Источник материала:
У раённым цэнтры рамёстваў работнікі ўстановы дэталёва працуюць над адраджэннем, захаваннем і распаўсюджваннем народных промыслаў, характэрных для нашай мясцовасці і для ўсёй Беларусі. Вось і ў чытальнай зале раённай бібліятэкі прайшло адкрыццё персанальнай выставы кіраўніка народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Талака” Святланы Заіка. Жанчына прэзентавала свае работы, а менавіта выцінанку.
Выцінанка — гэта ажурны ўзор, выразаны з белай, чорнай ці каляровай паперы, з’яўляецца відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У розных мясцінах Беларусі яна называецца выразанка або выстрыганка. Выцінанка ўпершыню з’явілася ў Германіі, а ў 16 стагоддзі трапіла ў Беларусь. Асаблівую папулярнасць сярод нашых продкаў яна атрымала ў 19 — пачатку 20 стагоддзя, калі свае дамы сяляне ўпрыгожвалі папяровымі вырабамі.
Святлана Заіка ўжо не першы год займаецца вырабам выцінанкі. Захапленне гэта прыйшло да жанчыны яшчэ ў студэнцкія часы. З той пары Святлана вырабіла іх вялікае мноства — аб’ёмных і малых, рознакаляровых і чорна-белых, мудрагелістых і зразумелых звычайнаму абывацелю. У кожнай рабоце закладзены свой сэнс, у якім адлюстроўваюцца рэлігійныя святы, прыродныя з’явы, паўсядзённае жыццё людзей, хараство прыроды і гэтак далей.
Як сказала сама Святлана, апошнім часам яна захапілася вырабам прадметаў з гліны, але ўсё ж выцінанку лічыць сваім галоўным заняткам як на працы, так і дома. Падчас візіту расійскай дэлегацыі грамадскага аб’яднання “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Смаленскай вобласці” ў Шаркаўшчынскі раён госці наведалі цэнтр рамёстваў. Святлана Заіка і іншыя работнікі ўстановы правялі для іх майстар-класы. Расіяне былі ў захапленні ад убачанага, асабліва іх уразіла тэхніка вырабу выцінанкі. Некалькі работ госці са Смаленска набылі для сябе.
— Сёння выцінанка перажывае сваё другое нараджэнне ў гарадской паўсядзённай культуры, — кажа Святлана. — Яна выкарыстоўваецца як элемент дэкору жылых памяшканняў у кватэрах і дамах, ёю ўпрыгожваюць вокны і дзвярныя праёмы, унутраныя інтэр’еры ў грамадскіх месцах. Лічу, што дадзены від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва будзе развівацца і ў далейшым.
Сяргей РАЙЧОНАК.