Бацька з вайны прывёз не швейную машынку, а рэпрадукцыі: Аляксей Марачкін святкуе 75-годдзе
30.03.2015 15:48
—
Новости Культуры
|
"Наша Ніва": Спадар Аляксей, нехта, відаць, паспеў павіншаваць Вас з юбілеем: у Вас жа дзве даты дня нараджэння.
Аляксей Марачкін: Паспелі. Я заўсёды тлумачу гэтую блытаніну. Сапраўдны мой дзень нараджэння — 30 сакавіка, "на Божага чалавека Ляксея нарадзіўся", як маці сказала. А калі я пайшоў у першы клас, ведаў толькі, што ў сакавіку, але не ведаў даты. Чамусьці дзясятка спадабалася. Так і з"явілася 10 сакавіка. І пачала "гуляць" у афіцыйных дакументах. А ў даведніках па мастацтве ўжо фігуруе 30 сакавіка. Гэта ж было перад вайной. Бацька паехаў на заробкі. А калі па праўдзе казаць, ён уцякаў ад НКВД. У 1938 ці 1939 годзе яго хацелі паставіць старшынёй сельсавета. А нехта яму шапнуў, што папярэдняга старшыню арыштавалі. І сказалі: "Антон Мікалаевіч, бяры торбу, сухары і едзь куды далей". "НН": І як склаўся яго далейшы лёс? АМ: Ён паехаў добраахвотна на Далёкі Усход. А вярнуўся ў 1941. Тады быў прызыў — і яго забралі на вайну. Быў на самай перадавой: параненых і забітых выносіў. Адзін раз быў лёгка паранены аскепкам у руку. Атрымаў ордэн баявога Чырвонага Сцяга. "НН": Кім былі бацькі? АМ: Маці — Хадора Хролаўна, вясковая дзяўчына. Пісаць, чытаць не ўмела, але распісвацца навучылася. І грошы лічыла. А бацька — я ганаруся! — вясковы інтэлігент. Пасля вайны ён завочна скончыў Магілёўскае культасветвучылішча і быў вясковым бібліятэкарам. І праз мае рукі заўсёды праходзілі кніжкі. Асабліва падабаўся часопіс "Огонёк", бо ў ім былі каляровыя ўкладышы з рэпрадукцыямі карцін расійскіх мастакоў. Чытаць я навучыўся да школы. Школьнікам ужо маляваў. У пятым класе я дагнаў Івана, якога клікалі Ямелем: ён тры гады прасядзеў у адным класе. Ён сказаў: "Ляксейка, нашто табе гэтая школа, ты і так усё ўмееш". І я ўсю зіму прагульваў школу… На лыжах каталіся! А тут сігналы бацьку ішлі: ён мяне ганяў. І ў 5 класе я застаўся на другі год. Адчуў, што бацькава дзяга балючая, і закончыў 10 класаў. "НН": Бацька — вясковы інтэлігент. Ён ухваліў Ваш выбар быць мастаком? АМ: Казаў: "Ты, Ляксейка, гультай. Нічога не ўмееш — толькі маляваў бы". А я на замерзлых шыбах розныя ўзоры цвіком шкрабаў. Не памятаю, каб ён з вайны прывёз швейную машынку ці нешта такое, а прывёз ахапак паштовак. Як пасля высветлілася, гэта былі рэпрадукцыі з Дрэздэнскай галерэі, Луўра. Яму не было абыякава, што я малюю. Але я ўсё самастойна спасцігаў. У нас на Магілёўшчыне мужыкі не гаварылі: "Намалюй мяне". Казалі: "Скрытыкуй". Бо пасля вайны дужа папулярны быў часопіс "Вожык", а ў ім — адны карыкатуры. І мяне запрашалі ў школьных альбо калгасных сценгазетах "скрытыкаваць" кагосьці. Але адзін раз мяне пабіў аднакласнік. "За што ты майго бацьку скрытыкаваў?" А ён быў п'яніца: намаляваў яго з бутэлькай. Гэта быў першы "ганарар". Старэйшы хлопец з маёй школы, Вася Сталяроў, паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча. Мне былі цікавыя яго малюнкі, я яму свае паказваў. І гэта таксама паўплывала: мне захацелася ў вучылішча. Але па конкурсе не прайшоў. Памятаю, тады дырэктар Краснеўскі выклікаў такіх, як я, і сказаў: "Хлопцы, тут перабор. Бярыце дакументы і едзьце ў Віцебск: там без конкурсу вас прымуць". Прынялі. І наш выпуск быў першым на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута. Са мной вучыліся тыя, хто ўвайшоў у гісторыю беларускага мастацтва. Найперш Мікола Кірэеў і Фелікс Гумен. Пасля мяне забралі ў армію. Але мяне турбавала, што я не займеў тое, чаго хацеў. А хацелася вучыцца ў Маскоўскай альбо Ленінградскай акадэміі мастацтваў. Але папярэдзілі, што безнайдзейна — без знаёмства не паступіш. "Як я спаліў танк"— Я служыў танкістам у Пячах. Але салдат я быў нікуды не варты — танк спаліў."НН": Як гэта? АМ: Зімой сказалі: на макетах ты навучыўся кіраваць, сядай у сапраўдны танк. Я залез і ўсе кнопкі ўключыў. Сістэма не вытрымала напругі — і пачала гарэць праводка, схапілася полымя. Я ледзь ўцёк. І танк выгарэў ушчэнт: чорны стаяў на белым снезе. І старшына Галапупенка ўвесь час казаў: "Глядзіце, якую шкоду радавы Марачкін нанёс нашай доблеснай Савецкай арміі". "Ты ведаеш, колькі ты кароў спаліў?" — казаў ён (ацэнка была не ў гарэлцы ці валюце, а ў каровах). На гаўптвахту мяне не пасадзілі. А пасля навучылі на танку ездзіць. Мне падабалася, што не трэба вучыць правілы дарожнага руху. "НН": У арміі была магчымасць маляваць? АМ: Была. На другім годзе службы мы з адным хлопцам у Доме афіцэраў арганізавалі студыю. Вучылі дзяцей маляваць. З Барысава нават у Печы прыязджалі. Адзін даволі вядомы мастак — Мікола Ісаёнак — займаўся тады ў мяне. Ён да гэтага часу кажа: "Ты ж мой настаўнік". Пасля войска нейкі час я працаваў у школе №4 у Жодзіне. Жонка туды з малым сынам пераехала. І я пайшоў вучыцца. Конкурс ў Тэатральна-мастацкім інстытуце тады быў велізарны: 9 чалавек на месца. Я паступіў да прафесара Івана Ахрэмчыка. У маім лёсе ён адыграў вялікую ролю. Казаў: "Я цябе ганяю, але з цябе толк будзе". "Латушка папрасіў у мяне партрэт Багдановіча""НН": У 1989 Вы адмовіліся ад звання заслужанага мастака БССР. Творцу яно не патрэбна?АМ: Званне давалі групе мастакоў, і чалавекі тры адмовіліся. Тады толькі фарміравалася наша мастацкая суполка "Пагоня". І мы хацелі зламаць стэрэатыпы, званні. Для рэжыму гэтыя званні патрэбныя, каб прыручыць, каб ад іх залежалі. А хацелася быць свабодным. І пасля на адным са з"ездаў мастакоў была ініцыятыва скасаваць званні "народнага", "заслужанага" — не пазбавіць тых, хто атрымаў, а скасаваць надалей. Толькі адзін чалавек устрымаўся, астатнія прагаласавалі "за". Але ўсё пакацілася па сцежцы былога Савецкага Саюза. "НН": Вы ўваходзілі ў аргкамітэт па стварэнні БНФ. Чаму не пайшлі ў дэпутаты Вярхоўнага Савета, каб вось такія пытанні і вырашаць? АМ: Што ты, маладыя гады былі — я ішоў у народныя дэпутаты. У мяне канкурэнтам быў Чаргінец. Цікава, што тады завалілі і мяне, і яго. А пасля быў новы тур, але я не ўдзельнічаў. "НН": Адносіны з уладамі ў Вас не складваюцца. Карціны часта здымаюць з мастацкіх выстаў праз іх палітызаванасць. А некалькі гадоў таму Вы хадзілі на сустрэчу з тагачасным міністрам культуры Паўлам Латушкам. З чым звярталіся да чыноўніка? АМ: Латушку я ведаў яшчэ да міністэрства, і калі ён не быў нават паслом у Польшчы. Ён прыходзіў да мяне ў майстэрню. Я яму карціну маляваў — прасіў у мяне Багдановіча. Я бачыў, што гэта вельмі сціплы і культурны чалавек. Здавалася, што ў яго вялікая будучыня. І калі ён стаў міністрам культуры, захацелася сустрэцца. Ён яшчэ сказаў: "У мяне на шафе вось стаіць рэпрадукцыя Вашага трыпціха, прысвечанага 1000-годдзю летапіснай Літвы". Я прапанаваў яму стварыць грамадскі орган пры міністэрстве з экспертаў, якія б выказвалі думкі адносна культурніцкіх падзей. Ён на гэта пайшоў. Але затым усё ляснулася — не працуе. "НН": У Беларусі ёсць багаты бізнэсовец Алег Хусаенаў, які калекцыянуе карціны. Вашы творы ў яго ёсць? АМ: Не ведаю яго. Я рэдка калі даю карціны на продаж. Раблю выставы, з якіх творы прадаюцца. Часам адмыслова прыходзяць да мяне людзі. У Літве ёсць бізнэсовец, які купляе ў мяне нонканфармісцкія творы. Я не бачыў, але кажуць, што ён іх у офісе выставіў. А тут многія баяліся такія карціны на выставе паказаць. Ёсць мастакі падкапытныя, як я іх называю, якія выконваюць дзяржаўныя замовы. Мяне ж не запрашаюць. Але я не бядую. Чыноўнікі не хочуць мяне заўважаць. Навошта я пішу такія карціны? І мае калегі гавораць: пішы кветачкі, ты ж умееш, а не на палітычныя тэмы. Я гэта пішу, бо пра гэта думаецца. А перад палатном — як на споведзі. Гэты негатыў я выплюхваю на палатно. Вось пра што хачу сказаць. Сёння мастакі стогнуць ад непамернай платы за майстэрні. Я атрымліваю пенсію 3,8 мільёна рублёў, а плаціць трэба амаль 4 мільёны за майстэрню. Добра, што з сынам Ігарам напалам тут працуем і плацім. А многія адмаўляліся ад майстэрняў. Чаму рэлігійныя структуры, найперш праваслаўныя, пазбаўленыя падаткаў, а мы, мастакі, працуем на фронце духоўных каштоўнасцяў, не? Што мы, карціны на той свет возьмем? Застануцца тут.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Латушку я ведаў яшчэ да міністэрства, і калі ён не быў нават паслом у Польшчы. Ён прыходзіў да мяне ў майстэрню. Я яму карціну маляваў - прасіў у мяне Багдановіча. Я... |
|