“Раяль ля мора” — так называецца першы зборнік твораў Анхелы Эспіносы Руіз. Яна нарадзілася ў Малазе і самастойна па анлайн-падручніках за два гады вывучыла беларускую мову так, што цяпер піша вершы і ладзіць уласны літаратурны вечар у Мінску.
Анхела прыехала ў Беларусь першы раз, але ведданнем гісторыі, культуры і таго, чым жыве наша краіна, дасць рады самім беларусам. Яе кніга складаецца з вярлібраў, наперадзе зборнік санэтаў — ужо на іспанскай мове.
Да сваёй творчасці Анхела ставіцца даволі крытычна: “Я змяшчаю вершы ў сваёй суполцы. І калі напішу які верш, не ведаю, ці спадабаецца ён людзям. Хто-небудзь падзеліцца на сваёй старонцы — я заўжды здзіўляюся”.
Дзяўчына лазділа ва ўніверсытэце Гранады, дзе сама навучалася, моўныя курсы “Мова Нанова”. “Да мяне хадзлі тры чалавекі, але гэта добрая лічба, калі ўлічваць, што на іншыя мовы хадзіла па аднаму студэнту. Так што ў Іспаніі значна пабольшала людзей, якія ведаюць пра Беларусь, як мінімум на тры чалавекі”, — жартуе Анхела.
Яна казала, што ва універсітэце не ўсе станоўча ставіліся да яе цікаўнасці беларускай мовай. “Адна выкладчыца з Расеі казала, што вучыць беларускую ці ўкраінскую мову — толькі марнаваць час. Яна з так званых homo sovieticus з усімі ўласнымі ім рысамі”, — распавяла Анхела.
Іх канфлікт дайшоў ажно да фізічных пашкоджванняў, але, нягледзячы на скаргі Анхелы, жанчыну дагэтуль не звольнілі. “Не варта казаць, што ўсе расейцы так да мяне ставіліся. У Гранадзе багата людзей з Расіі, і яны падтрымлівалі мяне”, — падкрэсліла Анхела.
Яе цікаўнасць да беларускай мовы пачалася з выпадковага знаёмства ў Амерыцы з беларусам. “Тады я ўпершыню пачула беларускую мову. Але нельга сказаць, што нейкі пэўны беларус натхніў мяне на вывучэнне мовы”, — кажа дзяўчына. У свае 22 гады яна ведае не толькі беларускую, але і русскую і польскую мовы.
Свае планы надалей яна бачыць так: “Даволі складана планаваць жыццё. Яшчэ дзесяць год таму я ведала пра Беларусь толькі тое, што яна ёсць, а сёння я тут падпісваю свае кнігі. Праўда, цяпер мне хоччацца пісаць. Я знайшла сябе, свой стыль у беларускай мове. Таксама буду перакладаць беларускія творы на іспанскую мову і іспанскія — на беларускую. Хачу, каб узаемаўзбагачэнне культур праходзіла інтэнсіўней. Тым больш, што беларуская літаратура такая цікавая”.
Сваімі ўлюбёнымі літаратарамі яна назвала Барадуліна і Багдановіча, кажа, што ў іх было нешта іспанскае ў творчасці.
Анхела Руіз мае на думцы прыехаць у Беларусь яшчэ. Яе наступны візіт адбудзецца ўзімку падчас літаратурнага фестывалю імя Стральцова.