22 кастрычніка ў 19.00 у галерэі "Ў" адбудзецца адкрыццё кароткатэрміновай выставы твораў Наталлі Гарачай, прысвечаная ўяўнаму свету рамана Віктара Марціновіча “Мова”, а таксама прэзентацыя яго рускамоўнага перакладу, выдадзенага 34mag.net.
Экскурсію па экспазіцыі правядзе аўтар рамана Віктар Марціновіч.
"Гэта будзе экскурсія не толькі па графічных выявах Наталлі Гарачай, але і па Мінску "Мовы" ў маім уяўленні. Я раскажу, якім бачыў чайна-таўн, як выглядала Плошча мёртвых у маіх фантазіях. Мы пакажам Мінск, захоплены трыядамі. Вы пабачыце шыльдачкі страхоўшчыкаў на беларуска-кітайскай мяжы, "сініх ліхтароў" і кітайскіх генералаў, мурашнік, што нарос на Нямізе, і ягонае ўзножжа ля Вострава слёз," — кажа Віктар Марціновіч, які адмыслова для імпрэзы прыедзе ў Мінск з доўгатэрміновай камандзіроўкі.