Рукапiсы не гараць. Сяргей Новік-Пяюн
27.08.2011 08:32
—
Новости Культуры
|
Рукапiсы не гараць. Сяргей Новік-Пяюн 27 жніўня 2011 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта і празаіка Сяргея Міхайлавічяа Новіка-Пяюна (1906 – 1994).
С. Новік-Пяюн нарадзіўся ў вёсцы Лявонавічы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці ў беднай сялянскай сям’і.
У 1918 годзе паступіў у Нясвіжскую рускую гімназію, у якой як мала забяспечаны вучыўся без аплаты пры ўмове добрай вучобы. Скончыў яе ў 1924 годзе. У 1925 – 1926 гг. быў слухачом беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні.
Пасля заканчэння курсаў атрымаў званне настаўніка и вярнуўся ў родную вёску, дзе арганізаваў гурток Таварыства беларускай школы, бібліятэку, хор, народны тэатр, а таксама тайныя школы ў Лявонавічах і суседніх вёсках, за што быў асуджаны польскімі ўладамі і высланы ў г. Свеце над Віслай, дзе пражыў 5 гадоў.
На пачатку 1930-х гг. – новы арышт і высылка пад нагляд паліцыі ў г. Слонім. У 1939 годзе С. Новік-Пяюн быў зняволены ў астрог горада Баранавічы, адкуль вызвалены Чырвонай Арміяй.
У 1939 – 1940 гг. працаваў інспектарам Слонімскага райаддзела народнай адукацыі, пасля дырэктарам Слонімскага раённага краязнаўчага музея.
На пачатку Вялікай Айчыннай вайны С. Новік-Пяюн разам з заснавальнікам музея археолагам І. Стаброўскім ратаваў музейныя экспанаты. За антыфашысцкую дзейнасць у 1943 годзе быў арыштаваны слонімскім СД, прысуджаны да смяротнга пакарання. Быў пасаджаны спачатку ў Слонімскі, затым Баранавіцкі астрогі, а пасля пераведзены ў лагер смерці Калдычэва.
14 снежня 1944 года па безпадстаўным абвінавачванні С. Новік-Пяюн быў арыштаваны органамі НКДБ, асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі і высланы на Калыму.
У 1945 – 1958 гг. у Якуціі працаваў лесарубам, шахцёрам, драбільшчыкам руды, фельчарам.
У 1958 годзе рэабілітаваны. У 1959 гаду вярнуўся ў Беларусь, жыў у Слоніме, Нясвіжы, а з 1960 года – у Мінску. Першыя літаратурныя спробы адбыліся яшчэ ў 1921 годзе падчас вучобы ў гімназіі, а ў 1925 годзе ў часопісе “Студэнцкая думка” упершыню быў надрукаваны верш пачынаючага паэта “Не бядуй”.
У 1927 годзе ў Вільні выйшлі з друку п’есы С. Новіка-Пеюна “Ёлка Дзеда Мароза”, “Цудоўная ноч”, “Пакой у наймы”, у 1939 – “Прадка пад крыжам”. Калі ў 1927 годзе ў Вільні Зоська Верас (Л. Войцік) пачала выдаваць дзіцячы часопіс “Заранка”, С. Новік-Пяюн супрацоўнічаў у ім ад першых да апошніх нумароў. Пад псеўданімам “Малады Дзядок” змяшчаў свае вершы, апавяданні, казкі, жарты, п’есы, малюнкі, песні, да якіх сам ствараў музыку, вёў перапіску з юнымі чытачамі, перакладаў творы з рускай, украінскай, польскай і іншых моў.
У 1940 – 1941 гадах друкаваўся ў слонімскай раёнай газеце “Вольная праца”. На жаль, усе творчыя матэрыялы, рукапісы Новіка-Пеюна таго перыяду загінулі падчас другой сусветнай вайны у спаленым фашыстамі доме ў Слоніме. У 1956 – 1959 гадах, знаходзячыся ў ссылцы, ён працягваў літаратурную працу. Яго вершы, артыкулы на рускай мове друкаваліся ў газетах “Социалистическая Якутия”, “Молодой коммунист”, “Молодёжь Якутии”, “Северная заря”. Зварот на радзіму спрыяў далейшаму развіццю яго пісьменніцкага таленту. З-пад пяра літаратара выходзяць шматлікія вершы, апавяданні, нарысы, успаміны, песні (словы і музыка), якія друкуюцца ў слонімскай і нясвіжскай раённых газетах, у беларускім рэспубліканскім друку.
У 1984 годзе С. Новік-Пяюн быў прыняты ў члены СП Беларусі. Ён – аўтар зборніка паэзіі “Заўсёды з песняй” (1984), кніжкі вершаў для дзяцей “Зорачкі ясныя” (1986), зборніка “Песні з-за кратаў” (1993), успамінаў пра Я. Купалу, Г. Леўчыка, Я. Карскага, І. Стаброўскага і інш.
Новік-Пяюн вядомы і як песеннік. Нездарма да свайго прозвішча ён дадаў слова “Пяюн”. Такія яго песні, як “Зорачкі”( была асабліва папулярная ў ваенныя гады) і “Над Шчарай” (“Слонімскі вальс”) нават трапілі ў разрад народных. Да фільма “Боль мой - Хатынь” (1969), дзе, дарэчы, зняўся і сам Новік-Пяюн, ім была напісана песня “Сэрца не плач!”. Да 100-годдзя з дня нараджэння паэта быў падрыхтаваны і выдадзены ў серыі “Беларускі музычны архіў”, якая традыцыйна прадстаўляе на кампакт-дысках шэдэўры нацыянальнай музыкі розных напрамкаў і эпох, музычны дыск яго песень “Дні лятуць (песні з-за кратаў)”.
Пісаў Новік-Пяюн на беларускай, рускай, польскай мовах, а таксама на эсперанта (аўтар міжнароднага гімна эсперанцістаў).
Пераклаў на беларускую мову творы А.Пушкіна (“Русалка”), Л.Талстога (“Першы вінакур”), польскую камедыю “Муж у ветлівасці” А. Абрамовіча і Р. Рушкоўскага.
Памёр С.Новік-Пяюн 26 жніўня 1994 года ў Мінску. Рукапісны архіў Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пеюна захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў TUT.BY – рукапісы не гараць… Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
27 жніўня 2011 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта і празаіка Сяргея Міхайлавічяа Новіка-Пяюна (1906 – 1994). С. Новік-Пяюн.
|
|