Ад ростаняў да ростаняў
03.11.2012
—
Новости Культуры
|
ЯК УСПАМІНАЛІ ў Пінкавічах вучні, якіх, шкада, ужо няма на гэтым свеце, урокі Якуб Колас вёў вельмі цікава. Яны гаварылі: «Настаўнік вучыў нас так, каб сапраўды навучыць». Канстанцін Міцкевіч выкладаў і літаратуру, і матэматыку, і пісьмо, і гісторыю, і спевы. Збіраў у Пінкавічах мясцовыя прымаўкі, песні. Дарэчы, вельмі добра граў на балалайцы. Браў гэты інструмент у рукі і казаў: «А зараз, дзеткі, у нас будзе ўрок спеваў. Давайце будзем спяваць». У настаўніка з вучнямі была любімая песня «Чаму ж нам не пець, чаму не гудзець, калі ў нашай хатачцы парадак ідзець…» А Міхаіл Ткачык, таксама былы вучань Коласа, які хадзіў у школу пры настаўніку Міцкевічу адну зіму, памятаў, што той быў просты, добразычлівы. Яго ўрокі праходзілі хутка, аповед Колас вёў цікава, дзеці сядзелі ціха, дысцыпліну не парушалі…
Заканчэнне. Пачатак у нумары за 2 лістапада г. г. Петыцыя і паліцыя Два гады працаваў у Пінкавічах Пінскага раёна Канстанцін Міцкевіч. Мабыць, настаўнічаў бы тут і далей, але жыццё зрабіла новы віток. …Жыў у гэтай мясцовасці пан Сігізмунд Скірмунт. Ён не дазваляў сялянам пасвіць статак, лавіць рыбу. І тут прыйшлі Каляды. — А сяляне прывыклі, што на Каляды ў іх заўсёды на стале рыба. Падаліся да настаўніка параіцца: «Як жа быць, пан не дае рыбу лавіць?» Якуб Колас і кажа: «Давайце напішам пану петыцыю». Яны склалі дакумент, дзе прасілі, каб ён дазволіў пасвіць статак, лавіць рыбу. Адправілі гэтую петыцыю. Пан не адказаў, тады сяляне ізноў прыйшлі да настаўніка. А ён кажа: «Пан ловіць рыбу, і вы лавіце». Пайшлі сяляне на рэчку, і Якуб Колас разам з імі. Налавілі багата рыбы, але знайшліся тыя, хто выдаў настаўніка і сялян, — расказвае ў музеі ў Пінкавічах яго дырэктар Ніна Палавец. — Прыехала паліцыя, арыштавалі Канстанціна Міцкевіча, сялян, пасадзілі ў турму ў Пінску. Зрабілі ў школе вобыск, але нічога крамольнага ў настаўніка не знайшлі. Два тыдні сядзелі Якуб Колас і вяскоўцы ў турме, але настаўнік здолеў даказаць, што нічога кепскага яны не зрабілі. Панскі маёнтак не спалены, яны хацелі мірным шляхам дамовіцца са Скірмунтам. І тады ўсіх выпусцілі. Але ад паліцыі пайшла папера ў Мінск, каб настаўніка перавялі куды-небудзь у іншае месца. Таму што лічылі, што ён падбухторвае сялян. Дарэчы, мабыць, Якуб Колас сапраўды не вельмі баяўся ўлад, бо ёсць яшчэ такія ўспаміны жыхара Пінкавіч Паўла Лоя: «У Лоя Аляксандра былі хрэсьбіны, сярод гасцей былі поп і дзяк. А таксама Канстанцін Міцкевіч. Выпілі па некалькі кілішкаў. Пачалі спяваць песні. Дзяк прапанаваў нагрэць самавар. «Замест цара давайце паставім самавара!» — сказаў Канстанцін Міхайлавіч. Дзяк учуў гэтыя словы і перапытаўся: «Што вы сказалі?» Якуб Колас паўтарыў. Дзяк абурыўся і прыгразіў настаўніку, што той панясе адказ за свае словы. А потым хадзіў па вёсцы з паперай і шукаў людзей, каб пацвердзілі, што Колас зняважліва адазваўся аб цару. Але сяляне як адзін казалі, што нічога такога не чулі. Падпісаў данос толькі поп. Канстанціна Міцкевіча арыштавалі і пасадзілі на два тыдні ў арыштанскі дом у Пінску». — Пасля падзей з петыцыяй прыйшло паведамленне, што настаўніка пераводзяць у іншую школу. Ён адправіўся ў вёску Верхань, за Мінск. Не хацелася Якубу Коласу адсюль выязджаць. Таму што людзі палюбілі настаўніка, а ён іх. Але ён казаў: «Лепш працаваць дзе-небудзь у школе, чым сядзець у турме». Дарэчы, менавіта на Піншчыне Колас пачаў займацца рэвалюцыйнай дзейнасцю, — дапаўняе Ніна Палавец. — У трылогіі «На ростанях» пісьменнік успамінае Пінкавічы. Нашы жыхары сталі прататыпамі яго герояў. Нават прозвішчы нашы: Снежка, Каль і інш. Колас вельмі сумаваў па Палессі. І ў творы «Сымон-музыка» ў вусны дзеда, які «любіў балот разлогі, глуш лясоў, дзе ён узрос, дзе хадзілі яго ногі летнім часам і ў мароз» уклаў такія словы: «Хоць бы раз яшчэ, здаецца, на Палессе мне зірнуць: так душа туды ірвецца — пушчы роднай спеў пачуць». Але, вядома, Якуб Колас быў вельмі заняты чалавек, і яму не здарылася прыехаць у Пінкавічы. Ды вучні школы пісалі яму лісты, ёсць адказы на іх. У музеі — копіі той перапіскі, як і петыцыі, арыгінал якой захоўваецца ў Вільнюсе. Сшыткі згарэлі — Калі Якуб Колас жыў у нашых мясцінах, ён сябраваў са старастай царквы, у якога было пятнаццаць дзяцей. І аднаго з іх Канстанцін Міхайлавіч хрысціў. І нашчадкі той сям’і ўспаміналі, што пасля вайны на гарышчы хаты знайшлі сшыткі, у якіх пісаў Колас. Почырк у настаўніка быў роўненькі, прыгожы. Але тыя сшыткі не захаваліся. Таму што пасля вайны людзям не было чым падпальваць печ, і папяровыя знаходкі згарэлі… — Вяскоўцы адзначалі такі факт: калі бацькі прыносілі ў знак падзякі настаўніку, напрыклад, малако, яйкі, Канстанцін Міхайлавіч ніколі нічога не браў. Казаў: «У вас вялікія сем’і, у вас дзеці, гадуйце іх». А калі заходзіў у сялянскую хату, ніколі не цураўся простага люду, за стол заўсёды садзіўся. На хрэсьбіны яго аднойчы запрасілі. І ён там быў, сядзеў з людзьмі, вяскоўцы спявалі песні. Адна жанчына расказвала, што жанкі спявалі, а Колас за імі запісваў. Вяскоўцы ўспаміналі настаўніка з цеплынёй, удзячнасцю, добразычлівасцю. У музеі? У Коласавай школе! Пінкаўцы ніколі не забывалі Якуба Коласа. Музей у гонар Песняра ў вёсцы заснаваў восенню 1990 года настаўнік беларускай мовы і літаратуры мясцовай школы Іван Калоша. Ён рупліва збіраў матэрыялы і фотаздымкі, успаміны. Правёў вялікую працу. У 1990 годзе музей адкрылі напярэдадні дня нараджэння народнага паэта. Прыязджаў брат Якуба Коласа — Іосіф Міхайлавіч Міцкевіч, той самы Юзік, які тут таксама вучыўся, успамінаў тыя гады. Каля музея на добрую памяць пасадзіў бярозку. — Я прыйшла ў музей пасля Івана Іосіфавіча Калошы. Светлая памяць яму. Энтузіяст беларускасці, вельмі прыгожа гаварыў на роднай мове. Таксама, як і Якуб Колас, граў на балалайцы, — успамінае Ніна Палавец. — Я працую тут дзясяты год. Раней была настаўніцай пачатковых класаў у Пінску… Змянілася некалькі пакаленняў з коласаўскай пары, старых людзей няма нікога. А дзеці і людзі да гэтага часу называюць будынак музея — Коласавай школай. Дарэчы, калі ў 1952 годзе адкрылася ў Пінкавічах двухпавярховая новая школа, то ў старой навучальнай установе зрабілі інтэрнат. Дзеці з далёкіх вёсак жылі тут… Спачатку пры Якубе Коласе школа была драўляная, потым зрабілі цаглянай. І памеры будынка музея тыя ж самыя, ён стаіць на тым самым месцы, дзе была Коласава школа. Хоць музей некаторы час і не працаваў, аднаўляўся, тут усё роўна праводзіліся розныя мерапрыемствы. Напрыклад, канферэнцыя «Ад класіка да сучаснасці». — Дзеці школ раёна пісалі рэфераты. Такія атрымаліся работы! Я была ў журы, сядзела і, як кажуць, «цвіла і пахнула, як кветка». Настолькі было прыемна, што яны так прыгожа напісалі пра Коласа, і звязалі мінулае з нашым часам. Цудоўныя работы! А яшчэ дзеці складалі вершы, якія навеяны творчасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа, прысвечаныя юбілеям гэтых двух Песняроў. Прынялі ўдзел 30 вучняў раёна. Калі гаспадыня музея ў Пінкавічах Ніна Паўлавец праводзіць экскурсію для вучняў, якая распланавана як урок, заўсёды не ўкладваецца ў час. Таму што ведае пра Коласа шмат, і хоча расказаць яшчэ больш. — Ёсць у нас паэтка, якая напісала верш, у ім такія радкі: «Дуб з зялёнай прычоскай, паляшук, слаўных дзён справавед, горад Пінск і прылёглая вёска зберагаюць настаўніка след…» Калі прыходзяць дзеці ў наш Літаратурна-краязнаўчы музей, асабліва з гарадскіх школ, ім вельмі цікава ў першым пакоі – у «Сялянскай хатке». Іх адтуль нельга выгнаць! Там сабраныя рэчы, падобныя да тых, якімі карыстаўся Якуб Колас. У другім пакоі музея некалі быў клас, дзе Канстанцін Міхайлавіч вучыў дзяцей. Зараз зала называецца «Якуб Колас на Палессі». У наступным пакоі будуць праводзіцца розныя мерапрыемствы: урокі беларускай мовы і літаратуры, конкурсы вершаў, песень, канферэнцыі… Ізноў на Піншчыну Канстанцін Міхайлавіч, калі адпрацаваў у Верхані, прыехаў на сваю радзіму, на Стаўбцоўшчыну, дзе адбыўся нелегальны настаўніцкі сход. Яго з таварышамі арыштавалі і пасадзілі ў турму. Калі праз тры гады выпусцілі, Якуб Колас колькі часу працаваў у Лунінцы, яму сябар дапамог знайсці вучняў, каб прыватнымі заняткамі мог нейкую капейку зарабіць. А потым Коласу дапамог лунінецкі святар, даў лісток благанадзейнасці. І вось Канстанціна Міхайлавіча накіравалі ў Пінск, у трэцяе прыходскае вучылішча. Там ён працаваў з 1912 па 1914 год. Гэты перыяд быў вельмі плённы ў творчым плане. Тут жа ў Пінску адбылася знамянальная падзея — Колас сустрэў будучую жонку, настаўніцу чыгуначнай школы Марыю Дзмітрыеўну Каменскую. У Пінску яшчэ стаіць тая хата, дзе жыў Якуб Колас. Там і цяпер людзі жывуць. —Тады гэта была вуліца Вадаправодная. Якуб Колас пасяліўся ў доме фельчара. Чаму? Ён казаў, што фельчар — благанадзейны чалавек, і паліцыя не будзе так за ім назіраць. Марыя Каменская жыла таксама ў доме фельчара. Яны ўзялі шлюб у 1913 годзе. А ў 1914-м у Пінску нарадзіўся іх першы сын Даніла. Чаму Колас даў сыну такое імя? Ён гаварыў, што Даніла ўяўляецца яму магутным чалавекам, — распавядае пінкавіцкі экскурсавод. — У Коласа ж было тры сыны, і ён пасадзіў каля дома ў Мінску тры дубы. Казаў: «Хачу, каб мае сыны былі такія, як палескія дубы». Менавіта гэтыя дубы ён выкапаў на Палессі. Такія ў мяне звесткі. Цікавы факт: калі Марыя Дзмітрыеўна выйшла замуж за Якуба Коласа, яна вывучыла беларускую мову, хоць сама па нацыянальнасці руская. І ў хаце размаўляла толькі па-беларуску, як і ўсе астатнія. — Мы ганарымся тым, што тут, на Піншчыне, некалі хадзіў такі знакаміты чалавек, як народны Пясняр Беларусі Якуб Колас. І ў нас заўсёды многа гасцей. Уся Беларусь — нашы госці. Вядома, едуць з усёй Брэсцкай вобласці навучэнцы школ, вучылішч, наведваюцца студэнты Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. З Віцебска, Мінска многа турыстаў. З Польшчы вельмі шмат бывае гасцей, сёння ўжо, можа, пяць званкоў ад іх было. Павінны прыехаць падарожнікі з Расіі, Германіі… Наведваліся ў нашы Пінкавічы і ўнучка Якуба Коласа Вера Данілаўна са сваёй маці Аляўцінай Цімафееўнай. Фотаздымак нават ёсць! Яны былі ў нас, калі святкавалі 125-годдзе Якуба Коласа. Калі я цяпер запрашала іх на адкрыццё музея, абяцалі прыехаць, але пазней. Пабываў у Пінкавічах і Андрэй Міцкевіч — унук Коласа… Мне б хацелася праз вашу газету падзякаваць нашым уладам, якія знайшлі сродкі на аднаўленне будынка Літаратурна-краязнаўчага музея імя Якуба Коласа ў вёсцы Пінкавічы, — завяршыла размову Ніна Палавец. Па коласаўскіх мясцінах вандравалі Вера ГНІЛАЗУБ, Павел ЧУЙКО (фота), «БН» НА ЗДЫМКАХ: Ніна ПАЛАВЕЦ; школа імя Якуба Коласа ў Пінкавічах. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЯК УСПАМІНАЛІ ў Пінкавічах вучні, якіх, шкада, ужо няма на гэтым свеце, урокі Якуб Колас вёў вельмі цікава. Яны гаварылі: «Настаўнік вучыў нас так, каб сапраўды... |
|