Унікальныя бела-чырвоныя ручнікі ткуць у Семежаве,. 21.by

Унікальныя бела-чырвоныя ручнікі ткуць у Семежаве,

15.03.2012 15:38 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Унікальныя бела-чырвоныя ручнікі ткуць у Семежаве


“У матрушы”. Па тэхніцы з такой назвай у Семежаве Капыльскага раёна ткуць унікальныя бела-чырвоныя ручнікі, аналагаў якім няма ва ўсёй Беларусі.
 
Абзавесціся абноўкай сёння вельмі проста — былі б грошы. У крамах хапае і кашуль, і штаноў, і спадніц... А раней як было? Амаль усё ткалі ўласнымі рукамі. Да нашага часу ў многіх вясковых хатах захаваліся тканыя ўборы, посцілкі і ручнікі. Дзесьці можна ўбачыць нават кросны. Але хто на іх ужо тчэ? Прамая перадача традыцыі ткацтва ад маці да дачкі ці ад бабулі да ўнучкі амаль зусім знікла. Маладое пакаленне не ведае ні як на панажы наступіць, ні як чаўнок пускаць... Але толькі не ў Семежаве Капыльскага раёна, дзе ў цэнтры ткацтва школьнікі пад кіраўніцтвам народнага майстра Валянціны Кіені спасцігаюць таямніцы гэтага старажытнага рамяства, у прыватнасці — закладной тэхнікі, якая захавалася толькі ў гэтай мясцовасці.
 
Ручнік з арлінымі ножкамі

“Бы звычайная вясковая хата”, — падумала, здалёк убачыўшы цэнтр ткацтва ў Семежаве. Аднак, увайшоўшы ў будынак, уразілася: і для вясковай хаты надта шмат у ім тканых ручнікоў, абрусоў, посцілак... Нават на падлозе — тканая яркая дарожка. І ступіць страшна — музейны эскпанат усё ж.

— Ступайце смела. Для таго ж і ткалася, каб ёю карысталіся, — сустракае ў дзвярах спецыяліст цэнтра Таццяна Волкава, якая з радасцю расказвае мне пра зараджэнне ў Семежаве ткацкіх традыцый. — Вядома, Радзівіл, які заснаваў нашу вёску, спецыяльна запрашаў у яе людзей, якія добра валодалі навыкамі ткацтва. Асаблівасцю ж семежаўскага ткацтва з’яўлялася закладная тэхніка, па якой ткаліся арнаментаваныя вырабы. І сёння зайдзі ў любую хату — убачыш вытканыя па гэтай тэхналогіі, ці па-мясцоваму “ў матрушы” бела-чырвоныя ручнікі, набожнікі (ручнікі на абразы), настольнікі (абрусы).

Але, вядома, найбольш іх у цэнтры ткацтва, які быў адкрыты ў Семежаве ў 2005 годзе спецыяльна дзеля захавання старажытнага бабулінага рамяства.

Лічыцца, што закладная тэхніка развілася на аснове прыёмаў, якія выкарыстоўваліся ў вытворчасці шпалер і бязворсавых дываноў, таксама досыць папулярнай на Капыльшчыне.

Усяго існавала каля дваццаці геаметрычных арнаментаў, якія выкарыстоўваліся ў закладной тэхніцы.

— Вось “чырвоная зорка”, “лупач”, “блудны крыж”, “грэбень”, “п’яўка”, “бярозавы лісток”, — знаёміць мяне з ручнікамі Таццяна Волкава. — А вось “качачкі” і “арліныя ножкі”.

Што цікава, многія з іх запазычаны з кіеўскіх ручнікоў. Вядома, паміж Семежавам і Украінай існаваў вельмі зручны водны шлях зносін — па рэках Морач, Случ, Прыпяць, а далей па Дняпры. За тыдзень семежаўскія майстры ўмудраліся заехаць па гэтым шляху ва Украіну, прадаць там свае вырабы, купіць мясцовы тавар і вярнуцца назад.
 
Ткачыха Валянціна

Закладная тэхніка патрабавала шмат і часу, і сіл, таму амаль не была распаўсюджана на Беларусі. Сёння хіба толькі ў Семежаве і ўбачыш жывых носьбітаў гэтых ткацкіх традыцый. Вось, дарэчы, і адна з іх — народны майстар Валянціна Кіеня, якая працуе ў цэнтры ткацтва і адкрытай на яго базе школе ткачоў, перадаючы свае навыкі маладому семежаўскаму пакаленню. Валянціна Міхайлаўна, якой сёння ўжо за 70 гадоў, добра памятае тыя часы, калі ў Семежаве ткалі літаральна ў кожнай хаце.

— Падчас вайны тут жа ўсё пагарэла — і сёлы, і куфры... — успамінае майстар. — Трэба было ўсё аднаўляць. Толькі з пражы і жылі. Вясной насеем лёну, восенню натром, зімой спрадзём, вытчам палатно, на наступную вясну выбелім, а на зіму — расшыем. І зноў за працу. Трэба ж было і мяшкі ткаць, і посцілкі, і адзенне. Як казалі, льном і апраналіся, і накрываліся, і падсцілаліся.

— Акрамя таго, бабуля Валянціна 11 гадоў адпрацавала на Слуцкай фабрыцы мастацкіх вырабаў, была надомніцай — працу ёй прывозілі дахаты. А калі скарацілі — пайшла даяркай у калгас.

— Дазнаўшыся, што я добра знаёма з ткацтвам, мяне запрасілі навучыць рамяству дзяцей, — расказвае Валянціна Міхайлаўна. — Спачатку працавала ў клубе, потым у школе, а вось цяпер тут, у цэнтры ткацтва і школе ткачоў — штодзень па чатыры гадзіны. Бабы смяюцца: сядзела б лепш дома. Але як жа быць без занятку! І гаспадарку невялікую трымаю: свіней, курэй, сабаку з катом. І ў калгасе старажую. Вось і сёння прыйшла з дзяжурства а палове пятай, да шасці паспала, выпаліла печ, накарміла жывёлу і сюды прыйшла — няма калі адпачываць.
 
Замест ноўтбука — кросны

Працаваць у цэнтры бабулі Валянціне ў радасць: яна нібы вяртаецца ў маладосць, вучачы дзетак старажытнаму рамяству. У цэнтры пастаўлены некалькі ткацкіх станкоў — што зроблена на заказ, што куплена ў семежаўскіх майстрых. Толькі вось з ніткамі праблема.
— Сучасны матэрыял не параўнаць ні па якасці, ні па кошту з былым, — гаворыць Валянціна Міхайлаўна. — Загарышся што сабе саткаць — дык жа грошай не набярэшся! Ды і нітак ільняных сёння амаль не сустрэнеш, карыстаемся ірысам. А раней кожны сам вырошчваў лён, уручную яго вырывалі, білі, слалі ці мачылі ў рэках, сушылі, церлі, трапалі, а пасля ўжо і пралі.

Сёння ў Валянціны Міхайлаўны займаюцца дзевяць дзяцей. І, што цікава, не толькі дзяўчаты, але і хлопчыкі. Хаця тут не павінна быць нічога дзіўнага — раней ткацтва было мужчынскай справай.

— Мая прабабуля была вядомай у Семежаве ткачыхай, — расказвае, працуючы за кроснамі, чатырохкласніца Насця Лянько. — Дык дзед Вова захацеў, каб і я навучылася ткаць. Сам прыходзіў у цэнтр, глядзеў, як працую. Для яго гэта вялікая радасць. Ды і мне самой цікава — наступаць на панажы, падбіраць колеры.

...А яшчэ, відаць, і выступаць на конкурсах. Як расказала Валянціна Міхайлаўна, вучні не могуць дачакацца, калі чарговы раз паедуць на які конкурс ці выстаўку. Заўсёды прыемна, калі тваю працу ацэньваюць і разумеюць. Так, для кагосьці дзіўна, чаму гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі сядзяць не за ноўтбукамі і айпадамі, а за кроснамі? Што яны знайшлі ў тым ткацтве? Як прызнаюцца самі школьнікі, сапраўднае мастацтва, повязь часоў і... проста цікавы і небанальны занятак.
 
У Беларусі будзе адноўлена вытворчасць слуцкіх паясоў
Гэту ідэю ініцыяваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Як вядома, слуцкія паясы з’яўляліся ўнікальнай з’явай сусветнай і нацыянальнай мастацкай культуры ў другой палове XVIII — пачатку XIX стагоддзя. Тэхналогія іх вырабу была настолькі складаная, што на яе вывучэнне ішло сем і больш гадоў.
На жаль, сёння сакрэты тэхналогіі ткацтва слуцкіх паясоў страчаны і патрабуюць скрупулёзнага навуковага аднаўлення. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы пачалася ўжо вялікая комплексная работа гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, тэхнолагаў, дызайнераў, ткачоў-практыкаў сумесна з прадпрыемствамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па адраджэнню вытворчасці слуцкіх паясоў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
“У матрушы”. Па тэхніцы з такой назвай у Семежаве Капыльскага раёна ткуць унікальныя бела-чырвоныя ручнікі, аналагаў якім няма ва ўсёй Беларусі.   Абзавесціся...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика