5 твораў выяўленчага мастацтва, якія павінен пабачыць кожны беларус
02.11.2011 08:58
—
Новости Культуры
|
5 твораў выяўленчага мастацтва, якія павінен пабачыць кожны беларус Візуальны вобраз заўжды пакідае моцнае ўражанне і вельмі добра запамінаецца. Часта нейкі дробны малюнак, маленькая рэпрадукцыя ў кнізе, фотаздымак ці нават этыкетка ад цукеркі запамінаюцца на ўсё жыццё. Выяўленчы вобраз уздзейнічае, выклікае нейкія асацыяцыі ці ўспаміны з мінулага. Ён жыве разам з намі, побач з намі, у кожным з нас. І, напэўна, выяўленчае мастацтва, якое мае безліч відаў ад графікі да скульптуры, у свой арсенал уключае найбольшую колькасць менавіта значных запамінальных вобразаў.
Нехта ўсё жыццё будзе памятаць партрэт Льва Сапегі з падручніка па гісторыі, у памяці іншага адаб'ецца карціна Веласкеса, а яшчэ ў кагосьці — выява Маці Божай Вастрабрамскай. Ніколі не ведаеш, дзе і калі напаткае цябе тое нешта, што прымусіць запомніць візуальны вобраз на ўсё жыццё. Кожны выяўленчы вобраз — гэта знак, і кожны народ мае свае знакі. Нешта важнае менавіта для гэтага народа. Крыж Еўфрасінні Полацкай? Сармацкія партрэты Радзівілаў? Кранальны віцебскі жывапіс Марка Шагала? Якія выяўленчыя знакі маюць беларусы і якія знакі яны абавязкова павінны пабачыць? Ёсць такія вобразы-знакі, якія варта не толькі запамінаць па волі лёсу, але і проста ведаць кожнаму адукаванаму чалавеку, схільнаму да разважанняў і ўдумлівасці. "Звязда" вырашыла пацікавіцца ў людзей культуры, якія ж творы выяўленчага мастацтва няблага было б пабачыць кожнаму нашаму суайчынніку. І чаму. Заданне гэтае сапраўды складанае, таму што выбар не быў абсалютна ніяк абмежаваны: ні храналагічна, ні стылістычна, ні геаграфічна. Некаторыя нават адмовіліся ад удзелу, назваўшы "заданне" прафанацыяй. Маўляў, як можна выбраць усяго толькі пяць твораў з усяго бяскрайняга мноства твораў выяўленчага мастацтва! Але — у кожнай апытанкі заўжды ёсць свае рамкі і свае ўмовы. Акрамя таго, выбраць — гэта свайго роду і адказнасць. Таму — асобная падзяка ўдзельнікам. У кожнага з іх сваё суб'ектыўнае ўяўленне пра тое, якія пяць твораў выяўленчага мастацтва павінен пабачыць кожны беларус. Самі па сабе яны — людзі цікавыя. Думаю, іх меркаванне будзе цікава і вам. У любым выпадку ў вас заўжды ёсць магчымасць скласці сваю пяцёрку. Алена Масла, пісьменніца-казачніца: 1. "Біблія" Францыска Скарыны. Варта прачытаць хоць бы адну вытрымку з мастацтвазнаўчага тэксту: "Кнігі Скарыны вылучаюцца высокімі выдавецкімі і друкарскімі якасцямі. Беларускае кнігадрукаванне адразу пачалося з высокага еўрапейскага ўзроўню. Рэнесансныя выданні Скарыны адметныя мастацкім, гравюрным, арнаментальным упрыгожваннем, шрыфтам і іншымі кампанентамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства... Кнігі Скарыны зрабілі вялікі ўплыў на развіццё духоўнай культуры Беларусі і Украіны, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай Русі..." 2. Абраз "Нараджэнне Маці Боскай" (1649) Пятра Яўсеевіча з Галынца. Знаёмства з абразамі Беларусі 15-18 стагоддзяў, роздум над асаблівасцямі беларускай іканапіснай школы, апроч уласна эстэтычнай асалоды і духоўнага ўздыму, дае найбагацейшую глебу для разваг пра характар і менталітэт беларусаў. Суцэльнае парушэнне канонаў іканапісу! Цытую мастацтвазнаўцаў: "Рэалістычныя выявы людзей, прадметаў побыту, краявіду; постаці малююцца аб'ёмна — а павінны быць падкрэслена бесцялесыя, выцягнутыя і апранутыя ў кананічную грэка-візантыйскую вопратку...". Названы абраз — адзін з яскравых таму прыкладаў. Гэта не толькі вынік уплыву на беларускія абразы ўсходняй і заходняй іканапісных школ. І не бунтарства. Нейкае звышразуменне чалавечай годнасці і свабоды, калі Чалавек-Творца размаўляе з Творцам Усявышнім, выяўляючы свой светапогляд, светаадчуванне і прызнаючы над сабой толькі Яго ўладу і волю. У сістэме такіх каштоўнасцяў цярплівасць, апранутая ў простыя світку і лапці, — прыкметы высокай духоўнасці, роднаснай манаству. Лапцюжнасць тут ні пры чым. 3. Партрэт Януша Радзівіла (каля 1652) Даніэля Шульца. Беларускі народны строй — неверагодна каштоўная і прыўкрасная з'ява. Гэта скарб, подых вечнасці, улоўлены майстрыцамі з народа. Беларусы ў ільняных вышыванках — гэта толькі частка нашай гісторыі. Беларусь сармацкая, шляхетная, збройная — пазірае на нас, нашчадкаў, з гэтага партрэта. 4. "Зямля" Фердынанда Рушчыца. Рай на Зямлі — гэта калі людзі навучацца жыць проста. Без хітрыкаў, ілжы, падману. Бо Зямля і Неба — гэта проста. І высока ў сваёй прастаце. Чалавек павінен спасцігаць гэтую ісціну штодзень. Сярод разваг і роздумаў, народжаных пад уздзеяннем "Зямлі" Фердынанда Рушчыца, гэтая выснова для мяне — галоўная. 5. "Беларус" Ільі Рэпіна. Вобраз беларуса, створаны Рэпіным, у свой час змяніў уяўленне сучаснікаў пра беларусаў як істот пакорлівых, забітых, з каўтуном у валасах. Жыццярадасны, дапытлівы позірк з гарэзлівым агеньчыкам і прагай жыцця нагадвае пра неабходнасць часцей адрывацца ад папер і экранаў камп'ютара, каб зазіраць у вочы людзей і шукаць у іх адвагу, рашучасць, прагу "людзьмі звацца" — тое, што насуперак пануючым стэрэатыпам некалі ўбачыў і паказаў свету мастак. Барыс Лазука, мастацтвазнавец, загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі: 1. Сабор Св. Пятра ў Рыме. Гэты твор архітэктуры і выяўленчага мастацтва важны і цікавы для чалавека нашага грамадства, для разумення сябе як верніка. Тут увасобіўся талент і мастака Мікеланджэла, і архітэктара Карла Мадэрнэ, і скульптара Джавані Берніні. Гэта, як кажуць, квінтэсэнцыя ўсяго лепшага, што было створана і ў часы Адраджэння, і ў эпоху барока. 2. "Асунта" Тыцыяна. Гэта магутны мастак і чалавек. Мяне захапляе яго вобразнае бачанне свету. "Асунта" — вельмі радасная карціна, яна нясе і зямное, і боскае святло. 3. "Паляўнічыя на снезе" Пітэра Брэйгеля Старэйшага. Гэта вельмі важны для мяне мастак, і я б хацеў, каб ён быў важны для беларусаў. Яго жанравыя палотны паказваюць нам свет простых людзей. Але пры дапамозе вельмі багатай сімволікі. Асабліва ён блізкі мне знакамітымі "Паляўнічымі на снезе", якія быццам перагукваюцца з настроямі любавання радзімай. Калі я гляджу на пейзажы Гаўрылы Вашчанкі, я адчуваю нешта падобнае... 4. Архітэктура Фёдара Шэхтэля. Гэта славуты расійскі архітэктар, яскравы прадстаўнік мадэрну. Яго творчасць варта пабачыць. Чаму? Часам прыватная архітэктура, мякка кажучы, мае не зусім добрыя рысы ў сэнсе разумення багацця, становішча ў грамадстве і г. д. А вось шэхтэлеўскія асабнякі нясуць у сабе тонкае адчуванне гармоніі, унутранага свету чалавека і яго знаходжання ў рэальным свеце. Гэтыя будынкі (напрыклад, асабняк Марозава) узводзіліся для вельмі заможных асоб. Але тут важны прынцып, адносіны і архітэктара, і заказчыка да таго прыватнага асяроддзя, якое яны ствараюць. 5. Палацавы комплекс Цвінгер (Дрэздэн) Маціуса Пёпельмана. У Беларусі апошнім часам з'явілася вельмі добрая дзяржаўная тэндэнцыя адраджэння даўніх беларускіх сядзіб, палацаў і замкаў. Але адраджэнне гэтае часам адбываецца не зусім, з майго пункту гледжання, правільна, з грубымі памылкамі. Кёпельман са сваім Цвінгерам мог бы быць тым увасабленнем нават не ідэалу, а яго варыянту, да якога трэба было б нам імкнуцца. Тым больш, што наш знакаміты новы палац у Гродне быў узведзены па праекце гэтага архітэктара. Святлана Бень, аўтар песень гурта "Сярэбранае вяселле", тэатральны рэжысёр: 1. Маляваныя дываны Алёны Кіш. У выпадку з мастачкай Аленай Кіш важна бачыць не столькі яе творы, колькі ведаць яе біяграфію. Яе гісторыя — вельмі тыповая гісторыя жанчыны-мастачкі ў Беларусі. У яе такая трагічная біяграфія: срэбраніцтва і самагубства. Наогул, беларускія мастакі, якіх я называю, ствараюць нейкі метафізічны вобраз Беларусі. Для мяне прынамсі. Гэтых мастакоў трэба ведаць, каб хоць нешта разумець пра Беларусь. 2. "Спадчына" Язэпа Драздовіча. Драздовіч — містык, падарожнік, бадзяга... Тонкі, інтуітыўны, душэўны мастак, які вельмі любіў сваю радзіму. 3. Творчасць Марка Шагала. І, наогул, уся творчасць віцебскіх мастакоў шагалаўскай пары. І яго выкладчык Іегуда Пэн. І Эль Лісіцкі. Таксама творчасць Малевіча і аб'яднання авангарднага мастацтва УНАВІС. Усё гэта — эпоха дарэвалюцыйная, у Віцебску віравала нейкае неверагоднае мастацкае жыццё. Гэта вельмі важна ведаць. 4. Скульптуры Нікі дэ Сан-Фаль. Гэтая мастачка не мае ніякага дачынення да Беларусі, але мне здаецца, што калі б такі мастак у Беларусі быў, то мы б жылі крыху па-іншаму. Мне хочацца, каб пра творчасць гэтай мастачкі ведалі ўсе і каб рана ці позна такі чалавек у Беларусі з'явіўся. Гэта італьянская мастачка поп-арту, якая рабіла гіганцкія, памерам з высокія дрэвы, прыгожыя скульптуры. Вельмі сакавітыя, сонечныя. Чаго абсалютна не хапае беларускай скульптуры, архітэктуры і, наогул, беларускай рэчаіснасці. 5. Драўляныя скульптуры Міколы Тарасюка. У мяне ёсць кніжка "Сялянская энцыклапедыя". Яна выйшла нядаўна, невялікім накладам і была імгненна раскуплена. Кніжка прысвечана наіўнаму мастацтву Міколы Тарасюка. Ён выразае драўляныя скульптуры. Гэта вельмі пажылы дзядуля, які жыве адзін у вёсцы ў Брэсцкай вобласці, дзе засталося ўсяго два двары. У сябе дома ён зрабіў музей "Успаміны спадчыны". Там яго фігуркі выбудаваны адмысловым чынам. Яны ўзнаўляюць цыкл сялянскіх работ і сямейных абрадаў, падрабязна распавядаюць пра сялянскае жыццё беларусаў ХХ стагоддзя. Яшчэ ён робіць скульптуры на розныя тэмы: супраць ядзернай вайны, супраць прыгнёту мужычка злымі чыноўнікамі. І заўжды ў яго вельмі дасціпныя філасофскія каментарыі да скульптур. Ён чароўны чалавек, такі, пра якога б, напэўна, толькі Кустурыца змог бы зняць кіно. Таму што ён парадаксальны і вельмі традыцыйны адначасова. Мне здаецца, што ён такі "беларус-беларус", чароўны-чароўны. Уладзімір Пракапцоў, мастак, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: 1. "Джаконда" Леанарда да Вінчы. Гэта вялікая таямніца, з-за якой дыскутуюць на працягу некалькіх стагоддзяў. Хто гэта? Ці гэта вобраз каханай жанчыны? Ці гэта аўтапартрэт ? Гэтую карціну патрэбна пабачыць, каб паспрабаваць разгадаць вечную таямніцу. Магчыма, разгадаўшы яе, беларусы разгадаюць і нейкія іншыя. 2. "Герніка" Пабла Пікасо. На гэтай карціне мы назіраем унутраны працэс мастака супраць навалы таталітарызму, экспансіі... Маецца на ўвазе, супраць фашызму... Але не толькі фашызму... Калі сёння асэнсоўваць "Герніку", то гэта своеасаблівы маніфест пратэсту супраць усіх катаклізмаў, асабліва, звязаных з войнамі, таталітарнымі з'явамі... 3. "Навальніца над Таледа" Эль Грэка. Гэтую карціну варта пабачыць, каб ведаць, што ёсць мастакі-празорцы, якія некалькі стагоддзяў таму пісалі так, што сёння гэта выглядае абсалютна сучасна. 4. Ікона "Параскева Пятніца" са Случчыны, сярэдзіна ХVІ ст. Гэта абраз беларускай школы, які сімвалізуе сабой Маці не толькі Боскую, але і маці як архетып. Яна выпраменьвае такое хараство, радасць, чысціню! У "Параскевы" можна гэтаму вучыцца. 5. "Зімні сон" Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Мне асабіста гэты мастак вельмі блізкі, ён такі беларускі імпрэсіяніст. Дарэчы, 28 лютага будзе адзначацца 140-годдзе з дня яго нараджэння. На гэтай карціне вельмі добра перададзена атмасфера беларускай зімы. На нюансах, тонка, на паўтанах. Тут мы бачым і каплічку. Гэта нейкім чынам прымушае задумацца пра духоўнае. Алесь Матафонаў, тэлевядучы, аўтар перадачы "Лабірынты" на тэлеканале "ЛАД": 1. Фрэскі ў Полацкай Спаса-Праабражэнскай царкве. Яны датуюцца ХІІ і ХІХ стагоддзямі. Фрэскі пачалі вывучаць і даследаваць яшчэ ў 60-я гады. Шмат старажытных фрэсак было раскрыта беларускім рэстаўратарам і мастаком Уладзімірам Ракіцкім. У апошнія гады ў храме працуюць беларускія і расійскія спецыялісты, якія нядаўна зрабілі сенсацыю — адкрылі выявы першых рускіх святых пакутнікаў Барыса і Глеба. У гэтым не было б нічога незвычайнага, калі б не час іх выканання — ХІІ стагоддзе, трохі больш за сто гадоў пасля кананізацыі. Да гэтага часу самыя раннія выявы святых братоў датаваліся ХІІІ стагоддзем. Ёсць верагоднасць таго, што выявы Барыса і Глеба ў полацкім храме маюць партрэтнае падабенства. Акрамя таго, што фрэскі маюць велізарнае гістарычные і мастацкае значэнне, яны з'яўляюцца сведчаннем таго, якую важную ролю адыгрываў Полацак у першыя гады Хрысціянства ва Усходняй Еўропе. 2. Сармацкі партрэт. Наогул, раю пабачыць хоць адзін твор "жывапіснага натуралізму" ХVІІ стагоддзя. Сармацкі партрэт быў прадстаўлены ў магнацкіх зборах мастацтва. Найбольш шырока — у Радзівілаўскай галерэі ў Нясвіжы. Перад мастаком ставілася задача стварыць маляўнічы двайнік мадэлі, упрыгожаны дадатковай інфармацыяй — атрыбутамі, гербамі, подпісамі. Элементы выяўленчай сістэмы еўрапейскіх мастакоў былі добра ўспрыняты і пераасэнсаваны ў Беларусі. Дзякуючы гэтаму тут паўсталі выдатныя сармацкія партрэты, сярод якіх мне асабіста найбольш падабаюцца "Партрэт Грызельды Сапегі", "Партрэт Яна Сабескага" (мастака Аляксандра Тарасевіча з Глуска). 3. Пейзажы Напалеона Орды. Цяжка сабе ўявіць мастацтва Беларусі без творчасці гэтага славутага мастака-пейзажыста. Ён стварыў поўнае і праўдзівае аблічча Беларусі пачатку і сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Акварэлі і малюнкі Орды пераводзіліся ў літаграфіі і выдаваліся альбомамі, графічнымі серыямі. Мяркую, кожны беларус павінен мець у сябе дома альбом з творамі Напалеона Орды. Асабіста мне вельмі падабаюцца яго літаграфія "Камянец-Падольскі" (Украіна) і малюнак "Палац Цеханавецкіх" (Магілёўшчына). 4. "Карагод" (Ляльнік) (1921—1922) Міхася Філіповіча. Гэты беларускі мастак захапляўся імпрэсіянізмам. Багацце фарбаў, што зліваюцца ў адвечным карагодзе, набліжаюць нас да першасных уяўленняў беларусаў пра хараство. 5. "Жніво" (1937) Міхася Сеўрука. Гэта карціна Свету, сімвал Веры. Тут ёсць і Прычасце — там стары, як святы, рэжа Хлеб — і Мадона — маці з дзіцем, і касцы, нібы анёлы. Гэта карціна пра ўсё, што ёсць у Беларусі. Яна была напісана па замове Віленскага беларускага музея Луцкевіча, знаходзілася там нейкі час і сёння захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Візуальны вобраз заўжды пакідае моцнае ўражанне і вельмі добра запамінаецца. Часта нейкі дробны малюнак, маленькая рэпрадукцыя ў кнізе, фотаздымак ці нават... |
|