Два юбілеі, знітаваныя сяброўствам і творчасцю ў адзін (пра Надзею Вайцюль і Ядзвігу Туронак). 21.by

Два юбілеі, знітаваныя сяброўствам і творчасцю ў адзін (пра Надзею Вайцюль і Ядзвігу Туронак)

11.06.2019 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

671Адданасць аднойчы і назаўсёды выбранай прафесіі ўласціва не кожнаму чалавеку. Некаторыя па пэўных абставінах часта мяняюць спецыяльнасць, захапленні, месца працы. Іншыя з юнацтва і да сталых гадоў прысвячаюць сябе адной і той жа справе. Так склалася і ў жыцці дзвюх жанчын з вёскі Каўшэлева — Надзеі Вайцюль і Ядзвігі Туронак.
Пасля школы Надзея і Ядзвіга вырашылі сваё жыццё звязаць з працай ў галіне культуры. Ядзвіга паступіла ў Віцебскае музычнае вучылішча, а Надзея атрымала вышэйшую адукацыю ў Мінскім інстытуце культуры. Розніца ва ўзросце ў гэтых жанчын пяць год, а нарадзіліся яны 7 мая, падзяліўшы адзін дзень нараджэння на дваіх.
Калі Надзея Вацюль прыйшла працаваць у 1989 годзе ў Каўшэлеўскі Дом культуры, Ядзвіга Туронак ужо не першы год кіравала там калектывамі мастацкай самадзейнасці. Абедзьве абралі для сябе адзін накірунак у сумеснай рабоце — адраджэнне і развіццё фальклору. У той час яшчэ жыло шмат людзей у навакольных вёсках, якія добра ведалі старадаўнія абрады, аўтэнтычныя песні і танцы. Менавіта яны і сталі асноўнымі памочнікамі ў напаўненні музычнага рэпертуару мясцовага Дома культуры.
Ядзвіга і Надзея ў тым жа 1989 годзе стварылі фальклорны гурт “Купалінка”. Яны змаглі зацікавіць больш дваццаці чалавек розных ўзросту і прафесій стаць удзельнікамі самадзейнага калектыву.
— Асноўнай нашай задачай стала выяўленне, адраджэнне і развіццё мясцовых абрадаў, традыцый, далучэнне моладзі да нацыянальнай спадчыны продкаў, — узгадвае Надзея Вайцюль. — Для гэтага мы год за годам распрацоўвалі і ажыццяўлялі пастаноўкі народных свят. Удзельнікі гурта знаёмілі моладзь і ўсіх жадаючых з багатай фальклорнай спадчынай, якая, на шчасце, не была страчанай, а існавала, прадаўжала жыццё. Дзякуючы нашым самадзейным артыстам — удзельнікам калектыву — разам мы дасягнулі пэўных поспехаў. Гэта праявілася ў тым, што “Купалінку” пачалі запрашаць на выступленні не толькі ў суседнія вёскі, клубныя ўстановы, але і ў гарадскі пасёлак і нават у суседнія раёны, дзе мы дзяліліся сваім песенным і танцавальным мастацтвам.
За дасягнутыя поспехі ў развіцці самадзейнай мастацкай творчасці, актыўную работу па прапагандзе народных традыцый нашаму фальклорнаму калектыву “Купалінка” загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь 30 верасня 1999 года было прысвоена найменне “народны самадзейны калектыў”. За гэтыя дзесяцігоддзі шмат што змянілася: калектыў пакінулі сталыя яго ўдзельнікі, на змену ім прыйшла моладзь. Нязменным застаўся толькі накірунак ў рабоце гурта.
Дарэчы, на працягу многіх гадоў Ядзвіга Уладзіміраўна, якая працавала мастацкім кіраўніком клубнай установы, з’яўлялася акампаніятарам народнага калектыву “Купалінка”, кіравала яшчэ і дзіцячым фальклорным гуртком “Шчадроўкі”. Любоў да аўтэнтычных танцаў і песень у Каўшэлеве прывівалі з маленства, што і давала свае станоўчыя вынікі.
Напрыканцы мая ў Каўшэлеўскім Доме фальклору (такую назву ўстанова мае з 2010 года) адбылося чарговае канцэртнае выступленне “Купалінкі”. На ім гучалі добра знаёмыя каўшэлеўскаму гледачу песні, ладзіліся танцы. Кіраўнік калектыву Надзея Вайцюль, якая з’яўляецца ўдзельніцай народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”, чытала ўласныя вершы.
Дырэктар раённага Цэнтра культуры Аксана Сініца адзначыла, што менавіта дзякуючы плённай працы Надзеі Вайцюль і Ядзвігі Туронак адрадзілася багатая фальклорная спадчына нашага рэгіёну. Яна ж уручыла юбілярам падзякі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Да віншаванняў далучылася таксама кіраўнік народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Ала Міхайлава. Шмат цёплых слоў выказала яна ў адрас Надзеі Вайцюль, яе калег, усіх удзельнікаў “Купалінкі”, а таксама ўручыла дыплом аб’яднання Надзеі Іванаўне за шматгадовую плённую працу на ніве беларускай нацыянальнай культуры і ў сувязі з юбілеем.
Жыццё не стаіць на месцы. Ядзвіга Уладзіміраўна вырашыла пайсці на заслужаны адпачынак, каб больш увагі ўдзяляць сваім родным. Але гэта зусім не азначае, што яна пакідае музыку, песні, родны калектыў. Яна, як і Надзея Вайцюль, заўсёды крочыць з песняй па жыцці, бо музыка стала лёсам і сэнсам існавання гэтых дзвюх творчых жанчын.
Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика