«Археолаг, як і сапёр, памыляецца толькі раз». Як сапраўдная гісторыя паўстае з зямлі. 21.by

«Археолаг, як і сапёр, памыляецца толькі раз». Як сапраўдная гісторыя паўстае з зямлі

15.08.2019 16:34 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

«Ка-а-а-па-а-аць!» — разлятаецца па востраве гучны кліч археолага Мікалая Плавінскага. Пасля невялікага парапынку валанцёры і археолагі займаюць свае месцы на раскопе. Адны — працуюць рыдлёўкамі, другія — старанна скрабуць зямлю і напаўняюць ёй вёдры, іншыя — яе прасейваюць і пільна ўглядаюцца ў невялікія цвёрдыя аб’екты. Робіцца замалёўка раскаопу, падпісваюцца знаходкі. Праца кіпіць. Штогод падчас экспедыцый беларускія археолагі здабываюць аскепкі нашай багатай гісторыі — тое, чаго яшчэ ніхто не бачыў. Месцаў для даследванняў на тэрыторыі Беларусі хапае, а вось археолагаў — не занадта.


15 жніўня ў Беларусі адзначаецца Дзень археолага. На ўсю краіну іх будзе каля пяцідзесяці. Але датычныя да свята і тыя, хто хаця б аднойчы прымаў удзел у археалагічных даследаваннях як валанцёр і прайшоў абрад пасвячэння ў археолагі — з клятвай і жартаўлівымі археалагічнымі выпрабаваннямі.

Фотакарэспандэнт TUT.BY Вольга Шукайла выправілася на востраў на возеры Неспіш, што ў ваколіцах Браслава, каб паглядзець, як гісторыя паўстае літаральна з зямлі.


Апоўдні ў намётавым лагеры, што месціцца на беразе возера Неспіш ў Слабодцы, пуста. Толькі дзяжурныя гатуюць на вогнішчы сачавіцавы суп. Праз гадзіну гарачы абед даставяць на востраў, дзе на раскопках старога манастыра працуюць археолагі і валанцёры. Раней востраў з берагам злучаў драўляны мост, а зараз — Сцяпан на сваёй пласкадонцы. З «вялікай зямлі» на «малую» ён перавзозіць археолагаў, валанцёраў і журналістаў.



Каб даставіць абед на востраў, трэба спачатку везці яго на машыне, потым ісці праз поле і зарослы бераг, і, нарэшце, плыць на лодцы. І такім жа шляхам — назад. Сняданак і вячэра чакаюць усіх у лагеры.

Тым часам на востраве Мікалай Плавінскі, археолаг у другім пакаленні, раздае ўказанні, дзе каму капаць, каму дзе скрабсці, а каму дапамагчы зрабіць замеры. На раскопкі ён трапіў яшчэ падлеткам і правёў «у палях» ужо 25 гадоў. Гэта ўжо 15-ты год, калі археолаг ладзіць свае ўласныя экспедыцыі. Кажа, што прафесію не абіраў з некалькіх. Ужо ў 8−9 класе дакладна ведаў, што будзе археолагам, як бацька.


Кіраўнік раскопак Мікалай Плавінскі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных навук і ўстойлівага развіцця Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава БДУ.

— Археалогія заражае, — кажа Плавінскі. — Калі людзі кажуць пра яе, шмат хто думае пра рамантыку. Але, па шчырасці, гэта вельмі нудотная і доўгая праца. І капанне зямлі — толькі першы этап. Пасля ідзе навуковая апрацоўка выяўленых матэрыялаў, навукаовыя аналізы, напісанне справаздач. Напэўна, праца бухгалара можа быць больш вясёлай, чым праца археолага. Але, натуральна, момант цікавасці ёсць. У адрозненні ад іншых гуманітарных навук, кожны год археалагічных даследаванняў — гэта штосьці новае. Кожны раскоп, кожны шурф, кожны новы помнік — гэта прынцыпова новая інфармацыя, якой раней не было.


Прасейванне зямлі - складаная фізічная праца. Як кажа Мікалай Плавінскі, нельга стаць археолагам, не прасеяўшы тысячы вядзер зямлі.

На працягу дня робяцца замалёўкі і запісы, фотаздымкі месца даследвання. На міліметроўцы наносяць памеры і глыбіню раскопа, пазначаюць месцы, дзе знайшлі той ці іншы прадмет. Знаходкі пазначаюцца і складваюцца, каб потым іх можна было даследваць.

— Археолаг, як і сапёр, памыляецца толькі адзін раз, — лічыць Мікалай Плавінскі. —  Напрыклад, можна некалькі разоў пачытаць дакумент ў архіве ці зрабіць апытанне. Але праца архелогаў такая, што яны адначасова даследуюць і знішчаюць археалагічныя помнікі, таму што падчас даследавання культурны слой і некаторыя аб’екты перастаюць існаваць. Другі раз раскапаць той жа культурны слой немагчыма. Гэта вельмі адказна — прымаць кожнае рашэнне: дзе капаць, а дзе — не, выяўляць і фіксаваць інфармацыю.


Археолаг Вікторыя размячае месца, дзе трэба будзе зрабіць раскоп. Праз некалькі гадзін працы тут знойдуць фрагмент чалавечага скілету: частку таза і бедранай косці.

— Каб даведацца, дзе капаць, трэба вывучыць шмат крыніц. Я не ўмею глядзець праз зямлю. Археалогія — гэта яшчэ момант і выпадак. У маленькім раскопе могуць быць і пабудовы, і пахаванні, і іншыя знаходкі. А можа не быць нічога. Адмоўны вынік — гэта таксама вынік. Нашыя магчымыя адкрыцці залежаць не ад нас, а ад тых археолагаў, якія займаліся гэтым раней. Бо ўсе нашыя першапачатковыя веды мы атрымалі з мінулага.


Археалогія — гэта практыка. Сядзець і чытаць кніжкі, нават самыя добрыя, і стаць археолагам — намагчыма. Уся археалагічная адукацыя пабудавана на тым, што з першага і да апошняга курса, нават у магістратуры, чалавек ездзіць на раскопкі на розныя тыпы помнікаў.

На летнікі з’язджаюцца самыя розныя людзі, якім цікавая гісторыя і археалогія. За сезон 2019 года ў Мікалая Плавінскага было 2 летнікі, якія сабралі агулам каля 200 чалавек. Былі фізік-ядзершчык і стаматолаг, філосаф і лясны тэхнік, студэнты і людзі сталага ўзросту. Прыязджаюць валанцёры з розных куткоў Беларусі, далучаюцца мясцовыя жыхары.


Лекар-стаматолаг Ілля Шуст капае курган каля вёскі Ахрэмаўцы. Гісторыя і археалогія цікавілі яго з самага дзяцінства, у студэнцкія часы бываў на летніках і зараз кожны адпачынак выбіраецца ў экспедыцыю. Нядаўна захапіўся падводнай археалогіяй і з іншымі вадалазамі даследваў сваі драўлянага маста, які злучаў востраў з берагам. «Адна справа — чытаць гісторыю па падручніках, іншая — памацаць рукамі», — кажа Шуст.

Па словах кіраўніка экспедыцыі, не ўсе гатовы працаваць па 6−8 гадзін на дзень: скубсці гліну, капаць ровікі, трываць шалёнага начальніка. Валанцёры жывуць у намётах, мыюцца ў возеры, ежу гатуюць на вогнішчы. Размаўляюць, пераважна, па-беларуску. Па словах Плавінскага, за 2 тыдні летніка можна падцянуць сваю беларускую мову. Паступова людзі ўцягваюцца і ў вывучэнне сваёй гісторыі. Але вытрымліваюць не ўсё. Затое, тыя, хто застаецца, застаюцца на гады і нават дзесяцігоддзі.


Дзяўчаты мыюць ногі ў вадзе пасля заканчэння працоўная дня на востраве. Шмат хто працуе басанож і пасля дня ў зямлі ногі, натуральна, становяцца чорнага колеру.

Археолагі — не Індзіяны Джонсы і не шукаюць сенсацыі, гэта толькі ў фільмах такое бывае. Ну якая можа быць сенсацыя ад вывучэння чарговага крывіцкага кургана? Я вам скажу — з гэтага няма ніякай сенсацыі. Але мы сабралі пэўныя статыстычныя матэрыялы для далейшых даследаванняў. Ці, як на востраве — былі пісьмовыя звесткі пра манастыр, выявы папярэдніх экспедыцый. Наша даследаванне — выявіць, як гэта выглядала на зямлі. Так, у выніку раскопак мы атрымалі выдатную нумізматычную калекцыю, але гэта не галоўнае. Галоўнае, што гэтыя манеты цалкам супадаюць з гістарычнымі этапамі равіцця манастыра і адлюстроўваюць яго жыццё.


Перыядычна месцы раскопак правяраюць металашукальнікам. Падчас гэтай экспедыцыі археолагі і валанцёры сабралі вялікую нумезматычную калекцыю. Пакуль рабілася фота, металашукальнік запішчаў - недзе тут ёсць каляровы метал. Праз некалькі хвілін крапатлівай працы з зямлі дастаюць срэбраную манету. Смяюцца: «Вось вам пашанціла! Знайшлі манету амаль у рэжыме ан-лайн!». Потым будуць шмат разоў паўтараць, што ўсё гэта — не пастаноўка і нават раскажуць байкі, як тэлежурналісты просяць што-небудзь знайсці «для кадра», і тады самае складанае — не засмяяцца.

Манета, якую знайшлі металашукальнікам — срэбраная. На ёй бачны ініцыялы Сігізмунда Аўгуста і дата — 1570 год. На адваротным баку — герб Пагоня

Разам з тым існуюць праблемы на мясцовым узроўні: там трэба папулярызаваць веды па гісторыі і археалогіі. Людзі часам не разумеюць, што такое помнік археалогіі і у месцах, дзе стаіць адпаведная шыльда, могуць весціся вырубка і траўля лесу. Тое ж і з чорнымі капацелямі, сярод якіх сустракаюцца людзі, зацікаўленыя гісторыяй. Але яны не разумеюць, што сваімі дзеяннямі незваротна знішчаюць нашую гістарычную спадчыну.


Чалавечыя парэшткі, якія нечакана былі знойдзены каля падмурку кляштара. Самае крыўднае, як кажуць валанцёры і археолагі, што знайшліся яны за тры дні да сканчэння экспедыцыі, да таго ж надвор’е сапсуцца. Цікава, што захаронены гэты чалавек галавой на паўднёвы захад. Большая частка парэшткаў знаходіцца па-за межамі раскопа і кіраўнік экспедыцыі вырашыў закансерваваць гэтыя і іншыя парэшткі. Мяркуецца, што гэта пахаванне XVII — XVIII стагоддя.

Апроч іншага, Мікалай Плавінскі займаецца папулярызацыяй гісторыі і пашырэннем пэўных гістарычных ведаў.

— Магчыма, самае галоўнае, што нашым прыкладам і нашымі дзеяннямі мы будуем сваю краіну, — кажа навуковец. Беларусы — вельмі маладая палітычная нацыя і важна, каб у людзей фарміравалася разуменне і важнасць сваёй гісторыі, сваёй дзяржавы. Пры гэтым не важна, на якой мове мы размаўляем. У кожнай экспедыцыі мы будуем сваю маленькую Беларусь і хочацца верыць, што рана ці позна яна ператворыцца ў дарослую палітычную нацыю.


Валанцёры капаюць адзін з курганоў у лесе каля вёскі Ахрэмаўцы. На фоне ўсёй галечы крывіцкіх курганоў, гэты вылучаецца асобна. Тут увогуле нічога няма, акрамя жмені перапаленых костак. Але ідзе збор інфармацыі аб тым, як гэту курган быў насыпаны. Пазней будзе зроблена 3d-мадэль. Курган, які датуецца IX — X стагоддзем, быў пашкоджаны рабаўнічымі перакопамі.

Абед, прыгатаваны ў лагеры «на вялікай зямлі» прывозяць на востраў на лодцы. Сёння тут падаюць вегетарыянскі суп з сачавіцы. Некаторыя мужчыны дастаюць з заплечнікаў сала — так будзе смачней. Пасля абеду кожны мые свой посуд у возеры і пакідае яго дзяжурнаму.

Археолагам можна стаць толькі «ў полі». Спасатку чалавек вучыцца як капаць зямлю, пасля — вучыцца пэўнай інструментальная здумцы, пэўным прыёмам працы, маляванню. Праз 5−7 год, у лепшым выпадку, мы атрымаем археолага. Толькі перакапаўшы кубы зямлі, толькі перацягаўшы тысячы вёдраў зямлі, ты можаш стаць археолагам.

Пасля доўгага працоўнага дня валанцёры на лодцы перепраўляюцца на «вялікую зямлю». Смяюцца, што вось яна — рамантыка, якую шукаюць журналісты. Насамрэч, вельмі прыемна сесці на лодку і ісці на вёслах па возеру. Праўда, цягнецца гэты водны шпацыр каля пяці хвілін. Каб перавезці ўсіх, мясцовы жыхар Сцяпан, робіць некалькі «заездаў».

Для 18-гадовага Даніка гэта першая экспедыцыя. Ён яшчэ год таму вырашыў, што хоча стаць археолагам і вось яго мара здзейснілася — сёлета ён паступіў на гістфак БДУ, хаця бацькі і казалі яму, што гэтай прафесіяй шмат грошай не заробіш. Энергічны хлопец не марнуе час: то коліць дровы, плавае у возеры, актыўна працуе рыдлёўкай. Старэйшыя дзівяцца, дзе ў хлопца кнопка выключэння.

Дзяўчаты ідуць купацца ў возеры пасля працоўнагя дня. Быт валанцёраў і археолагаў падчас экспедыцый — вельмі аскетычны. Жывуць у намётах, ежу гатуюць на вогнішчы, мыюцца ў возеры. Але ёсць нават біятуалет.

А 9-й гадзіне вечара ўсе збіраюцца каля вогнішча, каб падвесці вынікі дня і абмеркаваць планы на наступны дзень. Сярод галоўных пытанняў — што рабіць са знойдзенымі чалавечымі парэшткамі і як пройдзе «пасвячэнне ў археолагі». Дзяўчаты жартуюць, што сёння ўначы ў лагер прыйдуць знойдзеныя на востраве манахі.
 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
15 жніўня ў Беларусі адзначаецца Дзень археолага. На ўсю краіну іх будзе каля пяцідзесяці. Але датычныя да свята і тыя, хто хаця б аднойчы прымаў удзел у...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика