Новая экспазіцыя Музея Янкі Купалы: архіўныя матэрыялы і 3D-тэхналогіі
12.07.2012 11:44
—
Новости Культуры
|
Новая экспазіцыя Музея Янкі Купалы: архіўныя матэрыялы і 3D-тэхналогіі ![]() Галоўная мэта новай экспазіцыі — яшчэ шырэй паказаць жыццё і творчасць першага народнага паэта Беларусі ў нацыянальным, еўрапейскім і сусветным кантэксце, адлюстраваць ролю пісьменніка ў нацыянальнай літаратуры, культуры і станаўленні беларускай дзяржаўнасці, у тым ліку і з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій. Асноўны мастацкі вобраз, які пройдзе праз усю экспазіцыю, — шляхі. Гэта шляхі Купалы па Беларусі і шляхі Купалы да Беларусі. Пра гэта паведаміла "Р" дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч. Што ж новага можна будзе ўбачыць наведвальнікам? Напрыклад, рукапісы Купалы, якія звычайна не экспануюцца і знаходзяцца ў сховішчах музея. На плазменных экранах іх можна будзе нават пагартаць, паглядзець на почырк песняра, яго праўкі, дый на саму паперу, якая, асабліва ў рукапісах дарэвалюцыйных, таксама мае ўжо гістарычную каштоўнасць. Дзякуючы 3D-тэхналогіям наведвальнікі змогуць адчуць атмасферу таямнічага і загадкавага свята Купалле. Відэаздымкі яго спецыяльна рабіліся ў ваколіцах Вязынкі — найпрыгажэйшага куточка Маладзечаншчыны, дзе нарадзіўся будучы паэт, які праз гады возьме сабе прыгожы псеўданім Янка Купала і стане вядомым з гэтым імем на ўвесь свет. Новая тэма ў экспазіцыі — шляхетнае паходжанне песняра. Упершыню будуць прадстаўлены многія архіўныя матэрыялы аб родзе Луцэвічаў, пачынаючы з 17-га стагоддзя. Яны раскажуць, як продкі Купалы страцілі шляхетнае паходжанне і як імкнуліся яго даказаць. Яшчэ адна цікавая тэма — Купала-санетапісец. Доўгі час стваральнікам першых санетаў у сучаснай беларускай літаратуры лічыўся Максім Багдановіч, але сёння ўжо вядома, што гэта — Янка Купала, з-пад чыйго пяра раней выйшлі 22 санеты на польскай мове. У асобнай музейнай зале можна будзе даведацца пра Івана Дамінікавіча Луцэвіча як гараджаніна, мінчаніна. У беларускай сталіцы паэт пражыў з 1919-га па 1941 год. Дом Купалы ў Мінску ведалі ўсе і называлі яго "домам пад таполяй". Вядома таксама, што гэты дом заўсёды быў гасцінна адчынены для наведвальнікаў і сяброў. Ёсць успаміны сучаснікаў паэта, што ў жонкі Янкі Купалы Уладзіславы Францаўны кожны дзень абед быў прыгатаваны на 25 чалавек. Дарэчы, музейныя мемарыяльныя інтэр’еры — кабінет, гасцёўня Купалы — цяпер папоўняцца многімі прадметамі быта, якія раней захоўвалі ў запасніках. Першымі адкрыюцца тры залы новай экспазіцыі. Надалей праца будзе працягвацца. Як адзначае Алена Ляшковіч, цікавых задумак шмат. Напрыклад, адна з іх — стварэнне інтэрактыўнай зоны, тэма якой звязана са знакамітым вершам Янкі Купалы "Хлопчык і лётчык". Як сведчыць практыка літаратурнага музея песняра, гэты верш, як ніякі іншы, і сёння выклікае вялікую цікавасць у дзяцей. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сучасныя тэхналогіі дазволяць "пагартаць" рукапісныя зборнікі Янкі Купалы, а архіўныя дакументы раскажуць пра яго радавод з 17-га стагоддзя.
|
|