У Быхаўскім музеі праходзіць выстава работ народнага майстра РБ Лізаветы Чырвонцавай. 21.by

У Быхаўскім музеі праходзіць выстава работ народнага майстра РБ Лізаветы Чырвонцавай

16.09.2019 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі праходзіць выстава работ народнага майстра Рэспублікі Беларусь Лізаветы Чырвонцавай. У яе экспазіцыі прадстаўлены дваццаць восем выцінанак — ажурных выразак з чорнай, белай і каляровай паперы.

У Быхаўскім музеі праходзіць выстава работ народнага майстра РБ Лізаветы Чырвонцавай

Майстрыха з’яўляецца прадстаўніком творчай сямейнай дынастыі. Яе маці, Вікторыя Мікітаўна, якой, на вялікі жаль, ужо няма на гэтым свеце, некалі выкладала на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Маладзечанскім музычным каледжы імя Агінскага. А сёння тут вучыць маладыя таленты і дачка — Лізавета Львоўна.

На Магілёўшчыне ж Лізавета Чырвонцава дэманструе свае работы ўпершыню. Быхаўшчыну абрала не выпадкова. Яе бабуля, Ірына Арцёмаўна Андросава, родам з вёскі Грудзінаўка. Таму выстава і называецца «Позірк мінулага», бо некаторыя выцінанкі ілюструюць даўнія ўспаміны нашай зямлячкі.

Возьмем, да прыкладу, творчую работу «Грудзінаўскі палац». Бабуля некалі распавядала, што на паненак Талстых было заўсёды прыемна глядзець. Характар дзяўчаты мелі лагодны, таму простыя людзі паважалі за гэта, нярэдка захапляліся іх незвычайнымі задумкамі.

Аповяд бабулі пра незвычайны шкляны мост, праз які можна было ўбачыць рыбак у вадзе, і цяпер здзіўляе таленавітую ўнучку, якая спачатку ўспрымала яго як цікавую байку, але пачала верыць у яго сапраўднае існаванне, калі даведалася, што пані Аляксандра Рыгораўна мела ўласны шклозавод. Да таго ж, яна засталася ў памяці як наватарка і вельмі руплівая асоба: пабудавала бальніцу, запрасіла лепшых дактароў, адкрыла школу. Бабуля майстрыхі ў гэтай школе правучылася чатыры гады і была вельмі здольная ў вучобе. А потым маці не пусціла дачку вучыцца на пяты год, бо трэба было дапамагаць працаваць па гаспадарцы.

Выцінанка «Панскія яблыкі» нагадвае той далёкі час, калі дзяўчынак запрашалі палоць агароды, працаваць у цяпліцах, за што плацілі невялікія грошы. Там вырошчвалі нябачаныя дагэтуль памідоры, што на той час для малых было сапраўднай экзотыкай.

Выклікае цікавасць “Скрадзены човен”. Тым болей, што пачутую гісторыю наўрад ці можна неяк падцвердзіць, але… Возера каля панскай сядзібы вабіла мясцовых жыхароў сваёй незвычайнай прыгажосцю. Вакол яго раслі экзатычныя для нашых мясцін расліны, дрэвы.  Аднойчы вясковы хлопец Міхась Лынькоў, які з гадамі стаў знакамітым беларускім народным пісьменнікам, прапанаваў дзяўчатам пакатацца на чаўне па тым возеры, затым нарваць кветак. Скраўшы човен, яны з ахвотаю каталіся па возеры, пакуль іх не ўбачыў панскі ляснік. На беразе ён хацеў пакараць іх, але дзяўчаты, стоячы на каленях, моцна плакалі, прасілі адпусціць. Хлопец жа нібыта нізка кланяўся і ўсё паўтараў: “Пан, вінаваты!”. Калі дзяўчаты пачулі, як ён паўтарае адно і тое ж, ім стала смешна,  яны праз слёзы пачалі смяяцца. А “пан”-ляснік вырашыў, што дзевак са страху апанавала істэрыка, пачаў іх суцяшаць, а потым адпусціў. А вось хлопцу бізуны атрымаць усё ж давялося.

На выставе прадстаўлена вельмі яркая работа з чырвонай, чорнай і залатой паперы «Св. Жэнеўева і цмок», у якой майстрыха здолела перадаць атмасферу старажытнага славянскага паганства, а чорна-белыя фотаздымкі з сямейнага архіва ператварыліся, дзякуючы старадаўняй тэхніцы, у сучаснае, актуальнае мастацтва.

Сёння выцінанкі Лізаветы Чырвонцавай знаходзяцца ў фондах Мінскага абласнога краязнаўчага музея, Дзяржаўнага гісторыка-культурнага запаведніка — музея «Заслаўе» Мінскай вобласці, Дамадзедаўскага гісторыка-мастацкага музея Маскоўскай вобласці Расіі, этнаграфічнага музея-сядзібы Адама Петраўскаса Літвы, а таксама ў асабістых калекцыях у Польшчы, Германіі, ЗША, Японіі.

—Ажурныя выразкі розных народаў прыкметна адрозніваюцца, але майстры выразання ў старажытнасці і цяпер прытрымліваюцца двух галоўных кампазіцыйных прынцыпаў — сіметрыі і раўнавагі. Напрыклад, японскае кірігамі — мастацтва вырабу фігурак і паштовак з паперы з дапамогай нажніцаў, — тлумачыць Лізавета Львоўна.

Суразмоўца паведаміла таксама, што спрабуе сабраць інфармацыю пра свайго дзядулю Мікіту Сяргеевіча Самсонава, ураджэнца вёскі Азяраны Рагачоўскага раёна. Маці казала ёй, што той быў поўным Георгіеўскім кавалерам і загінуў у руска-японскую вайну ў 1905 годзе.

Выстава «Позірк мінулага» здзіўляе выразным творчым аўтарскім почыркам. Кожны, хто наведае яе, нацешыцца незвычайнай прыгажосцю выцінанак, якія хаваюць у сабе нейкі таемны і нават містычны сэнс.

Сяргей ЛЕЎЧАНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі праходзіць выстава работ народнага майстра Рэспублікі Беларусь Лізаветы Чырвонцавай. У яе экспазіцыі прадстаўлены...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика