Роднага слова гаючая крыніца. 21.by

Роднага слова гаючая крыніца

31.08.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ФОТО ЦВЕТ
Калі дзяцінства прасякнута родным словам, праходзіць пад уплывам яркіх землякоў-творцаў, а веды і асабісты рост маюць грунтоўную падпітку ад літаратуры, то карані роднай зямлі – гэта тое, што дае сілы, натхняе, звязвае з жыццём продкаў і ўсяляе надзею.

Марыя Дзмітрыеўна Гмір са школьнай парты марыла стаць настаўнікам беларускай мовы. Любоў да роднага слова і жаданне быць настаўнікам прывіла ёй яе класны кіраўнік, настаўніца беларускай мовы Алімпіяда Дзмітрыеўна

Леанавец. Яркая, апантаная родным краем, настаўніца літаральна ўлюбляла не толькі ў кожны куточак маленькай радзімы, а і ў кожнае беларускае слова, што мілагучна гучала ў школе ды і наогул у Гарадной.

Як ні круці – дыялект – гэта часцінка нашай мовы. А вяскоўцы ў штодзённым жыцці размаўляюць менавіта на ім. Ён адлюстроўвае асаблівасці той ці іншай мясцовасці, падкрэслівае рысы характару людзей.

Марыя атрымала спецыяльнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры і вярнулася ў родную школу. Але месца настаўніка роднай мовы не было. Таму амаль 10 гадоў працавала выхавальнікам групы падоўжанага дня, чакала свайго месца менавіта ў Гарадной. І з таго часу 13 гадоў выкладае любімы прадмет.

– Люблю дзяцей. Люблю, калі яны актыўныя і адкрытыя. Люблю, калі на ўроках выказваюць свае думкі, гавораць сваімі словамі пра творы беларускіх пісьменнікаў. Літаратура – гэта прадмет, які выхоўвае чалавека, фарміруе яго як асобу, – гаворыць педагог.

Яна заўжды пачынае ўрок з усмешкі. Пасля “Добры дзень!” яе вучні заўжды чуюць пытанне: “Як вашы справы?” І гэтым пытаннем яна не толькі паказвае, наколькі і пазашкольнае жыццё вучняў ёй цікава, а і настройвае іх на работу ў добрым настроі.

З дзецьмі яна ў першую чаргу сяброўка, да якой яны могуць звярнуцца са сваімі праблемамі і пытаннямі, могуць падзяліцца набалелым. І яны гэта ведаюць, давяраюць сваёй настаўніцы.

Любімы занятак Марыі Дзмітрыеўны – гэта чытанне. З дзяцінства яна перачытала ўсю школьную і вясковую бібліятэку. Зараз таксама шмат чытае. Для яе час, праведзены з кнігай, — гэта і адпачынак, і разважанне, і вывады аб прачытаным. Нядаўна прачытала “Кто услышит коноплянку” і зрабіла для сябе вывад – больш слухаць тых, хто побач.

Любімы пісьменнік – Іван Шамякін. Сваю любоў да творчасці гэтага пісьменніка яна перадае і дзецям, якія запоем чытаюць пенталогію Шамякіна. Яшчэ сярод любімцаў яе вучняў Раіса Баравікова і яе “Казкі астранаўтаў”, “Кветкі правінцыі” Георгія Марчука.

Асаблівае месца ў выхаванні вучняў адводзіць творам мясцовых пісьменнікаў. У кабінеце беларускай мовы знаходзіцца літаратурная карта Століншчыны, на якой размешчаны фотаздымкі нашых творцаў-землякоў. Вывучэнне іх творчасці звязана з вывучэннем мясцін, дзе яны нарадзіліся і працуюць. Таму дзеці з задавальненнем знаходзяць агульнае ў іх творчасці, бачаць сябе ў іх вершах і раманах. Сярод любімых паэтаў Століншчыны – Леанід Дранько-Майсюк, Галіна Бабарыка, Віктар Вабішчэвіч.

Пад уплывам таленавітых землякоў, настаўнікаў роднай школы дзеці і самі пішуць вершаваныя радкі. На сваіх уроках Марыя Дзмітрыеўна часта праводзіць творчыя хвілінкі, калі на пэўную тэму прапануе напісаць чатырохрадкоўе. Пакуль пішуць дзеці – піша і сама. Лепшыя творы вучняў аформлены ў зборнік, які захоўваецца ў кабінеце мовы і літаратуры.

Сама настаўніца таксама час ад часу стварае вершы.

– Калі добра на душы, калі залюбуюся нейкай з’явай прыроды, то вершаваныя радкі самі кладуцца на паперу, – дзеліцца жанчына.

Дзень пісьменства для Марыі Дзмітрыеўны – гэта яшчэ адна магчымасць адчуць важнасць беларускага слова ў нашым жыцці. Калі згадваюць нашых славутых землякоў, якія ўнеслі свой уклад у развіццё мовы, культуры, літаратуры, то і вучням лягчэй прывіць любоў да мовы, паказаць сувязь пакаленняў і тое, як дзяржава ставіцца да роднага слова.

Гараднянскі навучальна-педагагічны комплекс сярэдняя школа – дзіцячы сад вядзе навучальны працэс на беларускай мове. Сёлета першы  ўрок  прой-дзе з падтэмай “Гарадная – край бацькоўскі мілы”. Арганізаваны ён у выглядзе літаратурнай гасцёўні, а галоўны госць свята — Алімпіяда Дзмітрыеўна Леанавец.

Любоў да роднага слова перадаецца і вучням школы, якія пастаянна ўдзельнічаюць у самых розных мерапрыемствах – пішуць сачыненні на конкурсы рознага ўзроўню, здымаюць відэафільмы пра свой родны край і гэтак далей. Ёсць і яркія перамогі. Напрыклад, трэцяе месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу творчых работ “Мясціны майго дзяцінства” заняў відэафільм пра Гарадную. Прымалі ўдзел у эпісталярных конкурсах, фальклорных, этнаграфічных.

Вучні школы ганарацца сваёй маленькай радзімай. Гэтаму садзейнічаюць і паходы, экспедыцыі, пастаяннае наведванне як Цэнтра ганчарства, так і сядзібы ганчара. Таксама вялікі ўплыў на фарміраванне свядомасці дзяцей аказвае правядзенне пленэру ганчароў.

У школе працуе этнаграфічны музей. Яго арганізавала Галіна Піліпаўна Вячорка, якая зараз пайшла на заслужаны адпачынак. Зараз музей актыўна выкарыстоўваецца ў выхаваўчым працэсе. Марыя Дзмітрыеўна рэгулярна водзіць туды дзяцей на ўроках беларускай літаратуры.

Спытала ў настаўніцы, як яна ставіцца да таго, што беларуская мова ўсё менш карыстаецца папулярнасцю.

– Беларускай мовы хоць і становіцца менш, але трэба рабіць усё магчымае, каб не знікла. Напрыклад, прыемна ехаць у грамадскім транспарце Мінска і чуць, як аб’яўляюць прыпынкі на беларускай мове. Хочацца, каб у Століне таксама было больш тых жа кафэ з беларускімі назвамі. Каб больш роднага слова было на тэлебачанні і радыё.

Таццяна

 СЕГЕН

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі дзяцінства прасякнута родным словам, праходзіць пад уплывам яркіх землякоў-творцаў, а веды і асабісты рост маюць грунтоўную падпітку ад літаратуры,
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика