Пачуццёвы подзвіг
06.10.2011
—
Новости Культуры
|
У персанажаў беларускай гісторыі, якія становяцца героямі мастацкіх твораў, было і каханне, і вернасць. Людзям было што абараняць і за што змагацца
Вы заўважылі, што сярод герояў беларускай літаратуры амаль няма нягоднікаў і мярзотнікаў з вытанчанымі рысамі, вартых нават нейкай павагі, хай сабе і з адценнем агіды (як, напрыклад, Стаўрогін у Дастаеўскага)? І зусім не таму, што наша літаратура — “сялянская”, як сцвярджае вельмі распаўсюджанае меркаванне. Проста ў нашым грамадстве заўжды ў асаблівай пашане былі высакароднасць, шчырасць, адданасць. Менавіта праявы гэтых якасцей, прычым у самых складаных сітуацыях, траплялі на старонкі летапісаў, а пасля — у літаратурныя творы. Якія, дарэчы, чытаюцца на адным дыханні, бо ў тое, пра што напісана, проста верыш... З’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі пройдзе 17—18 кастрычніка ў Мінску. Акрамя айчынных паэтаў, празаікаў, драматургаў і крытыкаў у ім прымуць удзел дэлегацыі пісьменнікаў больш як з 20 краін. Пяру беларускіх пісьменнікаў Ірыны Масляніцынай і Міколы Багадзяжа належыць не адна кніга, прысвечаная беларускай гісторыі. Умеюць яны здзівіць і заінтрыгаваць чытача цікавымі фактамі з мінулага. Пісаў дуэт і пра знакамітых жанчын Беларусі, і пра дынастыю Радзівілаў, і пра хрысціянскіх святых... Зараз выхаду ў свет чакае новая сумесная праца — “Легендарныя героі Беларусі”, а таксама дзве кнігі Ірыны Масляніцынай “Назови меня единственной” і “Пока смерть не разлучит нас”, якія прадставяць нам гісторыю Беларусі ў гісторыях кахання. — Да тэмы кахання ў гісторыі Беларусі я ўжо звярталася, — расказвае Ірына Аляксандраўна. — Выходзіў ў пачатку 2000-х гадоў нават цыкл кніг пад агульнай рубрыкай “Двое ў гісторыі”: “Летописцы повествуют о любви”, “По рыцарским законам”, “Кавалеры и дамы Белорусского Ренессанса”, “Век сентиментальных писем”. Але прыйшла прапанова на аснове гэтых выданняў напісаць кнігу, пакуль двухтомнік, разлічаную на праваслаўнага чытача. Скажам так, гэта даволі адказная работа. Рэлігійны чытач глядзіць на сусветную гісторыю, на ролю пэўных асоб у ёй, наогул на вартасці і каштоўнасці чалавечыя крыху ў асобым ракурсе і з асобай ацэнкай. Яго больш цікавяць працэсы духоўных змяненняў у чалавеку і грамадстве, чым канкрэтныя палітычныя па-дзеі. Але працаваць было надзвычай цікава. І яшчэ ў працэсе падрыхтоўкі кніг усплылі новыя гістарычныя постаці, новыя асабістыя гісторыі, новыя малавядомыя факты.Першая кніга прысвечана гісторыі сем’яў вядомых асоб нашай гісторыі перыяду Кіеўскай Русі, другая — часоў ВКЛ. Кніга складаецца з глаў, і ў кожнай з іх — лёс адной сям’і, шчаслівы ці нешчаслівы, драматычны ці напоўнены спакоем і замілаваннем. Каханне ці здрада? — Ёсць такі французскі пісьменнік Гі Брэтан, які напісаў “Гісторыі кахання ў гісторыі Францыі”, — гаворыць Ірына Аляксандраўна. — Але чытаеш іх і разумееш, што гэта гісторыі не пра каханне. Гэта гісторыі здрад — на розных узроўнях. Людзі імкнуліся дабіцца багацця, улады, яшчэ нейкіх даброт, скарыстоўваючы свае сексуальныя вартасці. Прыемна, што тыя асобы, якіх мы называем “героямі беларускай гісторыі”, у асабістым жыцці праяўлялі сябе па-іншаму. У іх сем’ях былі і каханне, і стабільнасць, і вернасць. Людзям было што абараняць і за што змагацца. Князь у спадніцы На жаль, з гісторыі сярэдневякоўя, як расказвае пісьменніца, звесткі можна знайсці толькі пра знаць. Рэдка ўдаецца натрапіць на запісы пра асабістае жыццё простых людзей. Праўда, некалькі такіх гісторый усё ж захавалася.— Жанчына, якая ўратавала Вітаўта, служанка яго жонкі Алена, аказваецца, помсціла за свайго жаніха, — успамінае Ірына Аляксандраўна. — Каханым Алены быў слуга Кейстута Рыгор Амуліч — беларус простага саслоўя, хрысціянін, які пайшоў за сваім гаспадаром-язычнікам у турму, да апошняга абараняў яго ад забойцаў і згарэў з ім у адным пахавальным вогнішчы. Алена знайшла, як адпомсціць забойцу свайго каханага — князю Ягайлу. Яна ўратавала цаной свайго жыцця Вітаўта, сына Кейстута, якога Ягайла таксама кінуў у вязніцу. Усім добра вядомы эпізод, калі Вітаўт выйшаў з затачэння ў жаночай вопратцы. Гэта Алена, памяняўшыся з князем адзеннем, ахвяравала сабой дзеля гаспадара. Яна верыла, што, атрымаўшы волю, князь адпомсціць Ягайлу, які зламаў таксама і яе жыццё. Складаны выбар Калі я папрасіла Ірыну Аляксандраўну расказаць самую яркую, на яе погляд, беларускую гісторыю кахання, пісьменніца задумалася на хвіліну.— Самае яркае мы ведаем. Ведаем, калі камусьці не далі ажаніцца і той доўга пакутаваў ці хтосьці камусьці здрадзіў... А вось пра тое, што чалавек кахаў свайго мужа ці жонку, нараджаў дзяцей, а пасля смерці суджанага засумаваў на ўсё жыццё — пра тое ў летапісах і хроніках не пішуць. Але ж найвышэйшы подзвіг — пражыць з чалавекам усё жыццё і любіць яго бясконца, — лічыць пісьменніца. — Жонка Вітаўта Ганна Смаленская кахала свайго мужа, нягледзячы на тое, што ён не быў ні ў асабістым, ні ў дзяржаўным жыцці асобай беззаганнай. І ніколі не папракнула ў тым, што ён паставіў яе перад самым жорсткім для жанчыны выбарам — паміж мужам і дзецьмі...Калі Вітаўт у барацьбе з Ягайлам вырашыў звярнуцца па дапамогу да крыжаносцаў, княгіня вымушана была стаць заложніцай магістра Конрада Цольнэра і пакінуць у Ордэне заложнікамі сваіх сыноў Івана і Юрыя. Праз нейкі час Ганна атрымала дазвол аб’яднацца з мужам, якога ёй раней не дазвалялася нават бачыць. Аднак, сустрэўшыся з ім, пачула нядобрую навіну: Вітаўт вырашыў ужо адмовіцца ад саюзу з крыжаносцамі і заключыць мір з Ягайлам. Гэта значыла парушэнне клятвы вернасці, прынесенай Ордэну, і... смерць дзяцей. Ганна магла ўратаваць сыноў, выдаўшы планы мужа магістру. Але тады смерць чакала б Вітаўта. Ганна выбрала мужа. Бог дзяцей ёй болей не даў. Яна пражыла ўсё жыццё з ім, была яму дарадцай, сябрам, апорай. Нават ворагі казалі: “Бог паслаў яму самую годную з жанчын!”Калі Ганна памерла, Вітаўт, маючы слабасць да жанчын, ажаніўся яшчэ раз. Але ніколі новую жонку не ставіў на тую вышыню, што папярэднюю, і завяшчаў пасля смерці пахаваць яго побач са сваёй Ганнай. Так і атрымалася, яны ляжаць разам у саборы Святога Станіслава ў Вільні.— Яшчэ шмат цікавых гісторый давядзецца адкрыць нам, — гаворыць Ірына Аляксандраўна. — Шмат перыядаў застаецца для нас амаль невядомымі. Нельга нават сказаць, што мы добра ведаем ХХ стагоддзе, якое было зусім нядаўна. Мы вельмі мала ведаем пра асабістае жыццё нашых культурных дзеячаў: хто ў каго быў закаханы, колькі ў чалавека было дзяцей, якая ў яго была сям’я. Так што з нецярпеннем будзем чакаць выхаду не толькі кніг “Назови меня единственной” і “Пока смерть не разлучит нас”, але і іншых новых прац Ірыны і Міколы, прысвечаных героям больш пазнейшых часоў. Каб адкрываць для сябе беларусаў, здольных на шчырае, чыстае і светлае пачуццё. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У персанажаў беларускай гісторыі, якія становяцца героямі мастацкіх твораў, было і каханне, і вернасць.
|
|