"Каланянка" пацвердзіла сваё званне...
28.03.2018
—
Новости Культуры
|
Народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Каланянка” на працягу свайго існавання плённа працуе, вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. Яму апладзіравалі ў райцэнтры, многіх вёсках раёна і суседняй Іванаўшчыны і Піншчыны. Мясцовыя песні, якія гучаць у яго выкананні, – рознахарактарныя, сюжэтныя. Яны раскрываюць душу, адлюстроўваюць настрой і жыццё аднавяскоўцаў. Традыцыйнымі стала для калектыву правядзенне свят і абрадаў: Купалле, Юр’е, Тройца, Валачобнікі, Шчодрыкі, Зажынкі, Дажынкі, і іншыя.
Створаны калектыў у 1975 годзе. Кіравала тады калектывам Надзея Васільеўна Заяленчыц, а потым Ганна Іосіфаўна Упяровец. Калектыву 43 гады, і кіруе ім зараз Таццяна Пятроўна Ільчук, дачка Ганны Іосіфаўны. Яна чалавек, які захапляецца хараством і мілагучнасцю мясцовых песень, таленавітая спявачка народных песень, прыпевак. Жыццё яе неразрыўна звязана з традыцыямі, абрадамі, песнямі роднай вёскі, якія яна перадае моладзі, каб песня родная не знікла.
Званне “народны” было прысвоена калектыву ў далёкім 1994 годзе. Калектыў за гэтыя гады намнога змяніўся, стаў меншым у саставе. Многія былыя члены калектыву пастарэлі, некаторыя пайшлі з жыцця. Але калектыў жыве, дзейнічае. Зараз у “Каланянцы” 9 чалавек. Гэта Т. П. Янковіч і яе муж У. І. Прыгодзіч, Л. П. Драня, А. П. Собка, У. І. Сліж, А. М. Роік, З. І. Аўрусевіч, М. М. Агрэніч і баяніст В. Л. Галоўчык. Жывуць яны ў розных вёсках, хто ў Коланску, хто ў Гліннай, а вось Л. П. Драня і В. Л. Галоўчык прыязджаюць на рэпетыцыі з Краглевічаў.
Атрымаць званне “народны” можа і лягчэй, а вось пацвердзіць яго цяжка. Высокаму журы трэба прадстаўляць зусім новую праграму, фота і відэа-матэрыялы, якія пацвярджаюць дзейнасць калектыву на працягу трох гадоў.
“Каланянка” прадставіла на суд абласнога журы фрагмент вясельнага абраду “Выпраўленне маладой да вянца” і канцэртную праграму, якая складалася з песень сваёй мясцовасці, якія былі запісаны ў вёсках Коланск, Амяльная, Глінная. Журы адзначыла высокае спеўнае майстэрства калектыву, яго зладжанасць, манеру паляшуцкага выканання. Уразілі і паводзіны калектыву на сцэне ў час выступлення. Здзівіла, што жаночыя касцюмы былі зроблены рукамі саміх жанчын гэтага калектыву і перадаюцца яны ў спадчыну.
Нам хацелася б, каб нас часцей запрашалі для ўдзелу ў раённых святах. Калі калектыў запатрабаваны, многа выступае, то ён і жыве.
Але, нягледзячы на ўсё, “Каланянка” пацвердзіла званне “народны” ў сёмы раз! І ўсё гэта дзякуючы людзям, якія любяць і шануюць матчыну песню, абрады і традыцыі сваіх продкаў. Плёну табе, “Каланянка”, у сваёй высакароднай справе!
Уладзімір Сліж.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Званне “народны” было прысвоена калектыву ў далёкім 1994 годзе.
|
|