Родны гоман у Прыбайкаллі
09.06.2011
—
Новости Культуры
|
Беларуская суполка з Іркуцкай вобласці зладзіла змястоўны фэст-конкурс з нагоды свайго 15-годдзя
Якраз паміж вясной і летам, 31 мая, дзень нараджэння ў рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Іркуцкае таварыства Беларускай культуры імя Яна Чэрскага” (ІТБК). Віншуем са святам, землякі! Няхай ніколі не перасыхаюць крыніцы беларускасці, з якіх вы чэрпаеце сілы, ідэі для ўсё новых творчых праектаў удалечыні ад Бацькаўшчыны! Ад пачатку заснавання ІТБК, нагадаем, суполкай кіруе ўраджэнец Полаччыны, былы вайсковец Алег Рудакоў. Вакол яго сабраўся дзеяздольны актыў, плённа працуе абласная Рада ІТБК. Нямала садзейнічае яднанню землякоў у Прыбайкаллі газета “Маланка”. І юбілей супольнай працы ў Іркуцку адзначылі з размахам: зладзілі чарговы, сёмы па ліку, Абласны фэст-конкурс “Гучы, гоман Беларускі!” Прысвячаўся ён як юбілею таварыства, так і 350-годдзю горада Іркуцка. Дарэчы, можа, пара ўжо скласці на будучыню грунтоўны гадавы каляндар беларускіх суполак свету? Каб заўсёды памятаць пра знакавыя даты, падзеі ў жыцці дыяспары, іх актывістаў. Думаецца, у Іркуцкага таварыства, якое мае цяпер 12 філіялаў, шмат творчых гуртоў па раёнах вобласці, “чырвоных” датаў назбіраецца не адзін дзясятак! У Іркуцку ж, паведамляюць землякі ў рэдакцыю, штогод беларусы святкуюць не толькі Каляды ці Купалле, але і Гуканне вясны, Грамніцы, Багач, “рэстаўравалі” нават такое экзатычнае веснавое свята, як Камаедзіца. Але хто б узяўся зрабіць адмысловы каляндар? Можа, на чарговым пасяджэнні Кансультатыўнага савета па дыяспары, якое праз месяц будзе ў Мінску, закрануць і гэтае пытанне? А фэст-конкурс “Гучы, гоман Беларускі!”, як паведаміў у рэдакцыю Алег Рудакоў, сабраў калектывы і выканаўцаў “твораў беларускай тэматыкі” з усёй Іркуцкай вобласці. Былі госці з Мінска, Новасібірска, Цюмені. На фэсце ладзіліся не толькі творчыя конкурсы ў розных намінацыях, але і прэзентавалася вялікая работа таварыства за 15 гадоў. Яна, дарэчы, ідзе па 20 асноўных кірунках, актыў суполкі ладзіць шэраг сацыяльна значных мерапрыемстваў, што маюць шырокі розгалас, ствараюць беларусам станоўчы імідж у вялікім расійскім рэгіёне. Усяго ж, нагадаем, нашых суайчыннікаў у Прыбайкаллі звыш 50 тысяч, ёсць і цэлыя беларускія вёскі — гэтак званыя месцы кампактнага пражывання, дзе з часоў Сталыпінскай рэформы 1903–1912 гадоў жывуць нашчадкі перасяленцаў. “Праца нашага таварыства і скіравана на тое, каб дапамагаць беларусам Прыбайкалля, іх нашчадкам не забывацца на родную мову, шанаваць, адраджаць народныя традыцыі ва ўсёй іх велічы і прыгажосці”, — паведамляе Алег Рудакоў. Сфера прыкладання сіл энтузіястаў уражвае. Яны арганізуюць міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, шмат увагі надаюць рабоце як з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, так і з моладдзю, дзецьмі. У таварыстве працуе 7 секцый па беларускіх традыцыйных рамёствах, а ў майстэрні ўсталяваны аўтэнтычныя ткацкія станкі, ці кросны, на якіх і цяпер ткуцца розныя прыгожыя рэчы, палотны для нацыянальных строяў. Толькі ў Іркуцку пры таварыстве створана пяць беларускіх па духу фальклорных і танцавальных гуртоў, у вобласці ж іх ужо 19. Іван Яцкавец Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларуская суполка з Іркуцкай вобласці зладзіла змястоўны фэст-конкурс з нагоды свайго 15-годдзя
|
|