Па сацыяльных сетках і СМІ нядаўна разышоўся трыпціх мастака Аляксея Панцюка-Жукоўскага “На скрыжаванні стагоддзяў” з выявамі Міндоўга, Пятра Машэрава і Аляксандра Лукашенкі. Высветлілася, што твор ужо не новы, але адну ягоную частку шырокая публіка ніколі не бачыла.
Naviny.by сустрэліся з мастаком і запыталі ў яго пра гісторыю і лёс гэтага трыпціха.
Фота са старонкі мастака ў сацсетках
“Мастацкі твор трэба ўмець чытаць”, — кажа аўтар, расказваючы гісторыю з’яўлення трыпціха. Ён ад самага пачатку размовы ўпэўнівае нас, што гэты трыпціх — не проста “маляванка”, а ў ім закладзены пэўны сэнс.
У 2013 годзе Панцюк-Жукоўскі рыхтаваў выставу да свайго 60-годдзя, планаваў зладзіць яе ў Нацыянальным гістарычным музеі:
“Мне адвялі залу у музеі гісторыі, а адразу за ёй размяшчалася экспазіцыя Вялікага княства Літоўскага і другіх перыядаў. І тады я палічыў: што я са сваімі творамі пра Беларусь — ім трэба якісьці аб’яднальны твор, каб зачапіць і гледача, і сябе самога, звязаць з гісторыяй”.
Адным творам цяжка раскрыць тэму, таму нарадзілася ідэя з трыпціхам, які трэба было прадумаць і напісаць за год, і за гэты час яшчэ падрыхтаваць да выставы рамы ўжо гатовых прац.
Прыдумаць і напісаць трыпціх было няпроста. Партрэт Пятра Машэрава, “які ваяваў за незалежнасць”, пісаўся па здымках палітбюро, але добрых фотакартак знайшлося няшмат: “І трэба не абы як напісаць, а каб гледачу было адразу зразумела, трапна”.
Падчас напісання партрэта Міндоўга, “які заснаваў гэтыя землі, паказаў, што мы можам быць як нацыя, як народ, як краіна”, аўтар шмат думаў пра тое, у якой вопратцы адлюстраваць князя, і паказаў яго ў кальчузе, калі той “ідзе бараніць свае землі”.
Асаблівую цяжкасць склала адлюстраванне Беларусі сучаснай. Гэта мусіў быць менавіта партрэт, бо пейзаж разам с Міндоўгам і Машэравым не паставіш.
“А як адлюстраваць маладую Беларусь, каго пісаць — Кебіча, Пазьняка, Шушкевіча? Хто можа нас увасобіць? Маладая Беларусь — гэта дзіцятка, усё роўна хлопчык павінен быць. Хлопчык будзе — прыдзецца і прэзідэнта пісаць. Другога у нас няма, гэта наша гісторыя. А можа, ён стане беларусам? Можа, сёння ён пачуе і заўтра загаворыць з намі па-беларуску?”
Хлопчык на карціне — гэта не Мікалай Лукашэнка, “а вобраз маладой Беларусі”, кажа мастак. Больш за тое, “сённяшні сын уже амаль вышэй за бацьку, а там жа маленькі”.
Цяжка было і падабраць фон для партрэта — ці то поле, ці працоўны кабінет: “Кабінеты яго зараз сталі больш падрабязна паказваць, да гэтага я не ведаў нават, які ў яго кабінет”.
Каб напісаць прэзідэнта ў кабінеце, мастак чакаў навіны па тэлебачанні і рабіў фотаздымкі. Пасля іншыя мастакі здзіўляліся, як дакладна ён адлюстраваў інтэр’ер.
“Ён уладна абапіраецца правай рукой на стол, сваё працоўнае месца, а другая рука — на плечыку гэтага падлетка. Падлетак робіць першыя крокі і вядзе яго”, — тлумачыць мастак.
Гаворачы пра чырвона-зялёны сцяг на карціне, ён адзначае, што ў Беларусі на сённяшні дзень тры сцягі і тры герба, “але гэта наша гісторыя, якая б яна ні была”.
“Некаторыя кажуць, што прэзідэнт не дасягае таго, каб увасабляць Беларусь. Хто яго ведае, а можа, гляне, што тут такая постаць і тут такая постаць, а можа ўцяміць, што ўжо 60 год, трэба падводзіць вынікі, кімсьці застацца на гэтай зямлі — ці першым прэзідэнтам, ці народным, які аб’яднаў народ, стварыў новую краіну. Так, мы мірна прайшлі гэтыя гады, мы і хвалім яго за гэта, і выбіраем, але пакуль што другога мы не бачым — пяты раз выбіраем. Ну што зробіш — не выйшаў другі. Хто перашкаджаў? Ён перашкаджаў. Трэба было камусьці пагучаць трохі — можа б народ прыслухаўся.
Важна яшчэ выхаванасць народа — гэтыя гады народ не выхоўвалі! А так лягчэй кіраваць... Калі мы станем народам, значыць, мы аб’ядноўваем сваю думку, мы моцныя, мы можам сказать, што мы хочам”.
Фота са старонкі мастака ў сацсетках
На выставе, да якой рыхтаваўся трыпціх, карціны з Лукашэнкам не было — кіраўніцтва музея не прапусціла.
“Яны зрабілі запрос у Міністэрства культуры, і прыйшоў адказ, што я як бы парушаю закон аб неўмяшальніцтве ў асабістае жыццё. Але жыццё прэзідэнта яму ўжо не належыць, нават і асабістае, яно належыць нам, народу. І што б ён ні рабіў, ён павінен думаць, каб было не сорамна перад намі, і народу было не сорамна за яго. І ў гэтым сюжэце я не пішу, як ён п’е каву са сваёй сямьёй ці рыбачыць, я пішу яго на працоўным месцы”.
“Ніхто не хоча несці адказнасць, — уздыхае мастак. — Я мару, што выстаўлю гэты твор. Мастакі ўжо ахарактарызавалі яго, яны далі адзнаку: твор мае месца быць. Якая гэта гісторыя — добры наш прэзідэнт ці дрэнны — я тут і яму пішу (у зваротах, пра якія чытайце ніжэй. — Naviny.by), што не магу параўнаць ні з кім, бо ён адзін у нас”.
Зараз карціны захоўваюцца тут, у майстэрні. Прадаць іх аўтар не гатовы, але чакае свайго мецэната, які зможа захаваць ўсю калекцыю яго твораў пра Беларусь і не распрадасць творы паасобку.
Сустрэчы з Машэравым і Лукашэнкам
З двума героямі трыпціха Панцюк-Жукоўскі сустракаўся асабіста. Пятра Машэрава ён бачыў у студэнцтве на плошчы Перамогі. “Машэраў абыходзіў ветэранаў і ціснуў рукі, і я прасунуўся ў першыя рады паглядзець бліжэй на чалавека, і ён таксама мне паціснуў руку”, — распавёў мастак.
У майстэрні на дзверцах шафы вісіць фотаздымак мастака з Аляксандрам Лукашэнкам — яны сустракаліся ў пачатку 2000-х гадоў у роднай вёсцы Аляксея Андрэевіча Бабунічы ў Петрыкаўскім раёне. Мясцовае кіраўніцтва замовіла ў яго карціну ў падарунак ды прапанавала падарыць яе прэзідэнту ад імя вяскоўцаў.
“Там ён нават запытаў у мяне: а чым дапамагчы вясковым людзям? […] Не ведаю, гавару, але краіна павінна даць магчымасць, каб кожны мог сябе праявіць — хтосьці хоча быць прадпрымальнікам ці банкірам. Дзяржава павінна дапамагчы кожнаму, хто захоча адкрыць сваю справу, і абараніць простага чалавека і ад нейкага прадпрымальніка, які будзе абдурваць яго, плаціць капейкі за працу, і ад дзяржаўнага чыноўніка, таму што сёння і дзяржаўны чыноўнік дурыць галаву свайму работніку”.
Пасля сустрэчы Панцюка-Жукоўскага абступілі аднавяскоўцы і запыталі, чаму ён размаўляў з прэзідэнтам на рускай мове. “Ён вёў размову на рускай мове, таму і я на рускай. Я сам разгубіўся. А хіба ён не беларус, не ведае беларускай мовы, грэбуе намі і нашай мовай — так народ сказаў”, — успамінае мастак.
Вяскоўцы сказалі, што прэзідэнт павінен быць беларусам, і наказалі яму перадаць гэты пасыл у Мінск.
Зараз мастак спрабуе выканаць абяцанне. У лістападзе ён накіраваў зварот да Аляксандра Лукашэнкі наконт выканання пункту Канстытуцыі аб двухмоўі, яшчэ раней уздымаў моўнае пытанне ў звароце да Лукашэнкі-кандыдата ў прэзідэнты.
Увогуле адчуваецца, што пытанне мовы і самасвядомасці беларусаў для мастака — балючае. Ён упэўнены, што кіраўніцтва краіны і ўсе дзяржустановы павінны працаваць “на дзяржаўнай мове народа — на беларускай, таму што мова — гэта галоўны брэнд, як сцяг, як гімн”.
“Калі прэзідэнт выступае за мяжой на беларускай мове, ён, значыць, ад гэтай краіны, ад беларускага народа. А калі ён выступае па-руску, дык хто яго ведае — можа, ён з Тамбоўскай вобласці”.
Але ж на рэферэндуме 1995 года Панцюк-Жукоўскі таксама галасаваў за дзвюхмоўе.
“Паміж маімі знаёмымі былі спрэчкі, яны мяне папярэджвалі: зманяць, беларуская мова будзе вывучацца, але ж усё беларускамоўнае знікне, і дзяржава пяройдзе на рускую мову. А я казаў: не, руская мова павінна быць міжнароднай, як у СССР, таму што краіны аб’ядноўваюцца ў новую супольнасць, ад рускай адмаўляцца не трэба — няхай будзе як міжнародная мова”.
Зараз, на думку мастака, беларус гатовы прыняць беларускамоўнасць, але трэба абапірацца на тых, хто хоча размаўляць, расказваць ім, чаму яны сталі рускамоўнымі.
Турбуе мастака і тое, што ў краіне няма ідэалогіі, а без ідэалогіі няма краіны. Пры гэтым ён лічыць, што за 25 год незалежнасці беларусы ўжо склаліся б як нацыя, але яны “ўсё яшчэ пачынаюць адраджацца”.
“Як тая трава — скасілі, і зноў яна адраджаецца, скасілі, і зноў адраджаецца. Яна не можа паспець і зярняткі свае выкінуць. Не выспявае народ: то вайна скошвае, то новыя законы скошваюць гэтага беларуса, ён — пакутнік”.
“Аб якім патрыятызме можна сёння гаварыць? Краіна нам кінула лозунг: “Была б чарка і шкварка і мірнае неба”. Больш гэтаму чалавеку і не трэба, маўляў, мы вам забяспечым: хочаш быць прадпрымальнікам — мы даем магчымасць, хочаш вучыцца — вучыся. Дзяржава забяспечвае нас, але яна гэтыя 25 год незалежнасці палец аб палец не дзяўбанула на выхаванне беларускага народа, беларуса як цэльнай нацыі, што вы — беларусы, ваша мова — беларуская”.
Дэпутат павінен ведаць абедзве дзяржаўныя мовы
Іншых палітыкаў Панцюк-Жукоўскі не пісаў. “Мы пішам у вольны час аб радзіме, але ж трэба і выжыць”, кажа ён. Пісаць гістарычных асоб “невядома каму” цяжка — “гэта ўжо адданасць мастака”.
“Хацелася б напісаць “Пагоню”, коннікаў, якія праз туман скачуць, як у “Дзікім паляванні караля Стаха” Караткевіча. Хацелася б напісаць вобразы гістарычныя, але ж гэта трэба вывучыць пытанне, той час”, — распавёў мастак.
Сярод сучасных асоб яму імпануе былы міністр культуры, зараз пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка.
“Ён адзін з усяго беларускага кіраўніцтва адпавядае краіне, нясе Беларусь, якой яна павінна быць, на беларускай мове, стараецца паказваць беларускую культуру, звычаі. Ён выхоўваецца як наш беларускі палітык”.
Кандыдатам на будучых парламенцкіх выбарах мастак раіць адзначаць, што яны ў аднолькавай меры валодаюць беларускай і рускай мовамі. “Тады ты можаш стаць дэпутатам, калі ў нас дзве мовы роўныя”, — дадаў ён.
Мастак Аляксей Панцюк-Жукоўскi стварыў трыпціх з выявамі Міндоўга, Машэрава і Лукашэнкі. Але частку твора з прэзідэнтам Беларусі шырокая публіка ніколі не бачыла.