Давыд-Гарадок піша… новы радок
19.10.2013
—
Новости Культуры
|
ДАВЫДГАРАДОЦКУЮ зямлю яшчэ наш класік Уладзімір Караткевіч у сваіх падарожных замалёўках называў «Палескай венецыяй». Сапраўды, краявіды Давыд-Гарадка, што на Століншчыне, захапляльныя. Але ж асабліва пладавітая гэтая зямля на выбітных айчынных літаратаратараў. Гэта цэлае суквецце зорных імёнаў! Паэты Леанід Дранько-Майсюк і Анатоль Кудласевіч, празаікі Георгій Марчук, Уладзімір Глушакоў, Алесь Наварыч, драматург Міхаіл Шэлехаў… Чаму менавіта гэтая зямля дала такі багаты ўраджай літаратараў? Ці ўзыходзяць на раскошнай давыдгарадоцкай глебе новыя «парасткі» паэтаў і празаікаў?
Як берагуць спадчыну Давыда гарадчукі? …Дзесяць лоддзяў плылі па рацэ. Мерна падымаліся і апускаліся вёслы, паскрыпвалі ўключыны. На пярэдняй ладдзі выдзялялася велічная постаць віцязя з непакрытай галавой, сівымі валасамі і барадой. Гэта быў князь Давыд, унук знакамітага кіеўскага князя Яраслава Мудрага. У пошуках лепшай долі ён адправіўся ў вандроўку па Прыпяці, каб заснаваць… свой горад. Неўзабаве шлях лоддзяў Давыда скіраваўся на адзін з прытокаў буйной палескай «артэрыі» — ракі Гарынь. Князю кінуўся ў вочы бераг прасторнага пагорка. «Тут будзе горад Давыдаў! І ты, сыне, будзеш першым князем Гарадзецкім» — усклікнуў князь, прыпыніўшы свой выбар. І быў гэта 6608 год ад стварэння свету па візантыйскаму календару, альбо 1100 год ад ражаства Хрыстова… Прыгожую легенду, падрабязна апісаную ў кнізе аўтарытэтнага на Століншчыне краязнаўцы Міхаіла Шэлехава «Давыд-Гарадок», не ведае, бадай што, толькі самы лянівы гарадчук. Дарэчы, так называюць сябе самі жыхары Давыд-Гарадка. Цяпер летапісны горад, які сёлета адлічвае ўжо 914 год, — другі пасля райцэнтра па велічыні ў Столінскім раёне. Ганарлівыя жыхары яго — з’ява ўвогуле ўнікальная. Гарадчукі — найцікавейшы народ, адметны сваім укладам, мараллю, традыцыямі. Гістарычна склалася так, што па крыві гарадчукі трошкі і татары, і яўрэі. А кожны другі гарадчук — гандляр. На беларускіх кірмашах, у Мурманску, Уладзівастоку, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі вы зможаце сустрэць насенне кветак і гародніны з Давыд-Гарадка. Адным словам, у горадзе гэтым асаблівы пульс жыцця — местачковы. Невялічкія добраўпарадкаваныя вуліцы яго аздоблены пераважна невысокімі драўлянымі хатамі з прыгожымі фасадамі, акуратнымі агародамі. Але яны мала што распавядуць турысту пра галоўныя культурныя здабыткі Давыд-Гарадка. Самыя свежыя творы — малой радзіме Напамінаў пра велічную гісторыю і культуру горада, якую ўслаўляюць гарадчукі, у Давыд-Гарадку толькі два. Гэта замкавая гара, з якой пачаўся горад, і помнік князю Давыду на круглай плошчы ў цэнтры. Поруч з ім — у чырвоным будынку дарэвалюцыйнай школы — музей гісторыі Давыд-Гарадка. Гэта культурная ўстанова, дарэчы, з’явілася дзякуючы ініцыятыўнасці гарадчукоў. У музеі ў чырвоным куце — славутыя землякі-літаратары. Леанід Дранько-Майсюк, Уладзімір Глушакоў, Рыгор Марчук, Міхаіл Шэлехаў — усе нашыя знакамітасці прынялі непасрэдны ўдзел у стварэнні літаратурнай экспазіцыі. Тут арыгіналы зборнікаў, фотаздымкі, некаторыя рукапісы. Літаратары — у асаблівай пашане гарадчукоў, — прэзентуе ўнікальную калекцыю дырэктар музея і яго ідэйны натхніцель Мікалай Брэзоўскі. Ганаровы грамадзянін Давыд-Гарадка — Мікалай Паўлавіч, стары марак гандлёвага флота. Ён ведае моры і акіяны, хадзіў на рачных судах па шматлікіх рэках Палесся. Пра Давыд-Гарадок і яго жыхароў Мікалай Брэзоўскі можа гаварыць гадзінамі. — Усе нашы літаратурныя знакамітасці рэгулярна бываюць на малой радзіме. У студзені яны, як і ўсе гарадчукі, масава з’язджаюцца, каб паўдзельнічаць ва ўнікальным калядным свяце «Конікі». А музей часта становіцца пляцоўкай для творчых сустрэч, паэтычных вечарын і прэзентацый. Напрыклад, Георгій Марчук прадставіў у нашым музеі сваю новую кнігу казак для дзяцей. На жаль, гарадчукі-літаратары, якія нарадзіліся і выраслі тут, сёння не жывуць у Давыд-Гарадку. Іх хаты, якія захаваліся ў горадзе, належаць сваякам альбо ўвогуле прададзены. Таму наўрад ці зможаце вы з кімсьці з вядомых нашых літаратараў пазнаёміцца менавіта тут, на іх бацькаўшчыне. У сталіцы гэта прасцей было б зрабіць, — усміхаецца Мікалай Брэзоўскі. Аднак на маю ўдачу эксперт памыліўся. Адрас, дзе давялося знайсці адразу двух вядомых літаратараў, ураджэнцаў гэтых мясцін, падказаў мой гід па мястэчку — старшыня Давыд-Гарадоцкага гарвыканкама Уладзімір Галавач. Уладзіміравіч, як ласкава называюць гарадчукі старшыню гарвыканкама, заўсёды ў курсе ўсіх спраў у горадзе і яго ваколіцах. Мы кіруемся ў бліжэйшую вёску Хорск, дзе знаходзіцца бацькоўская хата драматурга і кінасцэнарыста Міхаіла Шэлехава. Гарадчукі кажуць, што Міхаіл Міхайлавіч якраз прыехаў дадому. Сакрэт песеннасці Давыд-Гарадка Яскрава пафарбаваная хата Шэлехавых з чырвонай зорачкай на фасадзе (напісана, што тут жыве ганаровы грамадзянін Давыд-Гарадка Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў) акружана садам. Акно пісьменніцкага кабінета аплецена лімоннікам, вінаградам, у палісадніку — абляпіха, кусты буякоў, якія бацька вядомага Міхаіла Шэлехава, выхадзец Пухаўшчыны, збіраў у дзяцінстве на балотах. Мы напрошваемся ў госці. На парозе сустракаюць пісьменнікі Шэлехавы — бацька і сын. Яны частуюць нас смачнымі цукеркамі і гарбатай. Кінасцэнарыст Міхаіл Міхайлавіч Шэлехаў кожны месяц прыязджае дадому і дапамагае сваім бацькам. Дарэчы, у гэтым ліпені, на Пятроўкі, Міхась Уладзіміравіч з жонкай Нінай Аляксандраўнай, заслужанай настаўніцай Беларусі, святкавалі брыльянтавае (!) вяселле. Разам муж і жонка ўжо 60 гадоў. Сям’я занята надзённымі гаспадарчымі клопатамі, вельмі празаічнымі для высокай літаратуры. — Разам з бацькам рыхтуем дровы, уцяпляем хату, вядзём барацьбу з шашалем, які точыць старую адрыну, — дзеліцца Міхаіл Шэлехаў. На працоўным стале пісьменніка заўважаю сканер з ноўтбукам. — Тут жа працую над новымі творамі. Дома ж не толькі паветра! Дома і натхненне лепшае. Сёлета пісьменнік-паляшук атрымаў уплывовую міжнародную Рускую прэмію, за якую змагаліся аўтары з 38 краін. Гэта зборнік арыентальных навэл, дзе кожная прыпавесць або аповяд прысвечана індусам і кітайцам, японцам і персам, шматлікім іншым народам. Ён працягвае працу над новымі сцэнарыямі, апавяданнямі. — Давыдгарадоцкая зямля — гэта сапраўдная літаратурная скарбонка Палесся. На ваш погляд, чаму? — цікаўлюся ў аўтараў. — Скажу, напэўна, за ўсіх. Прычына — гістарычныя карані нашай зямлі, яе своеасаблівыя культура і песеннасць, — зазначае краязнавец Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў. — Як і вы, я патрапіў у колішні Давыд-Гарадоцкі раён на службу. Па прафесіі настаўнік. Калі пачаў тут працаваць (у 1951 годзе), прасякнуўся асаблівай духоўна-мяшчанскай філасофіяй гарадчукоў. За гэтыя гады, праз паўстагоддзя, магу ўпэўнена сказаць: гэтае глыбіннае Палессе і сам Давыд-Гарадок сталі для мяне блізкімі і роднымі. Каб адарваць моладзь ад камп’ютара З вясковымі інтэлігентамі — Міхаілам Шэлехавым і яго сынам — мы размаўлялі пра сельскае жыццё-быццё. Неўзабаве перайшлі на вялікую літаратуру, шлях да якой сёння павінен пракладаць сам пісьменнік як топ-менеджар. Уздымаючы грунтоўныя, з пункту гледжання творчасці і самапрасоўвання на літаратурны рынак, пытанні, усплыло і самае значнае з іх — маладыя літаратары. Дзе яны? Такіх «зорак» на давыд-гарадоцкай зямлі, акрамя названых вышэй знакамітых аўтараў, здаецца, і нябачна, і нячутна. Чаму? — Пісьменнікам сёння быць не модна, думаюць маладыя, няма такой прафесіі, — разважае Міхаіл Уладзіміравіч. — Перад сённяшнімі педагогамі ўвогуле паўстала вялікая праблема — адарваць дзяцей ад камп’ютара і прымусіць іх чытаць кнігі — больш і самыя лепшыя. Праблема гэтая агульная для новага пакалення Беларусі. Мясцовасць, гарадская ці сельская, ужо не мае значэння: высокія тэхналогіі пакрочылі паўсюль. Паспяховасць жа літаратара, яго самаўдасканаленне залежаць ад уласнага кругагляда, ад вартасных установак, якія закладваюцца за школьнай партай. З меркаваннем мудрага настаўніка, упэўнена, пагадзяцца і многія педагогі, і вопытныя літаратары. На Століншчыне вырашаць гэтую праблему пачалі па-свойму. Я, дарэчы, была вельмі здзіўлена, што на зямлі, дзе нарадзіліся знакамітыя айчынныя літаратары, няма ніводнага буйнога ці раённага, літаратурнага гуртка для дзяцей і моладзі. Прыцягнуць увагу да пісьменніцкай справы спрабуюць у столінскім клубе выкладчыкаў «Натхненне». У яго ўваходзяць педагогі самых розных спецыяльнасцей з раёна. Усе яны сваёй творчасцю тым ці іншым чынам звязаны з паэтычным ці празаічным словам. Ёсць у «Натхненні» настаўнікі гісторыі, музыкі, рускай і беларускай моў, нават геаграфіі. Тры-чатыры разы на год удзельнікі клуба збіраюцца на свае пасяджэнні. Да іх далучаюцца мясцовыя літаратары, у тым ліку і вядомыя давыд-гарадоцкія аўтары, паэты з Пінскага і Кобрынскага раёнаў, а таксама з Украіны. Максімавы вершы Дзе вы, маладыя таленты Давыд-Гарадка? Каб адказаць на гэтае пытанне, накіравалася ў адну з дзвюх школ горада. У СШ № 1 займаюцца амаль паўтысячы вучняў, а ў свой час тут вучыўся празаік Уладзімір Глушакоў. Аднак па творчым шляху пісьменніка пакуль што не пайшоў больш ні адзін вучань. — Але няўжо няма сапраўдных паэтычных зорачак? — цікаўлюся. — Ёсць. Яны збіраюцца ў паэтычным гуртку нашай школы. А вершы і іншыя творы размяшчаюцца ў сценгазеце «Наша творчасць». Таксама юныя аўтары прадстаўляюць школу на розных літаратурных раённых і абласных конкурсах, — зазначае дырэктар. Адзін з такіх маладых аўтараў — Максім Майсюк. Дзевяцікласнік піша вершы ўжо пяты год. Спачатку юнак спрабаваў простыя чатырохрадкоўі, затым пачалі нараджацца і больш-меньш вялікія творы. Усё пачалося з таго, як класная настаўніца Вера Вабішчэвіч, выкладчык беларускай мовы і літаратуры, дала хлопчыку заданне напісать некалькі вершаваных радкоў. Вера Рыгораўна першай прымеціла літаратурныя здольнасці хлопчыка. — Даспадобы прыйшліся параўнанні і розныя іншыя мастацкія сродкі, якія праявіліся ў школьных сачыненнях Максіма, — паведаміла настаўніца. — Мне падалося, што трэба дапамагчы хлопчыку — даць асновы напісання вершаў, пазнаёміць з выдатнымі паэтычнымі творамі беларускіх аўтараў ды падкінуць розныя тэмы для творчасці. Пачыналі з самага простага — тэмы маці. Затым пайшлі Радзіма, прыгажосць роднай зямлі, каханне… Але сваё жыццё Максім Майсюк з літаратурай звязваць не плануе. «Трэба выбіраць нешта больш сур’ёзнае», — гаворыць падлетак. Гэтак жа разважае і дзесяцікласніца Ірына Вяргун. Яе творчая біяграфія падобная да Максімавай. Адзін твор нават на музыку пакладзены — песня «Маці». Вершы юная паэтка скрупулёзна запісвае ў свой нататнічак. Натхненне прыходзіць у вольны ад заняткаў час, часцей за ўсё ўвечары. І ўсё ж такі вершы застаюцца хобі. Ці будзе яно прадоўжана, вызначыць жыццё. Таццяна УСКОВА, «БН» Фота аўтар Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ДАВЫДГАРАДОЦКУЮ зямлю яшчэ наш класік Уладзімір Караткевіч у сваіх падарожных замалёўках называў «Палескай венецыяй». Сапраўды, краявіды Давыд-Гарадка, што на...
|
|