У якія прымхі і забабоны верылі нашы продкі?. 21.by

У якія прымхі і забабоны верылі нашы продкі?

04.10.2012 11:00 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У якія прымхі і забабоны верылі нашы продкі?

           


Фото: holiday.by
Фото: holiday.by
“Не мяці хату нанач — кагосьці з хатніх “вымецеш”. Не здароўкайся праз ганак — сварыцца будзеш. Не сядай на парог — замуж не выйдзеш. Стаў венік “галавою” ўверх — грошы заўсёды будзеш мець”, — часта вучыла мяне бабуля. А я ўсё плячыма паціскала: і што гэта яна выдумала? “І зусім не выдумала, — апраўдвалася бабуля. — Мяне так тата з маці вучылі. А ім іх бацькі расказвалі”. Адкуль жа растуць карані тых забабонаў? Ці ўсе беларусы аднолькава ў іх верылі? І якія з прымхаў дайшлі да нашага часу і захоўваюцца ў паўсядзённым жыцці?

“Прыхаметы” з Палесся

— Варта сказаць, што словы “прымхі” і “забабоны” збольшага — ініцыятыва навукоўцаў і збіральнікаў фальклору, — тлумачыць доктар філалагічных навук, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Валодзіна. — Гэта ацэначныя словы. У народзе папросту існаваў і існуе вялікі комплекс правілаў — цаглінак ці бярвенцаў, з якіх складаецца ўвесь будынак народнага жыцця з першага да апошняга вянка. Правілы ўключаюць забароны, прадпісанні і прыкметы, якія мы з вышыні сучаснага досведу называем прымхамі і забабонамі. Дарэчы, на Падняпроўі і сёння існуе слова “прыхаметы”. Гэта тыя ж самыя прадпісанні, вераванні, уяўленні, у дакладнасць якіх можна верыць або не. Распаўсюджанне слова атрымала дзякуючы Аляксандру Сержпутоўскаму — аўтару кнігі “Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў”, напісанай у 1930-я гады.

Толькі вось навошта спатрэбіліся нашым продкам тыя правілы?

— Чалавек знаходзіўся ў стане арганічнай еднасці з наваколлем. Кожны складнік жыцця бачыўся яму калі не жывым, то вельмі адухоўленым, — гаворыць Таццяна Васільеўна. — Ідучы ў лес, да прыкладу, нашы продкі абавязкова віталіся з ім, звярталіся да лесавога духа ці вужынага караля. Мяне вучылі пры ўваходзе ў лес казаць: “Вуж, вуж, не кажы нікому, што бачыў мяне, а я не скажу нікому, што бачыла цябе”. Лічылася, што, прамовіўшы так, не сустрэнешся са змяюкай.

А ты мне што?

Чалавеку хацелася жыць у гармоніі з прыродай. І для таго, каб правільна выбудоўваць свае адносіны з іншымі элементамі сусвету, ён стварыў цэлую сістэму правілаў.

— Галоўная ідэя ўсіх гэтых правілаў, або прымхаў і забабонаў, як сёння кажуць, — нічога нельга зрабіць, не адказаўшы пасля за свой учынак, ці, кажучы сучаснай мовай, за ўсё трэба плаціць. Чалавек стараўся рабіць усё правільна, каб, як той казаў, не атрымаць у карак.

Другое правіла паводзінаў чалавека можна апісаць як “я табе — ты мне”. Чалавек верыў, што, зрабіўшы нейкае добрае дзеянне, ён абавязкова атрымае штосьці ў адказ: я табе, дамавічок, кладу хлебца, а ты спрыяй мне ў хаце; я цябе, асінка, не буду ссякаць, а ты зрабі, каб зубы не балелі; я табе, мышка, першы сноп падарую, а ты ўвесь ураджай пакінеш некранутым.

З царквы да дамавічка

Правілы існавалі ў дачыненні да ўсяго: вядзення гаспадаркі, выхавання дзяцей, вырошчвання раслін... Ідзеш у лазню — павітайся: “Хрышчоны на палок — нехрышчоны з палка”, — каб усе злыя духі пайшлі прэч. Пераходзіш у новую хату — запусці першым ката ці пеўня, каб усё дрэннае, калі яно ёсць у будынку, перайшло на жывёліну. Пачынаеш садзіць у агародзе — прамоў: “Радзі, Божа, на усялякага долю — на нямога, на сляпога і на мяне”. Выходзіш з дому — абавязкова пакліч: “Анёл мой, пойдзем са мной, ты наперадзе, а я за табой”.

— Хрысціянскія прынцыпы і народныя правілы ніколі не супярэчылі адзін аднаму, — тлумачыць фалькларыст Таццяна Валодзіна. — Вясковая бабуля і сёння абсалютна шчыра пакладзе хлебца дамавічку і пойдзе ў царкву. Ці на Вялікдзень, падзяліўшы асвечанае яечка паміж сваімі роднымі, пакіне кавалачак хатняму духу. Зусім не таму, што бабуля ўяўляе сябе язычніцай ці няверуючай.

За лаянку — прэч з печы

Так-так, многія і сёння шчыра вераць у забабоны і прытрымліваюцца пэўных традыцыйных правілаў. Асабліва яўна гэта адчуваецца на Палессі.

— Сёлета былі з экспедыцыяй у Касцюковіцкім і Хоцімскім раёнах Магілёўскай вобласці. Проста неверагодна, як захаваліся тут народныя традыцыі і вераванні. Нават цяжка паверыць, што ў 2012 годзе могуць, да прыкладу, так шчыра расказваць пра асабістыя дачыненні з духамі наваколля — палявым, лясным, хатнім... Дамавік, як расказала нам практычна кожная бабуля, абавязкова мусіць жыць у хаце, бо без яго ніяк.

Пакрыўдзіцца хатні дух — мала не будзе. Ён можа і посуд пабіць, і спаць не даваць, і рэчы пахаваць, і ката з печы скінуць... Таму трэба старацца не лаяцца і не грымець у хаце, а яшчэ час ад часу задобрываць дамавічка: пакідаць яму нанач хлеб на стале або класці салодкі блін на акно ў сенцах.

— Скажам, у Гродзенскім раёне такой жывой веры ў духаў сёння ўжо не сустрэнеш — на заходніх тэрыторыях Беларусі “забабоннасць” народа значна ніжэйшая, — гаворыць Таццяна Васільеўна. — Аднак гэта не азначае, што традыцыйная культура там бяднейшая. Проста там больш глыбока распрацаваны яе іншыя пласты.

Што ні кажы, а продкі нашы былі яшчэ тымі мудрацамі. Таму, можа, і варта прыслухацца да таго-сяго.

Яйкам па галаве

Вядома, нашмат больш, чым звычайныя дні, напаўняліся забабонамі розныя святы — нараджэнне дзіцяці, вяселле, рэлігійныя святы... Да прыкладу, на Узвіжанне, якое адзначалі нядаўна праваслаўныя вернікі, забараняецца хадзіць у лес, бо лічыцца, што там збіраюцца ў свой вырай усялякія “гады”, а таксама займацца агароднымі справамі.

— Чым большы статус мае свята, тым большая колькасць самых розных прыкмет, правілаў і забабонаў, — гаворыць Таццяна Валодзіна. — На вяселлі як свяце выключным наогул кожны крок рэгламентаваны: як апранацца, як сядаць за стол, што першае есці...

Верыць сёння ў гэтыя забабоны ці не? А хто яго ведае. Часам надта ўжо дзіўныя прыкметы сустракаюцца. Да прыкладу, нашы продкі верылі: калі даесці тое, што патачылі мышы, зубы будуць белымі і здаровымі; калі патапіць нованароджаных кацянят у “жаночыя” дні, у трэцім пакаленні сям’і можа быць тапелец; калі пакачаць першае знесенае курыцай яйка па галаве дзіцяці, птушка будзе несці шмат яек. Але ж гэтыя забабоны былі! І відаць, не проста так прыдумалі іх нашы прапрапрадзеды.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Не мяці хату нанач - кагосьці з хатніх "вымецеш". Не здароўкайся праз ганак - сварыцца будзеш. Не сядай на парог - замуж не выйдзеш. Стаў венік "галавою" ўверх - грошы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика