прынамсі раз на тыдзень бываў у яго дома на Малой Пагулянцы. Пасля Нагродскі наведваў Багушэвіча ў радавым маёнтку ў Кушлянах, а калі “бацькі беларускай літаратуры” не стала (1900), напісаў верш “На памяць зычліваму для сям’і” ды захоўваў ягоную творчую спадчыну. Уладальнік склада-крамы сельскагаспадарчых машын у Вільні, Нагродскі любіў публічна чытаць беларускія вершы ў сялянскай світцы ды фінансава падтрымліваў выданне “Нашай нівы” і іншыя ініцыятывы беларускіх адраджэнцаў. Цяпер у былым доме Нагродскага месціцца прыватны медычны цэнтр. Тадэвуш Урублеўскі (1858-1925) Па сённяшнім адрасе L.Stuokos-Gucevičiaus, 9/7 у другой палове 19 — пачатку 20 ст. жыў карэнны віленчук і знакаміты ўладальнік адвакацкай канторы Тадэвуш Урублеўскі. Яго дзядзька Валеры Урублеўскі быў паплечнікам Кастуся Каліноўскага і генералам Парыжскай Камуны, а бацька заснаваў першую публічную бібліятэку ў Вільні. Дзейнасць Тадэвуша Урублеўскага была знітавана з беларускім рухам. У розныя гады ён бараніў бараніў у судах ад расійскіай імперскай і польскай шавіністычнай рэакцыі рэдактара-выдаўца “Нашай Нівы” Аляксандра Уласава, беларускіх настаўнікаў на чале з Канстанцінам Міцкевічам (Якубам Коласам), дзеячаў беларускага руху на знакамітым “працэсе 45-ці” у Беластоку (1923)... Прыхільнік краёвай ідэі, ён выступаў за добрасуседскае суіснаванне літоўцаў, беларусаў і палякаў, а ў лютым 1918 годзе вітаў абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, адзначыўшы, што супадзенне нацыі і дзяржавы ёсць аптымальным вырашэннем нацыянальных праблемаў. Сямейную бібліятэку, якая налічвала 98 тысяч каштоўных кніг і 28 тысяч манускрыптаў Урублеўскі пакінуў ў спадчыну гораду. Унікальны збор стаў асновай для Дзяржаўнай бібліятэкі Яўстаха і Эміліі Ўрублеўскіх. Сёння гэта Бібліятэка Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх (Žygimantų, 1/8).
Тадэвуш Урублеўскі быў пахаваны (1925) на могілках “Росу” (Rasų, 32). Яго імя носіць вуліца блізу Кафедральнага сабору. Фердынанд Рушчыц (1870-1936) Сын беларускага шляхціча і датчанкі, Фердынанд Рушчыц нарадзіўся ў маёнтку Багданаў каля Валожына, дзе стварыў свае асноўныя жывапісныя творы. З 1909 года мастак-класік з большага жыў у Вільні, што стала цэнтрам ягонай грамадскай актыўнасці. У той час штонядзелю па панядзелках у кватэры Рушчыца на Зарэччы (Užupio, 24) збiраўся квецень вiленскай культуры. “Нiякiх “захожых” гасцей не бывала, зразумела, пад час "сімпозіўмаў". Нiколi нiхто не гаварыў па-расейску. Падсiлкаваўшыся, падпiўшы, пачыналi — хтосьцi ўжо дэкламуе, хтосьцi грае, хтосьцi спявае... калi не, то перашкаджаюць, падымаючы сур’ёзныя тэмы пра лёс краю", — узгадваў публiцыст Чэслаў Янкоўскi. Рушчыц стаяў ў першых шэрагах адраджэння Віленскага ўніверсітэту (тады — універсітэту Стэфана Баторыя). Стварыў мастацкі факультэт, дзе працаваў прафесарам (да 1932 г.), рэстаўраваў універсітэцкія будынкі, прапанаваў назвы для панадворкаў альма-матэр... На чале камітэт па ахове помнікаў гісторыі рэканструяваў Вострабрамскую капліцу, дэталёва вывучаў замкі ў Крэве, Міры, Лідзе, Гродне, рабіў замалёўкі і эцюды гістарычных мясцін.
Нягледзячы на сяброўства з лідарам нашага адраджэння Iванам Луцкевiчам, да беларускага нацыянальнага руху Рушчыц ніколі не далучыўся. У 2002 годзе ў Беларусі быў выдадзены ягоны “Дзённік. Да Вільні. 1894-1904”. Унук Рушчыца — таксама Фердынанд Рушчыц — сёння ачольвае Варшаўскі нацыянальны музей. Частку карцін мастака можна ўбачыць у Нацыянальнай мастацкай галерэі (Konstitucijos, 22) — філіяле нацыянальнага мастацкага музея Літвы. Ян Булгак (1876-1950) На былой плошчы Элізы Ажэшкі ад 1912 і амаль да сканчэння Другой сусветнай вайны месцілася фотаатэлье “бацькі польскай мастацкай фатаграфіі” Яна Булгака. Народжаны ў радавым маёнтку каля вёскі Асташын пад Наваградкам (ягоны продак удзельнічаў у вайне з Масквой 1530-36 гг.), Булгак праславіўся на ўсю Еўропу сваімі здымкамі архітэктуры і відарысаў Вільні, Віленшчыны і другіх гарадоў і мястэчак Беларусі і Польшчы. У ягоным атэлье, дзе рабілі партрэтныя фотаздымкі многія дзеячы беларускага адраджэння, захоўвалася ўнікальная калекцыя з 30 тысяч фотаздымкаў. На бяду, амаль уся калекцыя згарэла пасля нямецкіх бамбаванняў у 1944-м, а сам Булгак назаўжды пакінуў каханы горад.
Нягледзячы на тое, што майстар багата фатаграфаваў беларускую фактуру і друкаваў свае здымкі ў тым ліку ў газеце "Наша Ніва", да беларускага руху ён так і не далучыўся. Сёння на доме, дзе месцілася славутае фотаатэлье Булгака (Savivaldybės, 3), вісіць мемарыяльная дошка памяці “піянера польскай мастацкай фатаграфіі”. Канстанцін Галкоўскі (1875-1963) У доме на колішняй вуліцы Завальнай (сёння — Pylimo, 20) з 1918 па 1958 гг. жыў адзін з класікаў беларускага і літоўскага музычнага мастацтва кампазітар Канстанцін Галкоўскі (Галкаўскас). Ягоны бацька паходзіў з Магілеўшчыны, а маці — з вядомага шляхецкага роду Наркевічаў-Ёдкаў з Міншчыны. Карэнны віленчук, Галкоўскі “вывеў беларускую музыку з рамак прымітыву”: гарманізаваў мноства беларускіх народных песень, першы ў Заходняй Беларусі напісаў музыку на вершы Багушэвіча, Купалы, Коласа, Бядулі, Танка, стаў заснавальнікам беларускага рамансу. Шматгадовы выкладчык Беларускай віленскай гімназіі, у 1920-30-х ён быў заўсёднікам беларускіх імпрэзаў, сябраваў з Рыгорам Шырмам і Максімам Танкам. Акампаніяваў сусветнавядомаму опернаму спеваку і беларускаму патрыёту Міхасю Забэйду-Суміцкаму на ўсіх ягоных канцэртах у Вільні (1936-38). У кватэры кампазітара на Завальнай бываў увесь цвет віленскай інтэлігенцыі. “Палову пакоя, у якім працуе Галкоўскі, займае раяль, другую палову — рабочы стол і лавы, заваленыя кнігамі, нотамі, на сценах — партрэты кампазітараў, з якіх вылучаецца велізарны партрэт яго любімага настаўніка — Чайкоўскага”, — узгадваў пасля аднаго з візітаў да Галкоўскага Максім Танк. Пэўны час кампазітар працаваў арганістам у касцёле рэфарматаў-евангелістаў, які месціўся побач з ягоным домам. Народны артыст Літоўскай ССР пахаваны на Антокальскіх могілках (Karių Kapų, 11). На надмагільным помніку, гэтаксама, як і на мемарыяльнай дошцы на Pylimo, 20, ягонае прозвішча пазначана толькі ў літоўскім варыянце (Konstantinas Galkauskas). Жадаеце адкрыць для сябе беларускую Вільню? Тады чытайце: -
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
TUT.BY працягвае знаёміць наведнікаў партала з унікальнай культурнай і духоўнай спадчынай Вільні — колішняга цэнтра беларускага адраджэння, які ўжо сем...
|
|