У тэатр пад прымусам. Каму гэта трэба?
04.12.2012
—
Новости Культуры
|
А што тут у тэатры ідзе? Васьмікласнікі ў кастрычніку па праграме вывучаюць твор Аляксея Дударава “Вечар”. Прыблізна ў гэтыя ж дні спектакль “Вечар” паказваецца ў Мінскім абласным драматычным тэатры. А гэта значыць, што сустрэча школьнікаў з тэатрам непазбежная.Знаходзячыся ў гэты дзень у тэатры, сярод шумных і зусім незацікаўленых спектаклем школьнікаў, я невыпадкова задумалася: а з якой нагоды дзеці прыйшлі ў тэатр? Пачуўшы амаль ад ўсіх адказ: пад прымусам, захацелася спытацца: а як вы ўвогуле ставіцеся да таго, што вас прымушаюць ісці ў тэатр? Думкі школьнікаў Адказы былі наступныя: – Калі за білет у тэатр не трэба плаціць, то добра. – Замест урокаў – з задавальненнем. – Ніхто мяне не прымушае, я сам хаджу ў тэатр. – Канешне, трэба хадзіць, канешне, трэба глядзець! – А мне паралельна. – Не, сілай заганяць блага. – Калі спектакль цікавы, то добра. – Не і не, я ўсё роўна не гляджу спектакль, а толькі сачу за часам, калі гэта ўсё скончыцца… – А я б пайшла яшчэ раз, толькі без сваіх аднакласнікаў, калі б у зале сядзела ўдзячная публіка/ – Навошта хадзіць у тэатр увогуле, гэта ж так сумна...
– А ці спадабаўся вам канкрэтна гэты спектакль? Маргарыта Кулік: спектакль быў нецікавы. Мне не спадабаўся. Вольга Барэйка: п’еса мне вельмі спадабалася! Але было непрыемна сядзець каля дзяўчат, якія падчас спектакля лаяліся. Брыдка ад гэтага было. Дыяна Бажко: у цэлым у тэатры было нармальна. Але я дрэнна сябе там адчувала, тэмпература паднялася. Канешне, гэта адбілася на ўсім уражанні. А яшчэ дзеці гэтыя, дзікуны. Ад гэтага шуму ўвогуле яшчэ горш галава балела. Настасся Есіповіч: ну што тут успамінаць! Было і прайшло. Канешне, непрыемна, калі выключаюць святло і ўсе пачынаюць тупаць. Мы сядзелі спераду, таму здавалася, быццам нейкі табун ззаду нясецца. Жах! Я ўжо маўчу пра тое, што зрабілі з тэатра нейкую сталоўку. Сядзелі нейкія ззаду, хрумсталі чыпсамі. Ірына Валіахметава: я не фанатка тэатра. Мне не спадабалася. Магчыма, толькі некаторыя прыкольныя моманты. Напрыклад, “Ты куды? Па жалуды!” Яшчэ быў такі момант, калі Мульцік на нашых вачах еў бульбу, агуркі. А мы ў другую змену вучымся. Галодныя, бо адразу ж са школы прыйшлі. Слінкі глыталі, гледзячы на яду героя. Арсень Гапановіч: ай, лухта нейкая! Самае цікавае, што было ў тэатры, гэта тое, як мы з аднакласніка здзекаваліся. Навошта ўвогуле нам у тэатр было хадзіць? Думкі настаўнікаў Пачуўшы такія розныя адказы, захацелася спытаць у настаўнікаў, а чым яны кіруюцца, калі вядуць дзяцей ў тэатр? Наталля Каваленка, настаўніца англійскай мовы: вельмі станоўча стаўлюся да таго, каб дзяцей вадзілі ў тэатр, у першую чаргу таму, што ў бацькоў часта не хапае ні часу, ні жадання, каб звадзіць туды сваё дзіця. Таму настаўнік вымушаны спачатку весці туды пад прымусам, каб калі-небудзь дзеці самі папрасіліся ў тэатр. У любым выпадку, знаёмства з тэатральным мастацтвам павінна адбыцца! Алена Квач, настаўніца беларускай мовы і літаратуры: не, я супраць таго, каб весці ў тэатр супраць волі. Навошта, калі чалавеку гэта непатрэбна? І ні цяпер, ні ў будучыні ён і ведаць не будзе, што ў Маладзечне існуе тэатр. І пражыве цудоўна і без гэтага. Тамара Сіняўская, настаўніца хіміі: няма іншага спосабу, акрамя практыкі. Калі вучню няма з чым нават параўнаць тэатр, калі ён у 14 гадоў не ведае, што такое тэатр – гэта жахліва! І хто, акрамя настаўніка, пазнаёміць яго з тэатрам? Па гэтаму, пры любой магчымасці трэба весці! Ала Перадэрый, класны кіраўнік: лепш хай вечар правядуць у тэатры, чым за вуглом з цыгарэтай! Таццяна Шымко, настаўніца пачатковых класаў: не хочацца аб сумным, але дзеці цяпер літаратуру не чытаюць увогуле, асабліва беларускую. Таму, калі ёсць такая магчымасць паказаць праграмны твор на сцэне, у выкананні акцёраў, – гэта добра. Так хоць нешта застанецца ў галаве, напэўна. Галіна Крупеньчык: артысты сапраўды таленавітыя, але не кожны артыст у такіх абставінах будзе напоўную выкладвацца. А ў той момант, калі акцёры выйшлі на паклон, мне іх было шкада да слёз. Сваё захапленне гледачы ў тэатры звычайна выказваюць апладысментамі альбо словамі “біс” ці “брава” і прыносяць кветкі артыстам, але ніяк не свішчуць, не тупаюць нагамі і не крычаць. А яда ў тэатры! Гэта проста нонсенс! Яшчэ, напэўна, настаўнікі не папярэдзілі дзяцей, што перад пачаткам спектакля будуць выключаць святло. Але хто ж мог падумаць, што для дзяцей гэта будзе дзівам! Яны пачалі пішчаць, тупаць нагамі, свістаць. Дзікунства нейкае! Я ўжо маўчу пра тое, што ў тэатр людзі прыходзяць няхай не ў вячэрніх сукенках і афіцыйных касцюмах з гальштукам, але і не ў спартыўных. Людміла Лагуцёнак: мне вельмі спадабаўся спектакль. Я атрымала вялікую асалоду. Акцёры добра перадалі ідэю твора. Але, можа, моладзі яшчэ гэта незразумела. Цяпер няма такой культуры сямейнага паходу ў тэатр. Дзеці не прывучаныя да правільных паводзін. Але ў такім выпадку нам, настаўнікам, трэба навучыць дзяцей гэтаму. Па другі бок рампы “Не мучце дзяцей і не мучце акцёраў” Алег Чэчанеў. Напэўна, апытанне было б няпоўным, каб не запытацца ў людзей, якія працавалі па той бок рампы, у акцёраў. Як ставяцца да такога прымусовага прагляду тыя, хто прывык выходзіць на сцэну да ўдзячнага гледача, тыя, хто перакананы ў тым, што іх творчасць патрэбная людзям? Спытаемся ў вядомага акцёра Алега Чэчанева, выканаўцы ролі Гастрыта: – Сёння мы не звяртаем увагу на школьнікаў. – Вядома ж, непрыемна было глядзець на дзяўчынку ў першым радзе, якая цэлы спектакль камячыла ў руках букет, шапацела цэлафанам, круцілася, гуляла з мабільнікам… Адным словам, рабіла ўсё, толькі не глядзела спектакль. – Такім чынам, вы лічыце, што не трэба весці дзяцей пад прымусам у тэатр? – Канешне, не, не мучце дзяцей і не мучце нас, акцёраў. – А падзяліцеся сваімі пачуццямі адразу пасля спектакля. – Сёння адбылося маленькае дзіва. Пасля спектакля падышлі дзве школьніцы за аўтографамі, адна з іх была заплаканая – настолькі яе ўразіла гэта гісторыя. Дзеля такіх гледачоў, якіх адзінкі, варта многае дараваць. Наталля ТУР, Ганна ШАКЕЛЬ. Фота yandex.by Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Васьмікласнікі ў кастрычніку па праграме вывучаюць твор Аляксея Дударава “Вечар”. Прыблізна ў гэтыя ж дні спектакль “Вечар” паказваецца ў Мінскім абласным...
|
|