Дакумекалі, што варта выстаўляць у полі варту...
28.03.2013
—
Новости Культуры
|
Упершыню ўрывак з казкі Пятра Яршова «Канёк-гарбунок» з’явіўся ў 1834 годзе ў часопісе «Библиотека для чтения». У гэтым жа годзе казка выйшла асобным выданнем, але з папраўкамі цэнзуры. Аляксандр Пушкін высока ацаніў твор Яршова. У той жа час Вісарыён Бялінскі ў сваёй рэцэнзіі напісаў, што казка «не имеет не только никакого художественного достоинства, но даже и достоинства забавного фарса». У 1843 годзе твор поўнасцю забаронены цэнзурай і быў забыты. У 1856—1863 гадах аўтар падрыхтаваў новыя выданні казкі. І напрыканцы XIX стагоддзя «Канёк-гарбунок» ужо стаў класікай. Нагадаем некалькі радкоў казкі на мове арыгінала: За горами, за лесами, За широкими морями, Против неба — на земле Жил старик в одном селе. У старинушки три сына: Старший умный был детина, Средний сын и так и сяк, Младший вовсе был дурак...» Вось зараз пачытайце ўрывак твора ў перакладзе Паўла Місько на беларускую мову: За гарамі, за лясамі, За шырокімі марамі У сяле жыў-быў адзін Стараваты селянін. Тры сыны былі ў старога, Большы розуму меў многа, Быў сярэдні сяк і так, Меншы — дурань ці прастак. Разам сеялі пшаніцу І вывозілі ў сталіцу, Бо ад горада сяло Як рукой дастаць было. Там пшаніцу прадавалі, Трохі грошай выручалі, Палічыўшы шмат разоў, Кіраваліся дамоў. Ды заўважылі аднойчы — Стаў прыходзіць нехта ўночы І ўчыняць з пшаніцы здзек. Ды страшэнны — мо за век Не зазналі горшай шкоды. Шкоднік хто? З такой нягоды Сталі думаць, меркаваць, Як падгледзець, як пазнаць. Дакумекалі, што варта Выстаўляць у полі варту. Кожны па чарзе ўначы Будзе поле сцерагчы. Толькі пачало змяркацца, Стаў старэйшы брат збірацца. «Дзе сякера? Дзе сахор?» — І пайшоў у свой дазор. Непагадзь якраз настала, На яго жуда напала. З віламі наперавес У гумно на сена ўзлез. І прахроп там да світанку! Развіднела — ён да ганку. На сябе вядро вады Шух! — і грукае тады: «Гэй вы, сонныя цяцеры! Адчыняйце брату дзверы! Як сабака, сёння змок З галавы да самых ног». Ну, браты ўпусцілі брата. «Дык расказвай... Як там варта? — Падступаюць да яго. — Ці не бачыў ты каго?» Вартавы наш памаліўся, На два бокі пакланіўся, Кашлянуў ён і сказаў: «Я ўсю ноч, браткі, не спаў. Бура з громам бушавала. Так ліло! Не дождж — навала, Я ж трымаўся да канца, Хоць і вымак да рубца, Ды паводзіўся харобра, І ўсё скончылася добра». Бацька сына пахваліў... Але вось тут мы вымушаны паставіць кропку. Казка вельмі вялікая, каб цалкам змясціць яе ў газеце. Прабачце і не крыўдуйце. У наступны раз зноўку нешта цікавае перакладзём. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Как звучит сказка «Конёк-горбунок» в переводе на белорусский |
|