Помнік заснавальніку ВКЛ у Беларусі не патрэбен?. 21.by

Помнік заснавальніку ВКЛ у Беларусі не патрэбен?

15.06.2011 08:37 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Помнік заснавальніку ВКЛ у Беларусі не патрэбен?

  • Кастусь ЛАШКЕВІЧ, ТUT.BY

фотоЦягам некалькіх гадоў ходзяць размовы аб усталяванні ў Наваградку помніка заснавальніку Вялікага Княства Літоўскага каралю Міндоўгу. Аднак словы так і засталіся толькі словамі, бо ані грамадскасць, ані дзяржава грошай на ўвекавечванне легендарнай постаці нашай гісторыі не знайшлі.

Яшчэ 8 год назад ля галоўнага будынка Нацыянальнага музея Літвы ў цэнтры Вільні быў усталяваны помнік заснавальніку Вялікага Княства Літоўскага, першаму і адзінаму яго каралю Міндоўгу. Беларускія гісторыкі перакананыя, што каранацыя вялікага князя адбылася 6 ліпеня 1253 году ў Наваградку. Аднак у Беларусі помніка Міндоўгу, які аб'яднаў раздробненыя землі ў адну дзяржаву,  дагэтуль няма.

Хаця задума аб яго ўзвядзенні ў першай сталіцы ВКЛ з’явілася яшчэ напрыканцы 1990-х. Некалькі год назад з уласным праектам помніка першаму і апошняму каралю ВКЛ выступіў мінскі скульптар Генадзь Буралкін — былы старшыня Саюза мастакоў, аўтар скульптур муз на фасадзе Тэатра оперы і балета, мемарыяла “Загінулым на Нямізе ў 1999 годзе” і помніка святому Елісею Лаўрышаўскаму ў Наваградку.

Наваградскія ўлады і Міністэрства культуры папярэдне далі дабро праекту Буралкіна, які прадугледжваў стварэнне пяціметровай бронзавай постаці Міндоўга на кані з каменным пастаментам.

Два гады назад кошт помніка ацэньваўся ў 400-450 млн рублёў. Каб сабраць гэтую суму, мясцовыя ўлады адкрылі дабрачынныя рахункі, заклікаўшы ўсіх неабыякавых пералічыць хто колькі можа. Пагатоў у памяці наваградчан яшчэ жывы прыклад 1930-х, калі вось так, усім светам, былі сабраныя сродкі на курган Міцкевічу.

Аднак норавы цяпер другія, у людзей іншыя ідэалы ды інтарэсы.

Як паведаміў TUT.BY начальнік аддзела культуры Наваградскага райвыканкама Аляксандр Карачан, за два гады на будаўніцтва помніка слыннаму продку было пералічана ўсяго 14 млн рублёў: “Здаецца, і нямала людзей дасылаюць грошы, але ў асноўным гэта фізічныя асобы і сумы невялікія”.

Заўважым, што пасля дэвальвацыі беларускага рубля, кошт помніка падскочыў у разы, а сабраная ахвярадаўцамі сума наадварот усохла.

Адкрыццё помніка спачатку планавалася на 2009 год, потым — на 2010-ты. Сёння ніхто ніякіх тэрмінаў увогуле не называе.

Паводле слоў наваградскага чыноўніка, цяпер ўся надзея на Міністэрства культуры, кіраўнік якога Павел Латушка асабіста падтрымаў ідэю, паабяцаўшы дапамагчы з пошукам і выдаткаваннем сродкаў. “На сёння пытанні месца ўсталявання помніка, гэтаксама як і выбар самога праекта застаюцца адкрытымі”, — адзначыў Карачан.

Народны мастак Беларусi, намеснiк старшынi Рэспублiканскага мастацка-экспертнага савета па манументальнаму i манументальна-дэкаратыўнаму мастацтву Іван Мiско сказаў TUT.BY, што праект помніка Міндоўгу на разгляд савета яшчэ не выносілася. “Але гэта абавязкова павінна адбыцца. Помнік заснавальніку Вялікага Княства Літоўскага — аб’ект нацыянальнага значэння, які, натуральна, мае быць зацверджаны рэспубліканскім саветам”.

Генадзь Буралкін тлумачыць, што ягоны праект манумента Міндоўгу не выносілі на разгляд Рэспублiканскага мастацка-экспертнага савета па манументальнаму i манументальна-дэкаратыўнаму мастацтву з прычыны адсутнасці сродкаў. Цяперашнюю сітуацыю ён называе “складанай”.

”Я зрабіў і праект помніка, і мадэль у натуральны памер. Аднак грошай пакуль няма, — канстатуе скульптар у размове з карэспандэнтам TUT.BY. — Міністр культуры і новы мэр Наваградку сказалі, што справа патрэбная, будзем шукаць сродкі. Прадпрымальнікі таксама абяцалі, што памогуць... Спадзяюся, што нарэшце справа пасунецца з месца”.

Мы любім крыўдзіцца на літоўцаў, якія “забралі Вільню, нашу гісторыю і герояў”. Аднак чаго вартыя мы самі, калі ў 10-мільённай дзяржаве, якую з экранаў афіцыйных тэлеканалаў іначай як перадавой не называюць, не можам знайсці сродкі на помнік адной з легендарных постацяў нашай гісторыі?

15 чэрвеня Наваградак наведае выязная сумесная калегія Міністэрстваў культуры і спорту. Хочацца верыць, што на ўзнятае намі пытанне будзе нарэшце дадзены станоўчы адказ.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цягам некалькіх гадоў ходзяць размовы аб усталяванні ў Наваградку помніка заснавальніку Вялікага Княства Літоўскага каралю Міндоўгу. Аднак словы так і засталіся...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика