Новы сезон на старым месцы. Тэатр юнага гледача распачаў 59-ы сезон - зноў у Доме літаратара
30.09.2014 20:26
—
Новости Культуры
|
Свежыя афішныя тумбы ўжо стаяць ля адноўленага будынку тэатра. Але на афішах усё яшчэ пазначана: “На сцэне Дома літаратара”. Шосты сезон запар артысты тэатра выходзяць да свайго гледача з-за чужых куліс.
![]() – Спачатку нам называлі дату сканчэння рамонту – 2011 год, потым было яшчэ некалькі тэрмінаў. Апошні тэрмін, які нам агучылі – канец гэтага года. Мы спадзяемся перасяліцца ў гэтым годзе. Вельмі шмат творчых планаў, якія мы зможам рэалізаваць на новай сцэне, – распавяла TUT.BY загадчык літаратурна-мастацкай часткі Жанна Лашкевіч. На гледачоў пазіраюць з партрэтаў усе класікі беларускай літаратуры. Нібыта з дакорам за непрачытаныя свае творы. На час рамонту асноўнага будынку калектыву тэатра давялося прыстасоўваць пад свае патрэбы сцэну Дома літаратара. Плошчу сцэны павялічылі ў два разы, дадалі святло і гук, абсталявалі грымеркі. Надта зручней не стала, ды і халодна зімой. Нягледзячы на цяжкасці, калектыў тэатра стварыў некалькі новых пастановак. На пачатку гэтага сезона гледачоў чакае Дастукацца да гледачаНа сцэне – старыя каштоўнасці ў новай форме. Галоўны герой спектаклю “Тэдзі” – праграміст Макс, які змагаецца з кампутарнымі вірусамі і пакутуе ад кахання ды ўласнага эгаізму. Схаваўшыся за маніторамі, Макс не знаходзіць часу на сваю каханую Ганну. Каб ёй было з кім пагутарыць, Макс набывае плюшавую цацку – мішку Тэдзі, які можа размаўляць. Але ж цацка апынулася значна больш разумнай, чым напісана ў інструкцыі. Ды зусім ня добрай…– Каб зацікавіць гледача, трэба ісці праз яго жыццёвы досвед, праз яго пакуты. Калі казаць пра ўзрост у чатырнаццаць год, гэта моманты кахання, моманты здрады сяброў. Гэта вельмі часта бывае у такім узросце. І тое ж самае адбываецца на сцэне з галоўным героем, – распавеў рэжысёр Ягор Лёгкін. – Наша мэта – нагадаць гледачам, што ніякія кампутары і гаджэты не заменяць жывых чалавечых зносін. Такая тэма бачная ў гэтым ды таксама у іншых нашых спектаклях.
Большасць моладзі, якая сабралася ў фае перад пачаткам, штосьці рабіла са сваімі дэвайсамі. Паказвалі адзін аднаму відэа, перапісваліся, рабілі сэлфі. Можна было чакаць, што яны не адарвуцца ад смартфонаў і падчас спектаклю. Я нават прыгатаваўся зрабіць такі кадр – акторы на сцэне ды шматлікія кропкі святла ад тэлефонаў у зале. Але ж не! Праз пяць хвілін дзеці, якіх прывялі настаўнікі, адклалі дэвайсы ды пачалі глядзець на сцэну. Канешне не ўсе, але ж большасць “арганізаваных гледачоў” акторы здолелі зацікавіць. ![]() – Усе класна! Нам спадабалася! Трэба меней сядзець у кампе ды болей тусіць з рэальнымі сябрамі, – ухапіў сэнс пастановы пятнаццацігадовы Арцём.
Таксама пытаюся, наколькі цяжка глядзець на беларускай мове. Адказваюць: усё зразумела, незнаёмыя словы можна дадумаць па сэнсе. ![]() Большасць наведвальнікаў дзіцячых спектакляў – дарослыя. Бацькі водзяць дзетак у тэатр на культурны адпачынак. На спектаклях для падлеткаў, такіх як “Тэдзі”, большасць гледачоў “арганізавалі” настаўнікі. – Восемдзесят адсоткаў лічыць, што яны не ў тэатр прыйшлі, а ў цырк. Мы зараз плануем рабіць спецыяльныя памяткі – пра што спектакль і як сабе паводзіць у тэатры, – распавёў выканаўца галоўнай ролі Андрэй Каралевіч.
Да жадання наведваць тэатр трэба дарасці. Таму без пэўнай “арганізаванасці” гледачоў у зале можа паменець. Артысты ўжо прызвычаіліся да такога гледача. А вось некаторыя наведнікі тэатру яшчэ не. – Мы вельмі любім тэатр і вельмі часта яго наведваем, ды часам вельмі сорамна за сваіх аднагодкаў, – кажуць Ганна ды Ілля. – Я лічу, не вельмі добра, калі людзей прыганяюць у тэатр. Калі за спінай ядуць кірыешкі ды смяюцца без перапынку, гэта псуе ўсё ўражанне.
Казка не сыходзіць– Каб супакоіць маленькіх дзетак перад пачаткам, мы кажам, што казка збягае ад непаслухмяных. Акторы на сцэне застануцца, а вось казка сыйдзе. Для іх гэта такі жах. Казка сыйдзе! Вы б бачылі, як яны потым глядзяць, – распавяла Жанна Лашкевіч.Дзеці – самая складаная публіка, проста пасядзець ціха яны не могуць. Каб іх зацікавіць, патрэбна выдаваць сапраўдныя яркія эмоцыі штовечар. Трэба самому паверыць у казку, каб прынесці яе дзецям. – Такая праца прасейвае людзей. Тыя, у каго мары пра кіно, Маскву, Галівуд, адпрацоўваюць размеркаванне ды сыходзяць. Застаецца пасля размеркавання прыкладна адзін з чатырох актораў, – распавеў Андрэй Каралевіч. Сам Андрэй прайшоў на сцэне тэатра шлях ад чарвячка да кампутарнага генія. Такі кар’ерны рост няшмат дадае ў грашовым плане, але ж працуюць тут ня дзеля грошай. Па словах артыстаў, пражыць на адзін заробак артыста вельмі складана. Для здабытку грошай ёсць расійскія серыялы, што патокам здымаюцца ў Менску. У тэатры жа сапраўдная творчасць. Пакуль для творчасці ёсць толькі маленькая халодная сцэна ды грымерка ў прыбіральні. Але і ў такіх умовах Казка не сыйшла з тэатра. Спадзяемся, што хутка пакуты артыстаў скончацца ды яны пераедуць у новы будынак, дзе ўсе абсталявана для творчасці. Застанецца выйсці на новую сцэну, каб распавесці юным гледачам новую казку. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Свежыя афішныя тумбы ўжо стаяць ля адноўленага будынку тэатра. Але на афішах усё яшчэ пазначана: "На сцэне Дома літаратара". Шосты сезон запар артысты тэатра...
|
|