Аксана Ярашонак: “Думаю вершы за хатняй працай”. 21.by

Аксана Ярашонак: “Думаю вершы за хатняй працай”

04.10.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калі на старонках “РГ” сярод аб’яў “Запрашаем на працу плітачнікаў, муляраў, тынкоўшчыкаў” вока зачапіла “патрабуецца паэт-песеннік”, Аксана Ярашонак спачатку засумнявалася. Двое маленькіх дзяцей, жыве ў суседнім раёне, ці варта спрабаваць? Але вырашыла патэлефанаваць − і знайшла магчымасць рэалізаваць сябе.

Абласны краязнаўчы семінар у Ільянскай сярэдняй школе імя Грымаця. Злева направа: паэт Мікола Кутас, настаўнік, паэт і бард Уладзімір Цанунін, паэтэса, настаўніца, кіраўнік музея “Вілейшчына літаратурная” Роза Шэрая, паэт, педагог Аксана Ярашонак.

Так Аксана пачала працаваць разам з маладзечанцам Віталём Качатковым, які арганізаваў праект “Напішам песню разам”. Ён піша мелодыі, да якіх жанчына складае вершы.

− Калі пішаце вершы? Можа, ноччу?

− Не спаць ноччу не хапае сілы. Я цяпер у дэкрэтным адпачынку, малодшай дачцэ Варвары 20 верасня споўніцца толькі годзік. З такім маленькім дзіцем ні я, ні муж не высыпаемся, затое дачка раніцай бадзёрая і вясёлая.

Падымацца з ложка даводзіцца ў шэсць гадзін раніцы. Спачатку займаюся Варварай, потым падымаю пяцігадовую Юлю, муж водзіць яе ў садок.

Затым, бяруся за гаспадарку: мыю бялізну, гатую ежу. Увечары праводзім час усёй сям’ёй, гуляем з дзецьмі. Спаць хочацца ўжо ў дзевяць гадзін вечара.

− Адкуль жа тады час на творчасць?

− Паэт Алесь Пісьмянкоў сказаў цудоўную фразу: “Я не пішу вершы, я іх думаю”. Вось і я ніколі не сяджу над паперай гадзінамі і не крэслю словы, я думаю за хатняй працай. Проста займаюся гаспадаркай і пракручваю нейкую ідэю ці тэму ў галаве, і верш з’яўляецца сам па сабе.

Калі пачала працаваць з Віталём Качатковым, стала слухаць яго мелодыі. Словы на іх кладуцца адразу. Пасля яны складваюцца ў радкі, а радкі -- у песню.

− Схільнасць да паэзіі ў вас ад бацькоў?

− Я лічу, што першаасновы асобы заўсёды закладваюцца ў дзяцінстве. Мой бацька, Мікалай Камінскі, працуе ветэрынарным доктарам. Але часам у размовах ён кажа такія рэчы на гістарычную ці літаратурную тэму, пра якія я, маючы чырвоны дыплом філфака, і не чула.

Тое, што дакладныя навукі не для мяне, было зразумела ўжо ў сярэдняй школе. Нягледзячы на тое, што вырасла ў медыцынскай сям’і, маці, Раіса Камінская, працуе медсястрой у дзіцячым садку, мяне цягнула да літаратуры, гуманітарных дысцыплінаў.

Пачала пісаць вершы. У гэтым вельмі падтрымлівалі настаўнікі-філолагі. Праўда, цяпер мне здаецца, што ім крыху бракавала аб’ектыўнасці. Разумееце, настаўнікі вельмі хвалілі мае творы, і з-за гэтага я не была падрыхтаваная да крытыкі.

− Калі вы сутыкнуліся з ёй упершыню?

− Школьніцай я ўдзельнічала ў розных літаратурных конкурсах, наведвала паэтычны клуб “Узлёт” пад кіраўніцтвам Таісы Трафімавай у Цэнтры эстэтычнага выхавання. І адразу ж пасля 11 класа патрапіла на семінар маладых літаратараў. Па-першае я пачула работы іншых, прычым, высокага ўзроўню. А па-другое, замест звыклай пахвалы мне сказалі, што валодаю формай і “зацяганай” рыфмай, а так нічога ў маіх вершах асаблівага няма.

Пасля гэтага семінару мая творчасць перайшла на новы ўзровень. Тым, хто працуе з паэтамі, асабліва маладымі, трэба ўмець ацэньваць іх работу. Каб і пра недахопы сказаць, і не адбіць жаданне пісаць далей.

Тым жа летам я да ўсяго не прайшла на бюджэт у педагагічны універсітэт. Выбрала спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура. Дзіцячая журналістыка”.

− На платнае вырашылі не ісці?

− Так. Але і час не стала марнаваць, паступіла ў “ПТВ-87” на сакратара-рэферэнта. Вучыцца было лёгка, таму мне хапала часу, каб падрыхтавацца да паступлення. І спецыяльнасць спатрэбілася − хуткі набор тэксту заўсёды запатрабаваны.

Летам я здзейсніла задуманае, паступіла ў ВНУ. Вучылася добра, атрымлівала павышаную стыпендыю, сама аплочвала пакой, у якім жыла, і яшчэ крыху заставалася грошай. Часу хапала і павучыцца, і на дыскатэку схадзіць.

Але галоўнае − я сустрэла шмат цікавых вядомых людзей. Напрыклад, нашага выкладчыка сучаснай беларускай літаратурнай мовы і ў той жа час паэта Міколу Шабовіча, наведвала літаратурнае аб’яднанне “Крокі” пад яго кіраўніцтвам.

Гэтыя пяць гадоў я скарыстала з карысцю для сябе. Па панядзелках мы з іншымі паэтамі збіраліся ў Доме літаратара разам з Алесем Масарэнкам. Мае вершы публікавалі ў “Маладосці”, “ЛіМе”, калектыўных зборніках, запрашалі на радыё “Культура”. Наогул, было шмат цікавых і карысных імпрэз.

Аднойчы на творчым вечары Міколы Шабовіча я ўбачыла свайго любімага паэта Алеся Пісьмянкова. Наважвалася падыйсці да яго ўвесь вечар. Падыйшла, калі ўжо ўсе апраналі паліто. Ён аказаўся вельмі простым. Запрасіў у рэдакцыю часопіса “Вожык”, дзе тады быў галоўным рэдактарам. Мне пашчасціла падтрымліваць з ім адносіны каля двух месяцаў, нават збіралася на летнюю практыку ў “Вожык”. Але жыццё гэтага чалавека заўчасна абарвалася. Ганаруся, што у пасмяротным зборніку Алеся Пісьмянкова “Думаць вершы” сярод прысвячэнняў іншых паэтаў ёсць і мой твор.

−  Пасля вучобы працавалі журналістам ці настаўніцай?

− Пасля вучобы я выйшла замуж. З Пецем, маім мужам, мы знаёмыя з 14 гадоў. Я маладзечанка, а мая бабуля жыла ў Ільі. Я часта туды ездзіла, вось і пазнаёміліся, пачалі сустракацца, пажаніліся. Пераехалі да яго.

Я ўладкавалася педагогам-арганізатарам у Ільянскую сярэднюю школу. У нас творчы калектыў, праводзім шмат краязнаўчых і іншых мерапрыемстваў. Потым я пішу артыкулы, дасылаю ў розныя выданні, у тым ліку, і “РГ”. Як журналіст пакуль рэалізавала сябе толькі ў якасці пазаштатніка. Але мне 29 гадоў, і многае яшчэ наперадзе, спадзяюся.

− Чаго вы чакаеце ад супрацоўніцтва з Віталём Качатковым?

− Разумееце, калі паэт піша “у стол”, яго творчасць не мае выніку. Трэба мець магчымасць атрымаць ацэнку, параўнаць свае творы з іншымі. Для жанчыны ў дэкрэтным адпачынку не шмат магчымасцей паказаць сябе. Дзякуючы працы з Віталём гэты прабел для мяне запоўнены.

− А вы не баіцёся канкурэнцыі, якая мяркуецца ў праекце “Напішам песню разам”?

− Гэта правільна, калі ў кампазітара некалькі паэтаў-песеннікаў. У мяне вершы ніколі так лёгка не пісаліся, як цяпер песні. З іншага боку, Віталь заўсёды вельмі станоўча ацэньвае маю працу, і цяпер я баюся яго расчараваць.

Сама я не спяваю, але скончыла музычную школу па класе гітары. Можа, гэта дапамагае мне працаваць з песнямі. У музыцы Віталя няма рэзка акрэсленых межаў, напрыклад, толькі рок ці поп. Гэта свежыя і прыемныя мелодыі, у якіх можа быць і крыху джазу, і крыху класікі. Нядаўна аднаму хлопчыку напісалі песню на конкурс. Гэта наша першая дзіцячая песня пра каханне ў восем гадоў, назваецца “Букет дзяўчынцы”.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота забяспечана Аксанай ЯРАШОНАК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі на старонках “РГ” сярод аб’яў “Запрашаем на працу плітачнікаў, муляраў, тынкоўшчыкаў” вока зачапіла “патрабуецца паэт-песеннік”, Аксана Ярашонак...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика