Кніга вершаў на рускай і беларускай мовах выйшла ў Расіі. 21.by

Кніга вершаў на рускай і беларускай мовах выйшла ў Расіі

26.10.2013 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Настаўніца з вёскі Ілья Аксана Ярашонак паўдзельнічала ў міжнародным праекце, у выніку якога выйшаў зборнік вершаў “Славянскага болю карункі”.

Кнігу выдалі ў маі, а ў верасні з гэтай нагоды арганізавалі літаратурны фестываль.

А пачалося ўсё з таго, што Аксана ў газеце “Літаратура і мастацтва” ўбачыла запрашэнне паўдзельнічаць у праекце, каб стварыць зборнік беларускіх і рускіх аўтараў. Ёй прапанавалі перакласці вершы ўдзельнікаў літаратурнага аб’яднання “Чайка” ў Таганрогу.

Старшыня аб’яднання Леанід Север меркаваў, што ў выніку выйдзе зборнік з вершамі рускіх паэтаў, якія на беларускую мову перакладзе некалькі беларускіх паэтаў. Але ў Аксаны справа пайшла так спраўна, што, пакуль іншыя перакладчыкі спалі, сабралася кніжка толькі з яе перакладамі.

Упершыню з Леанідам Аксана сустрэлася ў маі, пасля таго, як кніга выйшла. Аказалася, што ён працуе дальнабойшчыкам. Па рабоце яму спатрэбілася быць у Бранску. А адтуль не так далёка Гомель, а пасля і Мінск.


− Мы сустрэліся, было вельмі цікава нарэшце пагаварыць з ім пасля таго, як мы некалькі месяцаў вялі ўсе размовы праз інтэрнэт, − прыгадвае паэтка. − І ён кажа, што было б добра запрасіць вас у Таганрог. Таму што гэта кніга – адна з частак міжнароднага праекта, у якім задзейнічаныя і ўкраінскія паэты, і беларускія, і расійскія.  Вядома, было б добра сустрэцца, але гэтыя словы я тады ўспрыняла як нейкую фантастыку.

Ад Вілейкі да Таганрога каля 1 500 кіламетраў.

А ў сярэдзіне ліпеня яна ўжо атрымала афіцыйнае запрашэнне прыехаць на трохдзённы фестываль у Таганрог у верасні. Прымаючы бок узяў усе выдаткі на сябе. Дарога была няпростай, але ўсё кампенсавала мноства станоўчых эмоцый.

− Было вельмі цікава пазнаёміцца з тымі аўтарамі, вершы якіх я перакладала. Яны падыходзілі і дзякавалі. А я прыгадвала іх вершы і зачытвала. Мне яны добра запомніліся, бо кожны я прапускала праз сябе. Ім гэта было надзвычай прыемна.

У Таганрогу паэты чыталі свае вершы на некалькіх пляцоўках. У скверыку закаханых − інтымную лірыку, на іншай пляцоўцы – патрыятычную.


І за 1000 кіламетраў ёсць беларускае

Арганізатары вельмі добра выбралі час: якраз у гэтыя дні ў Таганрогу быў фестываль “Садружнасць” прадстаўнікоў краін СНД і Балтыі. У межах яго прадстаўнікі краін дэманстравалі розныя абрады, нацыянальныя стравы. Для Аксаны было вельмі хвалююча пачуць у Таганрогу беларускую песню “Ой, сівы конь бяжыць” (відэа, як спяваюць гэтую песню можна паглядзець ТУТ).

− Эмоцыі проста неперадавальныя. Тое самае нам казалі беларусы, якія прыехалі на “Садружнасць”. Цяжка перадаць словамі тыя адчуванні, калі ты за 1000 кіламетраў ад радзімы чуеш беларускі верш.

Арганізатары падрыхтавалі для іх і экскурсію па слаўных мясцінах. Аксана пабачыла дом, дзе нарадзіўся Антон Чэхаў, а таксама бакалейную лаўку, куды яго сям’я пераехала, як пабагацела. Раскопкі старажытнага горада Таніеса, заснаванага ў трэцім тысячагоддзі да нашай эры элінамі. Пабачылі помнікі ў гонар заснавальніка горада Пятра Першага, Аляксандра Першага, які таксама звязаны з Таганрогам.



Аксана дадае, што вельмі ўдзячная мужу і ўсім сваякам, таму што магла ехаць са спакойнай душой:

− Ведала, што абедзве дачкі будуць дагледжаныя. Я лічу, што кожнаму трэба ў жыцці нейкая аддушына − ці творчасць, ці нейкае захапленне. Я вельмі шчаслівая, што у мяне ёсць тое, што так мне па душы!

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота 99px.ru

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Настаўніца з вёскі Ілья Аксана Ярашонак паўдзельнічала ў міжнародным праекце, у выніку якога выйшаў зборнік вершаў “Славянскага болю карункі”.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика