Колькі беларусы ахвяруюць на помнікі?
28.02.2013 19:04
—
Новости Культуры
|
Колькі беларусы ахвяруюць на помнікі? "Белсат" прасачыў, ці ахвотна людзі пераводзяць грошы на аднаўленне гістарычных помнікаў.
Дабрачынныя рахункі пры мясцовых аддзелах культуры адкрыты ўжо некалькі гадоў. Сюды неабыякавым грамадзянам і арганізацыям прапаноўваюць пераводзіць сродкі, каб выратаваць гістарычныя каштоўнасці. Замак у Быхаве У студзені райвыканкам у Быхаве (Магілёўская вобласць) абвесціў акцыю ўратавання дзвюх вежаў замку. Як і ўсюды на гэткіх аб’ектах, тут пройдуць суботнікі. Яны мусяць прынесці сродкі на аднаўленчыя працы, якія плануюць скончыць у 2018 годзе. Грошы збіраюць таксама на памятную дошку нараджэнца Быхаўшчыны, пісьменніка Барыса Стральцова. За месяц сабралі каля Br 45 млн.
Слуцкія паясы На радзіме слуцкіх паясоў збіраюць ахвяраванні, каб набыць два экземпляры з прыватнай калекцыі. Ініцыятыву праявілі мясцовыя ўлады, рахунак адкрыў Слуцкі краязнаўчы музей. Патрэбная сума – каля $ 180 тыс. Паводле нашай інфармацыі, дзве траціны яе ўжо сабралі. Мясцовая газета "Інфа-Кур’ер" падлічыла, што кожнаму жыхару раёну дастаткова ахвяраваць усяго $ 4,2. Сёння Беларусь мае пяць слуцкіх паясоў.
Каложская царква ў Горадні
У Горадні ад 2010 году ідзе акцыя "Адновім Каложу разам!" Усіх неабыякавых заклікаюць ахвяраваць на аднаўленне храму ХІІ ст. Праз медыі чыноўнікі называлі патрэбную суму – Br 6 млрд. За першы год сабралі каля Br 200 млн. Перш чым брацца за старажытную царкву, недалёка ад яе ўзвялі царкоўна-прыходскі комплекс паводле самых сучасных стандартаў. На яго засвоілі Br 2 млрд. Улетку 2011 году каля царквы прайшлі археалагічныя раскопкі.
Помнік Міндоўгу і замак у Наваградку
У Наваградку грошы збіраюць адразу на два помнікі. Да 2015 года плануюць скончыць кансервацыю руінаў замку. Тры гады таму падчас прэс-канферэнцыі загадчык ўпраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі назваў кошт праектнай дакументацыі – ад Br 70 да 100 млн. Паводле Міністэрства культуры, апроч бюджэту і ахвяраванняў, крыніца фінансавання рэстаўрацыі – заснаваная гэтым ведамствам у 2010 годзе рэспублiканская тыражная латарэя "Скарбнiца". Першы год яе рэалізацыі даў Br 39 млн. Усяго адбылося 29 розыгрышаў, апошні – летась у кастрычніку – прынёс каля Br 3 млн. Вядома, што на адмыслова адкрыты рахунак аддзелу культуры Наваградскага райвыканкаму. У 2011 годзе на яго прыйшло Br 32 млн.
Гісторыя з помнікам князю Міндоўгу ў Наваградку цягнецца з 2009 года і выглядае самаю заблытанаю. Зацвердзіўшы праект скульптара Генадзя Буралкіна, чыноўнікі абвесцілі дабрачынны збор сродкаў. Але ў 2011 годзе Мінкультуры зноў абвяшчае конкурс эскізаў. Медыі паведамляюць новыя прозвішчы пераможцаў: Сяргей Бандарэнка (аўтар скульптураў каля сталічнага цырку) і Павал Лук. Збор ахвяраванняў на помнік першаму каралю ВКЛ працягваецца.
Ініцыятар вяртання Статуту ВКЛ: не ўсё так кепска ў беларускім грамадстве Мінулым летам медыі ўзарвала навіна пра тое, што ўпершыню ў Беларусь вернуты арыгінальны Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года. $ 15 тыс. для гэтага сабралі людзі, яшчэ $ 30 тыс. ахвяравала кампанія "Альпары". Адзін з ініцыятараў акцыі вяртання каштоўнейшага помніку беларускай дзяржаўнасці – студэнт і працаўнік гістарычнага музею ў Магілёве Андрэй Радкоў. Часта ён сам аддае грошы на набыццё экспанатаў у музей ці рэдкіх выданняў у бібліятэкі."На рынку каштоўнасцяў трэба дзейнічаць хутка, бо не факт, што прадмет дастанецца нам, – дзеліцца сакрэтам поспеху Андрэй Радкоў. – Усё ж ёсць розніца: вярнуць фаліянт і аднавіць замак. Нават калі збяруць неабходную суму, замак не адновіцца сам сабою. Трэба шмат часу. Увогуле, мне падабаецца, што, калі людзі ахвяруюць грошы, гэта паказнік стану грамадства. Значыць, існуе цікаўнасць да культуры, да вяртання каштоўнасцяў. Нельга наракаць, што грошы збіраюцца марудна". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дабрачынныя рахункі пры мясцовых аддзелах культуры адкрыты ўжо некалькі гадоў. Сюды неабыякавым грамадзянам і арганізацыям прапаноўваюць пераводзіць сродкі, каб... |
|