Што каштавала паўтара рубля? На "Ночы музеяў" у Мядзеле далі адказ
23.05.2013
—
Новости Культуры
|
Чырвонаармеец і Астап Бэндар, казакі і піянеры – такіх герояў можна было пабачыць у Музеі народнай славы 18 мая. Гэта ў Мядзеле адбывалася свята “Ноч музеяў. Мы нарадзіліся ў СССР”. Пасля адкрыцця свята на плошчы Шаранговіча гараджане накіраваліся ў музей. Там іх падзялілі на атрады і запрасілі ў падарожжа ў савецкі час. У залах музея яны маглі акунуцца ў перыяды з 20-га па 80-я гады мінулага стагоддзя. А конкурсы тут праводзілі героі тых дзесяцігоддзяў. Трэба было расшыфраваць савецкія імёны, адгадаць цытаты з вядомых кінафільмаў і песні, абгарнуць ногі анучамі, станцаваць танцы тых часоў, узгадаць, што колькі каштавала. І калі цану паўлітра гарэлкі ці “Волгі” ўгадвалі без цяжкасцяў, то некаторыя лічбы прымушалі задумацца. Скажам, што каштавала паўтара рубля? А столькі трэба было аддаць за рэгістрацыю шлюбу ў ЗАГСе. – Так і было, – пацвярджае адна з мядзяльчанак. – Муж дагэтуль смяецца: “Я цябе за паўтара рубля купіў!” Гледачы пабачылі савецкія матацыклы і веласіпеды (радасна дзяліліся: “я і на гэтым, і на гэтым перакаталася”), разглядалі рэчы і плакаты той эпохі. А ў інсталяцыі “Старая кватэра” многія пазнавалі “свае” рэчы: “У мяне дыванок такі быў”. Патомны казак з Мінска Ігар Бабіцкі з жонкай Алай задавалі пытанні пра ўдзел казацтва ў Вялікай Айчыннай вайне, а сын Арцём паказваў уменне фланкіравання шашкай. Бачна, што некаторыя мядзяльчане даўно ў музеі не былі: здзіўляліся, што, калі яны вучыліся ў школе, такіх экспазіцый тут не было. Ды і не толькі экспанатамі савецкіх часоў цікавіліся наведнікі: распытвалі супрацоўніц музея пра гісторыю горада. Тыя, хто актыўна ўдзельнічаў ў конкурсах, займеў усе адзнакі ў абходным лісце, атрымаў права на бясплатнае наведванне ўсіх выстаў у музеі да канца 2013 года. Каля музея працаваў аформлены ў савецкім стылі буфет з красамоўным плакатам “Водки нет”. І пакуль наведнікі музея здзяйснялі падарожжа па савецкай эпосе, на плошчы Шаранговіча гучалі песні тых часоў. Выступалі мясцовыя артысты і з Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча. – Для музея гэта першы досвед, – падводзіць вынік “Ночы музеяў” дырэктар Музея народнай славы Святлана Чарняўская. – І ў будучым будзем старацца праводзіць такія “Ночы”, толькі, вядома, будзем выбіраць іншыя тэмы. Прыемна, што шмат людзей пабывала ў музеі. Яны не толькі зайшлі з цікавасці: з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах, правяралі, ці ўсё памятаюць з савецкіх часоў. І старэйшыя, і маладыя наведнікі стараліся ўзгадаць песні тых часоў, станцаваць. Алесь ВЫСОЦКІ. Фота Алеся ВЫСОЦКАГА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чырвонаармеец і Астап Бэндар, казакі і піянеры – такіх герояў можна было пабачыць у Музеі народнай славы 18 мая. Гэта ў Мядзеле адбывалася свята “Ноч музеяў. Мы...
|
|