Агляд-конкурс гурткоў мастацкай самадзейнасці прайшоў у Жукоўшчынскім сельскім клубе
26.03.2019
—
Новости Культуры
|
У клубных установах раёна праходзіць агляд-конкурс гурткоў мастацкай самадзейнасці. Яго правядзенне з’яўляецца не толькі пацвярджэннем дзейнасці клубных фарміраванняў, але яшчэ і падкрэслівае той факт, што культурнае жыццё існуе нават у самых аддаленых вёсках. Нядаўна агляд-конкурс адбыўся ў Жукоўшчынскім сельскім клубе. У вёсцы, якая яшчэ не так даўно была цэнтрам калгаса, дзе мелася развітая інфраструктура, цяпер засталося не так многа жыхароў. У асноўным, гэта людзі пенсійнага ўзросту. Тым не менш, тут яшчэ маюцца магазін, фельчарска-акушэрскі пункт, а ў мясцовым сельскім клубе збіраюцца нешматлікія дзеці і дарослыя, каб разам ладзіць міні-канцэрты, заняцца любімымі творчымі, карыснымі справамі. І хоць няма гастрольнай дзейнасці ў самадзейных артыстаў з Жукоўшчыны, яны з ахвотай выступаюць у навакольных вёсках, віншуць на даму жыхароў з рэлігійнымі святамі, днём нараджэння, дораць свае мастацтва і бадзёры настрой людзям. Аснову самадзейнасці ўстановы складаюць дзеці — вучні Станіславоўскай базавай школы. Дарослыя ўдзельнікі гурткоў працуюць у мясцовым сельгаспрадпрыемстве “Даватарскі”, Полаўскім лясніцтве, з’яўляюцца сацыяльнымі работнікамі. Музыкант-самавучка Іосіф Квач — першы памочнік загадчыка клуба Надзеі Кіраенка. Разам яны выношваюць ідэі мерапрыемстваў, разам іх і рэалізуць. Не застаюцца ў баку і іншыя дарослыя. Падчас агляду-конкурсу дзеці выконвалі песні, ладзілі танцы, ажыццяўлялі міні-тэатралізаваную пастаноўку казкі “Залатая рыбка”. Пад гукі гармоніка Іосіфа Квача спявалі песні жанчыны вакальнага калектыву. А сам гарманіст яшчэ расказваў і сатырычныя байкі. Як заўсёды, кранула душу гледачоў выступленне старэйшай удзельніцы мастацкай самадзейнасці Галіны Сікора. Загадзя падрыхтаваўшыся да мерапрыемства, Галіна Іванаўна выконвала песні сваёй маладосці, чытала ўласныя вершы пра жыццё, пра родныя мясціны, пра людзей і пра каханне. Як адзначылі мясцовыя жыхары, вельмі добра, што яшчэ існуе клубная ўстанова ў Жукоўшчыне. І не проста існуе, а працуе з людзьмі і для людзей. Сяргей РАЙЧОНАК.
|
|