Народзіны на Дзень волі. Віцебскі паэт Уладзімір Папковіч сёння святкуе 80-годдзе. 21.by

Народзіны на Дзень волі. Віцебскі паэт Уладзімір Папковіч сёння святкуе 80-годдзе

25.03.2015 19:08 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вядомы беларускі паэт і перакладчык, жыхар Віцебска Уладзімір Папковіч якраз сёння, на Дзень волі, святкуе свой 80-гадовы юбілей. У дзень нараджэння спадар Уладзімір распавёў "Нашай ніве" пра свае маладосць, юнацтва і пасляваенны Мінск.


Уладзімір Папковіч. Фота: Таццяна Мацьвеева, TUT.BY

Царскае вяселле

- Мой бацька Антон Іванавіч нарадзіўся ў 1892 годзе ў вёсцы Дварэц. Маці Вольга Антонаўна (Антосіха, у дзявоцтве Спірыдовіч) нарадзілася ў 1896 годзе ў суседняй вёсцы Зачарная. Не ведаю, ці былі яны знаёмыя да выезду ў Пецярбург. Мама трапіла ў расійскую сталіцу ў 1910 і працавала служанкай у сям'і інжынера шляхоў зносін. Яе абавязкам было глядзець дзяцей. Адукацыя ў яе была 2 класы.

Бацька меў, здаецца, тыя ж 2 класы, але мне здаваўся добра адукаваным, умеў размаўляць з "начальствам" па-руску. У Пецярбургу ён працаваў у пажарнай службе, потым правадніком паштовага вагона ў цягніку Пецярбург - Кіеў. Відаць, і кругагляд меў больш шырокі, чым звычайны вясковец, які трапіў у горад.

Перад "вяселлем" сваіх бацькоў я мушу ўсё ж звярнуцца да аднаго эпізоду ў жыцці падлетка Антося Папковіча. Бацька рана ўключыўся ў рэвалюцыйную дзейнасць і 13-гадовым хлапчуком распаўсюджваў забароненую літаратуру (1905-1906), з якой яго і злавілі. А потым падпаліў панскую стайню. Але яго навучылі зваліць усё на пана, быццам той падбухторыў хлопца зрабіць гэта дзеля страхоўкі. Можа, з гэтай прычыны Янук, мой дзед, і адправіў сына далей ад бяды, у горад.

Вось там і сустрэліся яны: Папковіч Антось і Вольга Спірыдовіч. І пакахаліся. Вяселле атрымалася адмысловае.

У Петраградзе ўжо сабралася цэлая суполка землякоў. Мамін дзядзька, афіцэр царскай арміі Язэп Дзік меў нейкія адносіны да царскай стайні, у яго былі падначаленыя.

Вяселле адбылося падчас Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года. Царскай стайняй распараджаліся ўжо "свае людзі". Дзядзька Язэп падабраў тройку белых стаеннікаў, запрог у белую карэту. Вянчанне адбылося ў Царскім Сяле. Вось так па-царску была ўтворана сям'я маіх бацькоў.

На жаль, той час не прынёс шчасця. Маміны гаспадары ўцякалі за мяжу і быццам бы прапанавалі маім бацькам паехаць з імі. Мама была цяжарная першым дзіцем, ды ехаць немаведама куды не выпадала. Падаліся ў вёску да бацькоў.

Першае дзіця - хлопчык Косця - падчас пераезду захварэў і памёр. Трагедыя з малымі дзецьмі паўтаралася пазней раз ад разу. Таму мне найбольш запомніліся маміны заплаканыя вочы і рэдкая гаротная ўсмешка. Жывых нас засталося чацвёра: Ніна (1919 г. н., ужо нябожчыца), Леаніла (1928 г. н.), Іван (1930 г. н.) і я.


"Ды хто на тых бандытаў глядзеў!"

- У бацькоў, відаць, былі яшчэ нейкія грошы, і бацька здолеў пабудаваць новую хату, у якой я і нарадзіўся. Ужо пад Польшчай. Вёска Дварэц апынулася каля самай мяжы, за 2 км, на заходнім баку. Я мала ведаю пра гэты час, толькі тое, што напісана ў савецкіх падручніках: прыгнёт, беднасць, здзекі… Нават калі адносіцца да ўсяго крытычна, усё-такі беларусам пад Польшчай жылося нялёгка.

Уладзімір Папковіч, 1952 год.
У 1939 годзе прыйшлі Саветы. Мама нядобра гаварыла пра "акцівістаў". Як прыйшлі Саветы, я ад яе ў першую чаргу адчуў трывогу, што прыйшла бяда, якая абавязкова закране нас.

Ужо пазней, пры маёй памяці, калі мы пыталіся ў мамы, ці бачылі яны ў Петраградзе падчас рэвалюцыі Леніна і Сталіна, адказвала: "Ды хто на тых бандытаў глядзеў!". Не любіла, не трывала.

Непакоілася, што вывозяць "кулакоў" і асаднікаў. Ці не вывязуць і нас? З гэтага часу пачынаю прыпамінаць усё больш і больш. У нашай вялікай хаце на дзве паловы ў правым баку быў абсталяваны "чырвоны куток". Там збіралася моладзь, магчыма, праводзіліся нейкія агітацыйныя сходкі (што я тады разумеў, мне пайшоў толькі пяты год).


Апошні бацькаў прыход

- З вайны ўжо памятаецца куды больш. Мне здаецца, што ў дзень пачатку вайны бацька прыехаў вечарам, быў спалохана-ўсхваляваны. Астатняе памятаю толькі ўрыўкамі. Напрыклад, як выходзілі на гумно, глядзелі ў бок Мінска, дзе над лесам стаяла чырвонае зарава, сполахі ад бамбёжак.

Потым прыпамінаю, як з'явіліся першыя партызаны, у нас іх называлі "капялюшнікамі", бо шмат хто з іх быў у капелюшы. У нас перарылі ўсё ў куфры, забралі бацькаву, яшчэ петраградскую форму пажарнага. Другі раз прыйшлі і забралі каня, паабяцаўшы потым нейкім чынам вярнуць. Абяцанкі-цацанкі… Пазней ужо з'явіліся арганізаваныя атрады, напрыклад, атрад "Баец" з камандзірам Бацяноўскім. І ў нашай хаце часта наладжваліся партызанскія вечарынкі. Попытам карысталася самагоначка…

Наколькі памятаю, у нас часта жылі нейкія партызанскія начальнікі - Аляксандр Сядых, Павел Жукоўскі. Для падтрымання сувязі з Масквой у нашай хаце асталяваліся два маладыя радысты: Коля і Сашка. Прозвішча Сашкі я не ведаю, а Коля - Мікола Ваданосаў, будучы беларускі дзіцячы пісьменнік.

Вядома, згадваючы пра вайну, нельга не сказаць пра нямецкія "блакады". Час ад часу, каб прыстрашыць партызанаў, немцы прачэсвалі лясы. Але як прачэсвалі? Наляталі ў асноўным на вёсачкі, якія ляжалі паблізу лесу, як наша, хапалі, саджалі, вывозілі ў Нямеччыну, расстрэльвалі, вёскі палілі. Наводзілі жах не столькі на партызан, колькі на цывільнае насельніцтва.

А зімой 1944-га забралі бацьку, якога дагэтуль прызначылі працаваць у Іллі, тады раённым цэнтры, начальнікам страхавога аддзела. Магчыма, спецыяльна выціскалі з вёскі і ад сям'і, думаецца мне цяпер. Ён зняў там кватэру і забраў з сабой Лёлю і Ваню, каб маглі хадзіць у пяты і шосты класы. Бацька прыходзіў у суботу дадому.

Яго апошні прыход запомніўся мне тым, што бацька, звычайна не вельмі чуллівы, пасадзіў мяне на калені і гладзіў па галаве, пацалаваў. Ён ужо ведаў (нехта падказаў), што яго забяруць. У снежні 1944-га яго сапраўды забралі, і ён больш да нас не вярнуўся.

Судзілі закрытым судом. Толькі з чутак даведваліся, што судзілі за тое, што быў пры Польшчы солтысам. Нічым не дапамог нам Аляксандр Сядых, былы партызанскі начальнік, а потым сакратар Іллянскага райкама партыі.

Пасля вызвалення

- У 1944, пасля вызвалення нашай мясцовасці Чырвонай Арміяй, у Мардасах, суседняй вёсцы, адчынілася пачатковая школа. Бацька ўзяў мяне за руку і павёў туды. Запісаў адразу ў другі клас, бо чытаць я ўжо ўмеў, а пісаць, вырашыў, навучуся. Вось пісьмо мне потым і далося ў знакі. У 5-ы клас давялося хадзіць ужо ў Хаценчыцкую сямігодку, якая знаходзілася не ў Хаценчыцах, а яшчэ далей, у Казлеўшчыне. І было да яе з Дварца не менш за 5-6 км. Кожны дзень туды і назад. Сямігодку я закончыў у 1950-м з адной "тройкай" - па Канстытуцыі СССР.

Пра падлеткавыя гады магу сказаць, што за гэты час я прачытаў ці не ўсю сельскую бібліятэку. І Марка Твэна, і Дэфо, і Шарля дэ Кастэра, не кажучы ўжо пра Гайдара, Мікалая Астроўскага, усіх запар лаўрэатаў Сталінскай прэміі… Я чытаў без разбору і запоем.


Уладзімір Папковіч з аднакласнікамі, 1950-я гг.

Па сямейным рашэнні мяне накіравалі вучыцца ў 8-ы клас у Іллянскую сярэднюю школу (16-17 км ад Дварца). Ілля была тады раённым цэнтрам. Цяпер ужо кожны тыдзень давялося хадзіць у суботу - у Дварэц, у нядзельку - у Іллю з мяшэчкам харчоў. Масла, крупы, некалькі бульбін, а ці было якое сала - не памятаю. Год пражыў у інтэрнаце, потым знялі мне кватэру, дзе гаспадыня і варыла, і падкормлівала.

Вучыўся я так сабе. Толькі дыктоўкі ды сачыненні добра пісаў. У дзявятым класе выключылі з камсамола, бо згубіў камсамольскі білет, а я ўсё баяўся сказаць, а значыць, і ўнёскі камсамольскія не плаціў. Нарэшце выкрылі, але добра, што са школы не выключылі.

"Мінск маёй маладосці"

- Дзесяцігодку я скончыў у 1953-м і пайшоў у свет - паступіў у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў, на факультэт нямецкай мовы.

У той час існавала яшчэ "мандатная камісія", якая павінна была пераправяраць біяграфію абітурыента. Гэта мяне палохала: як тая камісія паглядзіць на тое, што бацька невядома дзе, а сам выключаны з камсамола. Спачатку вырашыў паступаць у БДУ на беларускае аддзяленне. Запоўніў анкету, дзе ў графе пра бацьку напісаў "памёр", а пра членства ва УЛКСМ напісаў "член".

Здаў 7 іспытаў, але конкурсу не вытрымаў (тры "пяцёркі" і чатыры "чацвёркі"). Ніякая "мандатная" са мной не праводзіла "субяседванне". Конкурс быў вялікі, і падобных да мяне, якія не паступілі, было шмат. І мне хтосьці параіў наведаць "іняз".

Дырэктар інстытута, М. В. Жаўрыд, сказаў: "Нікому не кажы, што ты там быў, а ідзі здавай гэтыя ж экзамены яшчэ раз. Другі паток не закончыўся". Дырэктар размаўляў па-беларуску. Чытаючы маю анкету, Жаўрыд яшчэ спытаў: "А дзе твой бацька?". І пранізліва зірнуў у вочы. "Памёр", — адказаў я, і гэта была праўда: праз знаёмых мы даведаліся, што ўжо няма нашага таткі. Яшчэ баяўся, што буду выкрыты як не член УЛКСМ.

Між іншым, пазней я ўсё-такі прызнаўся, што не камсамолец, і мяне пачалі прымушаць, не ўдаючыся ў падрабязнасці, уступіць у камсамол.


Студэнты "іняза" Мікалай Сілко, Іван Хаванскі, Уладзімір Папковіч, 1957 (1958?).

Мае студэнцкія гады (1953-1958), як цяпер здаецца, нічым адметным не вызначаліся. Я вучыўся лёгка, а матэрыяльна жыў цяжка. З дому мама дапамагчы не магла. Я гэта добра разумеў і нічога не прасіў. Ужо з трэцяга курса пачаў працаваць лабарантам на кафедры. У той час не было падручнікаў, і ўсе практыкаванні выконваліся студэнтамі ў кабінеце. Пад вечар яны запаўнялі кабінет напоўніцу, сядзелі і працавалі. На пятым курсе я ўжо працаваў на кафедры замежных моў Беларускага політэхнічнага інстытута.

З'явіліся свае грошы. Я прывык хадзіць у кнігарні, і за канец 50-х - пачатак 60-х сабраў ужо нядрэнную бібліятэку з твораў пісьменнікаў, якіх раней, вучнем, ніколі не чытаў. Брэт Гарт, Моэм, Джэк Лондан, Фёдар Салагуб, Саша Чорны, Сяргей Ясенін, Бруна Ясенскі… Я даганяў упушчанае ў сталінскія часы.


Уладзімір Папковіч у коле студэнтак-завочніц, Мінск, 1960 г.

Я вучыўся з вялікім задавальненнем. Замежныя мовы даваліся мне лёгка, і я вучыўся гуляючы. Гэта, магчыма, і сапсавала мой характар, бо я не быў прывучаны да ўседлівасці. Нас вучылі вельмі добрыя выкладчыкі, шмат хто з іх былі выпускнікамі маскоўскіх моўных ВНУ, потым прыйшлі дэмабілізаваныя з Савецкай Арміі былыя афіцэры (журналісты, перакладчыкі), якія да таго служылі ў ГДР, Аўстрыі. Для мяне яны былі прыкладам адукаванасці і элегантных паводзін.

Да сёння добрым словам прыпамінаю дэкана Мацвея Рыгоравіча Эрэнштэйна, выкладчыкаў мовы Іосіфа Рыгоравіча Гардона, Спартака Іванавіча Каралёва, які пісаў вершы і музыку да іх, Генадзя Іванавіча Кулікова, Уладзіміра Паўлавіча Уварава… Гэта былі для нас сапраўдныя еўрапейцы. Яны вучылі нас глядзець на жыццё больш шырока, а не толькі на асобна ўзяты факт.

Добрую кампанію ўяўляла тады рэдакцыя насценнай газеты "Лінгвіст", шэф-рэдактарам якой быў Міхаіл Саламонавіч Штэйнгольц, выкладчык англійскай мовы, якога за вочы ўсе называлі на англійскі лад Майкл. Майкл быў дабрадушны, з яўрэйскай хітрынкай, чалавек гадоў пяцідзесяці, які здолеў сабраць вакол сябе разумных і дасціпных людзей.

Ад выкладчыкаў былі Кулікоў Генадзь Іванавіч з кафедры нямецкай мовы, Міцкевіч Зарына Уладзіміраўна, нявестка Якуба Коласа, выкладчыца франузскай мовы. Заўважыў я яе яшчэ раней, калі быў на першым курсе, бо яна пад'язджала на заняткі на сваёй "Победе", крута разварочваючыся перад уваходам у інстытут.

Сярод студэнтаў-членаў рэдакцыі былі Толя, Юра, Дзіма, Марык (фатограф), Саша (мастак), Нэла, Ліля, Ала, Марына, Роза.

У 1958-м я скончыў інстытут і мяне пакінулі працаваць на кафедры лабарантам, нагрузіўшы яшчэ нейкай колькасцю гадзін выкладання.


З фехтавальшчыцамі з ГДР. Мінск, канец 1950-х – пачатак 1960-х гг.

Які быў Мінск у той час? Гэта быў Мінск маёй маладосці, па-сяброўску вясёлы і добры. І беларускі. Ён быў яшчэ ў асноўным вясковым: будавалі ж Мінск былыя вяскоўцы, вучыліся ў ВНУ ў асноўным сялянскія дзеці, якія перажылі вайну і хацелі некім стаць у жыцці. Шмат што было новае для нас, таму і цягнуліся да ведаў, але і забавы, каханне, жарты і танцы былі тады ў вялікай модзе.

Балгарскія цыгарэты і віно, кубінскі ром, айчынная зуброўка ў біклажцы, якая месцілася ў задняй кішэні, невядомая раней літаратура (хто любіў яе), і аўтаматы не толькі з газіроўкай, але і з віном і бутэрбродамі. Студэнцкія вечары з факстротамі ды танга пад замежныя песні, бугі-вугі… Усё ж гэта было.

Я не быў знаёмы з дысідэнтамі, хоць у галаве, у душы быў сам ім. У 1963-м было апублікавана ў "Нёмане" маё апавяданне "Наследнікі" на рускай мове, дзе я нясмела, бо адзіночка, спрабаваў зачапіць тэму культу асобы Сталіна і даносаў. Тыя, хто пацярпеў ад Сталіна, не ядналіся. Ядналіся тыя, хто штосьці страціў, ці баяўся страціць пасля выкрыцця яго культу.

Пасля некалькіх нядрэнных месцаў працы - у рэспубліканскім патэнтным бюро, у МВІРТУ, на заводзе імя Вавілава - я нарэшце з'ехаў у 1966-м у Віцебск...


Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Уладзімір Папковіч. Віцебск, 1992 г.


Уладзімір Папковіч і Давід Сімановіч. Віцебск, 2000-я гг.

Уладзімір Папковіч нарадзіўся 25 сакавіка 1935 года ў вёсцы Дварэц Вілейскага раёна. Выкладчык замежных моваў, паэт, перакладчык. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (1981). Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў. З 1966 года жыве ў Віцебску. З 1982 года - выкладчык Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава. Там працуе і сёння.

Аўтар зборнікаў вершаў "На досвітку", "Самы кароткі цень", "На тым стаю", "Рэшта", "Як ёсць", кнігі гумару "Вы будзеце смяяцца". У яго перакладах з нямецкай выйшлі "Закаханы вандроўнік: паэзія нямецкага рамантызму", "Тры таварышы" Рэмарка, "Хмара" Гудрун Паўзэванг, "Карлік Нос" Вільгельма Гаўфа. На нямецкую мову пераклаў "Тараса на Парнасе" Кастуся Вераніцына.

Актыўны карыстальнік Facebook.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У дзень нараджэння спадар Уладзімір распавёў пра свае маладосць, юнацтва і пасляваенны Мінск.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика