Тут адчынялася «брама мудрасці» славянскага свету.... 21.by

Тут адчынялася «брама мудрасці» славянскага свету...

23.08.2013 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Па-за межамі моўных бар’ераў і нацыянальных умоўнасцей на прадстаўнічым форуме ў Мінску працуюць знакамітыя прафесары і эксперты. Усе яны займаюцца вывучэннем і захаваннем таго, што ўваходзіць у паняцце «славянская культура». Чаму менавіта Беларусь стала сталіцай славістычнага з’езда, а інтарэс да яго праявілі прадстаўнікі зусім неславянскіх народаў?

Першы з’езд прайшоў у Празе ў 1929 годзе мінулага стагоддзя. Славісты збіраліся яшчэ ў Кракаве, Варшаве, Бялградзе. Першы пасляваенны з’езд адбыўся ў Маскве ў 1958 годзе, затым — у Сафіі, Загрэбе, Браціславе, Любляне. У 2008 годзе кангрэс ладзіўся ў Охрыдзе (Македонія). І менавіта там было вырашана, што Мінск стане сталіцай пятнаццатага па ліку з’езду славістаў. Гэта рашэнне, мне здаецца, не проста выпадковае, а заканамернае. Лёс Беларусі, яе гістарычныя і культурныя здабыткі — выбітныя і значныя.

Менавіта наша зямля дала свету асветніцу — прападобную Еўфрасінню Полацкую. На ўвесь свет знакаміты Кірыла Тураўскі со сваімі словамі-пропаведзямі. Паэт і філосаф Сімяон Полацкі, які ў сваіх працах пазіцыяніраваў граматыку як пачатак усіх навук, што адчыняе «браму мудрасці». Нельга не ўзгадаць нашых першадрукароў — Францыска Скарыну, Васіля Цяпінскага, Сымона Буднага… Што ні імя — то зорка і старонка ў старажытнай і сярэднявечнай гісторыі Еўропы, славянскага свету ўвогуле. Ёсць чым ганарыцца, ёсць што расказаць гасцям. Апошнія, дарэчы, і самі завочна ўжо знаёмы з Беларуссю. З чаго пачынаюць — дык гэта з мовы.

— Першае, што зрабіў я, прыехаўшы ў Беларусь, зайшоў у кнігарню, каб набыць беларускі слоўнік. Ваша мова ляжыць у межах майго асабістага навуковага інтарэсу, — зазначыў у інтэрв’ю кандыдат філалагічных навук з Аўстрыйскага ўніверсітэта ў Грацы Арно Воніш. — Мы чулі беларускую мову на з’ездзе. І маё меркаванне такое: у вашай краіны ёсць усе шансы не згубіць сваю самаідэнтычнасць. Гэта, я так зразумеў, і комплексны падыход дзяржавы ў вашай рэспубліцы. Вы традыцыйныя, і гэта сапраўдны скарб.

Арно ў з’ездзе славістаў ўдзельнічае ўпершыню. Маштабны форум уражвае аўстрыйца. Галоўнае для яго ў Беларусі — выкарыстаць унікальную магчымасць пазнаёміцца з калегамі і завязаць новыя стасункі. Бо ў сябе ў Аўстрыі навуковец даследуе паўднёваславянскія мовы і рускую. У Грацы навуковец выкладае старажытнацаркоўную славянскую мову і граматыку славянскіх моў. Універсітэт, у якім працуе Воніш, быў заснаваны ў XIX стагоддзі славенцамі. (Яны, дарэчы, арганізавалі і першую ў горадзе бібліятэку.) Тады Славенія ўваходзіла ў Аўстра-Венгерскую імперыю. Таму ў Грацы вельмі старая славістычная традыцыя.

— Студэнты нашага ўніверсітэта могуць вывучаць тры мовы — рускую, сербска-харвацкую і славенскую. Ёсць курсы і польскай мовы. У нас 400 студэнтаў, многія з Аўстрыі, але ёсць у іх ліку і бежанцы з былой Югаславіі, якія пасля вайны прыехалі туды вучыцца, — кажа Арно Воніш. — У суботу, 24 жніўня, на з’ездзе я прадстаўлю на пасяджэнні секцыі справаздачу. Гэта будуць мае даследаванні па тэме займеннікаў ва ўсіх славянскіх мовах, пачынаючы з царкоўнаславянскай.

…Прыемна, што агульную мову на з’ездзе дэлегаты знойдуць самі: рабочыя — усе славянскія, а таксама англійская, французская. Славістаў, якія прыехалі ў Беларусь, можна назваць праваднікамі беларускай культуры ва ўсе куточкі свету. Мы зацікаўлены ў тым, каб госці нашай краіны склалі ўласнае ўражанне пра Беларусь. І ў родных ім Германіі, Японіі, Канадзе ці Аўстраліі расказалі пра сучасны твар маленькай еўрапейскай рэспублікі, якая з гонарам можа звацца цэнтрам славянскай цывілізацыі. Слова ж яно адно — да сканчэння веку.

Таццяна УСКОВА, “БН”

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па-за межамі моўных бар’ераў і нацыянальных умоўнасцей на прадстаўнічым форуме ў Мінску працуюць знакамітыя прафесары і эксперты. Усе яны займаюцца вывучэннем і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика