“Мы родам з Іванава”. Свята вёскі — у цёплай абстаноўцы. 21.by

“Мы родам з Іванава”. Свята вёскі — у цёплай абстаноўцы

18.08.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Адзін з сонечных ліпеньскіх дзён стаў асаблівым для вёскі Іванава Ланскага сельскага Савета — невялікай, сціплай, але ад таго не менш дарогой усім, хто нарадзіўся і вырас на яе зямлі. Менавіта ўраджэнцы Іванава, многія — з дзецьмі і ўнукамі — і сабраліся на свята роднай вёскі, якое было арганізавана вельмі гасцінна, шчыра і па-дамашняму цёпла.


Вядучы навуковы супрацоўнік Белдзярж-універсітэта Іван Чарнабай разам з жонкай Аленай з радасцю выкарыстаў магчымасць пабываць у роднай вёсцы.
Іван Аляксандравіч — кіраўнік рэспубліканскай дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы па распрацоўцы кантролю якасці аўтамабільных дарог — ужо шэсць гадоў
працуе ў гэтай сферы на міжнародным узроўні, неаднаразова бываў у Кітаі, але, па яго ўласным прызнанні, лепшага месца, чым Радзіма, на свеце няма. Ва ўсіх пачынаннях яго надзейна падтрымлівае жонка Алена Пятроўна, з якой яны выгадавалі
пяцёх дзяцей і зараз радуюцца пяці ўнукам. Малодшае пакаленне таксама з радасцю наведвае радзіму бацькоў і дзядоў,
калі выпадае магчымасць


Ураджэнец Іванава Сцяпан Казакевіч
і яго жонка Дана Коцел з радасцю прынялі ўдзел у свяце

Шмат пабачыла на сваім вяку жыхарка Іванава Галіна
Паўлаўна Лейбук. Усё жыцце адпрацавала ў мясцовай
гаспадарцы, выгадавала дваіх сыноў, мае трое ўнукаў. Сёлета Галіна Паўлаўна
адзначыла свой 78-ы дзень
нараджэння і была рада
запрашэнню на свята, за якім сачыла вельмі ўважліва


Лампадка ў памяць аб земляках, якія пайшлі з жыцця

Калі зазірнуць у гісторыю, то яшчэ ў 1628 г. Іванава ўзгадваецца ў летапісах як вёска ва ўладанні Радзівілаў Навагрудскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1862 г., згодна з Устаўной граматай маёнтка Космавічы, у вёсцы было 4 гаспадаркі і 16 сялян, якія апрацоўвалі 80 дзесяцін зямлі. У 1876 г. каля вёскі размяшчаліся два аднайменныя маёнткі, уладанні дваран татарскага паходжання А.І. Карыцкага і А.Я. Александровіча. У 1897 г. вёска налічвала ўжо 40 двароў, 268 жыхароў, у 1909-м — 45 двароў, 303 жыхары.

З 1921 па 1939 год Іванава, як і іншыя заходнебеларускія землі, знаходзілася ў складзе Польшчы, у Ланскай гміне Нясвіжскага павета. З 4 снежня 1939 г. — у Нясвіжскім павеце, з 15 студзеня 1940 г. — у Нясвіжскім раёне Баранавіцкай вобласці, а з 8 студзеня 1954 г. — у складзе Мінскай вобласці.

Самай сталай жыхарцы Іванава Ірыне Аляксееўне Чарнабай ідзе 90-ы год. 25 гадоў яна адпрацавала ў Клецку ў тагачасным райаддзеле сацыяльнага забеспячэння, амаль 10 — сакратаром Ланскага сельсавета. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак працягвала весці актыўны лад жыцця — яшчэ 14 гадоў працавала
ў калгасе.
— Які цяжкі час быў пасля вайны! — падзялілася ўспамінамі Ірына Аляксееўна. — Цяпер, бывае,
падумаю — і сама не ўяўляю, як можна было ў той час працаваць!
Яна помніць, як яе, зусім маладую дзяўчыну, добрыя людзі хавалі то ў пограб, то ў падпечак ад
банды Дэмуха, якая вяла “паляванне” на райвыканкамаўскіх і сельсавецкіх работнікаў, як у суседнім райцэнтры наладжвалі ў дзевяць вечара пасяджэнні, дзе ледзь не цэлую ноч “скланялі”
за дрэнна сабраныя падаткі, як трэба было пешшу раніцай ісці дадому і несці ў руках абутак, бо ведала: калі парвецца — купіць не будзе дзе.
Хапіла цяжкасцей і тады, калі пачалі арганізоўвацца калгасы.
Па 10 падвод збожжа з кожнага сельсавета трэба было даставіць на чыгуначную станцыю Гарадзея для адпраўкі ў Расію, бо там не было чым сеяць. Усё гэта і многае іншае
прайшло перад вачыма І.А. Чарнабай. І сёння яна заклікае нас цаніць усё, што мы маем, таму што ёй асабіста давялося зведаць зусім іншае жыццё.
— Трэба радавацца таму, як мы жывём зараз, — упэўнена доўгажыхарка

Кожнае лета ў гады дзяцінства праводзіла ў Іванаве Разалія Александровіч. Яе маці паходзіла з вядомага татарскага роду Карыцкіх-Сабалеўскіх, а сама Разалія Адамаўна нарадзіласяў Навагрудку.
— Я вырасла ў Іванаве, — расказала ў нашай гутарцы мая суразмоўца. — Многіх ведаю. Мой стрыечны брат пабудаваў тут дом, і мне ёсць куды прыязджаць. Лічу, што гэта вельмі дастойная вёска, слаўная сваім мінулым, сваімі людзьмі.
Гэта мінулае Разалія Адамаўна прапанавала ўвекавечыць у музеі, які можна размясціць у адной з хат. Яна нават прадумала прыкладны дызайн бэйджаў для дырэктара і супрацоўніка будучага музея і паказала ўсім, як яны могуць выглядаць


У перадваенным 1940-м у вёсцы было 70 двароў і 329 жыхароў. Пасля Вялікай Айчыннай тут, як і на ўсёй Нясвіжчыне, сталі арганізоўвацца калгасы. У верасні 1948 г. з’явіўся калгас “Перамога”, які на пачатку 1949 г. аб’ядноўваў 57 гаспадарак, меў 403 га зямлі, млын, 9 малатарань, 3 культыватары, 45 плугоў, стайню з 42 коньмі. У 1950-я гады калгас “Перамога” ўвайшоў у склад узбуйненага калгаса “Чырвоны партызан”. 10 лютага 1960 г. вёска ўвайшла ў склад калгаса імя Леніна, які ў лістападзе 1982 г., у сваю чаргу, увайшоў у калгас “Ленінскі шлях”. з 1992 г. гэта — сель-ская калектыўная гаспадарка “Лань”. Цяпер — ААТ “Лань-Нясвіж”.

Зараз насельніцтва Іванава зусім нешматлікае, але пуцёўку ў вялікае жыццё тут атрымалі дзясяткі, а то і сотні людзей, якія і цяпер узгадваюць родную зямлю з вялікай любоўю і ўдзячнасцю, бо мена-віта тут яны спазналі прыгажосць навакольнага свету, навучыліся працаваць, адказваць за свае ўчынкі і імкнуцца да лепшага. Аб гэтым, кожны па-свойму, гаварылі многія выступоўцы — ад вядомых вучоных да працаўнікоў сельскай гаспадаркі.


Ураджэнец Іванава, былы старшыня калгаса імя
Дзяржынскага Анатоль Свідэрскі расказаў аб сваёй сям’і і прадставіў землякам кнігу аб сваім радаводзе,
над якой асабіста працаваў некалькі гадоў

Землякоў віншуе са святам роднай вёскі стараста Іванава Зінаіда Чарнабай.
Сюды яна прыехала некалі маладзенькай дзяўчынай
з Клецкага раёна, стварыўшы сям’ю з хлопцам з Іванава, і назаўсёды палюбіла гэтыя мясціны.
— Ніколі не пашкадавала, што жыву тут, — сказала Зінаіда Пятроўна. — Тут цудоўная, урадлівая зямля. І Клецкі, і Нясвіжскі раёны я люблю аднолькава, бо гэта родныя раёны, абодва для мяне дарагія!


Зямля дзядоў і прадзедаў вабіць да сябе і больш маладое пакаленне: з Клецка пры-ехалі на свята вёскі Сяргей, Ангеліна і Людміла Русак (справа налева). Тут жылі прадзед Ангеліны Адам і прабабуля Марыя, тут быў вядомым у калгасе ветурачом яе дзед Расціслаў. Сяргей і Людміла вельмі ганарацца сваёй дачкой, якая нядаўна заняла пачэснае трэцяе месца ва ўнутрыклубным турніры па спартыўных танцах, што праходзіў у Мінску. Маладыя бацькі хочуць, каб іх дзеці (у Ангеліны ёсць яшчэ старэйшы брат Уладзіслаў) ведалі і шанавалі сваіх продкаў

Ураджэнец Іванава Яраслаў Ярашэвіч, кандыдат
тэхнічных навук, які зараз жыве і працуе ў Казані, чытае ўласную паэму, прысвечаную роднай вёсцы


Свята не было б святам без добрай музыкі, песень і танцаў. З музычным афармленнем арганізатарам дапамог “залаты голас Нясвіжчыны” Іван Буглай. Іван Іванавіч
нарадзіўся ў суседняй Кіркаўшчыне і лічыць іванаўцаў сваімі землякамі


Арганізатары свята далі моладзі магчымасць паспрабаваць
даўнюю забаву — катанне на кані

Седзячы па-сяброўску за шчодра накрытымі сталамі, больш за 100 чалавек дзяліліся ўспамінамі, расказвалі аб сваім сучасным жыцці, дзяліліся планамі на будучыню, сярод якіх, напрыклад, было нават стварэнне музея вёскі Іванава ў адной з яго хат.

Аб тым, як усё адбывалася, вы можаце ўбачыць на нашых фотаздымках.

 

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адзін з сонечных ліпеньскіх дзён стаў асаблівым для вёскі Іванава Ланскага сельскага Савета — невялікай, сціплай, але ад таго не
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика