«Як вы пры такой галечы ў краіне гэткія зарплаты сабе ўзялі?» Падборка гістарычных анекдотаў. 21.by

«Як вы пры такой галечы ў краіне гэткія зарплаты сабе ўзялі?» Падборка гістарычных анекдотаў

02.04.2020 17:38 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У 2017 годзе журналіст і літаратуразнаўца Сяргей Шапран падрыхтаваў да выдання кнігу «Беларускі гістарычны анекдот», у якой сабраў паўтысячы гісторый з удзелам больш за сто вядомых беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў культуры і палітыкі. Новую падборку яго анекдотаў апублікаваў «Новы час».

Антановіч і Раман Ярохін


Тван Антановіч (у цэнтры). Фота: Сяргей Балай, TUT.BY

Хоць Іван Антановіч (загадчык аддзела культуры ЦК КПБ, у будучым міністра замежных спраў Беларусі. — Заўвага TUT.BY) і ўстаўляў палкі ў колы Элему Клімаву і Алесю Адамовічу падчас здачы карціны «Ідзі і глядзі» («Фільм амаль геніяльны, — казаў, — але я супраць!»), кінастужку адстаяць усё-ткі ўдалося. Больш за тое, з падачы загадчыка аддзела культуры «Советской Белоруссии» Рамана Ярохіна галоўная газета рэспублікі змясціла станоўчую рэцэнзію на фільм за аўтарствам Уладзіміра Някляева. З гэтай нагоды Антановіч выклікаў Ярохіна ў ЦК:

— Вы самі хоць глядзелі фільм Адамовіча і Клімава? Глядзелі і згодны з меркаваннем Някляева? А ў мяне вось іншая думка…

Пасля чаго паўгадзіны горача і блытана гаварыў пра фільм. А завяршыўшы маналог, паспяшаўся развітацца.

Аднак проста так сысці Ярохін не мог.

— Іван Іванавіч, вы запрасілі мяне абмеркаваць карціну, а замест дыялога — маналог, — казаў ён. — Няўжо я падобны на грыбаедаўскага Малчанава: «Не должно сметь свое суждение иметь»? Калі б вы мяне пераканалі…

— Я выклікаў вас не для пераконванняў! — узняў голас Антановіч.

— А чаму вы лічыце, што менавіта вы маеце рацыю? І нават не дапускаеце думкі, што праўда можа быць на іншым баку?

Адказ на сваё пытанне Раман Ярохін атрымаў праз паўгода — яму было прапанавана выйсці на пенсію.

Невытлумачальнае глупства


Фото: tvkultura.ru

Раман Ярохін прыгадваў, як аднойчы сустрэў панурага Адамовіча. Высветлілася, што ён, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік збіраюць матэрыял для кнігі «Я з вогненнай вёскі…», але замест спрыяння паўсюдна сустракаюць нават не раўнадушша — мясцовае начальства наўмысна ўстаўляе палкі ў колы.

— Ведае выканкамаўскі начальнік, што да вёскі, куды едзем, сорак вёрст, аўтобусы ў тую глуш не ходзяць, ведае і цягне да позняга вечара рызіну: маўляў, выканкамаўская машына на працы, прыйдзецца крыху пачакаць, — распавядаў Адамовіч. — Гэтае «крыху» і назаўтра паўтараецца. Найбольш прыводзіць у шаленства, калі сам бог раённы — першы сакратар райкома партыі сустракае пытаннем: «З чым завіталі ў мой раён?» Уяўляеш: не ў наш раён, а ў «мой»! Пачынаеш гэтаму «богу» падрабязна распавядаць, навошта прыехалі ў «ягоны» раён, і наноў натыкаешся на невытлумачальнае глупства: «А навошта вам успаміны пагарэльцаў? Хто будзе чытаць такую кнігу?»

Ярохін у той жа дзень распавёў пра ўсё сакратару ЦК Аляксандру Кузьміну, які быў адным з рэдкіх прыстойных людзей ва ўладзе. Ягоная рэакцыя была імгненнай — выклікаўшы памочніка, ён загадаў:

— Пасля дванаццаці буду гаварыць з сакратарамі абкомаў па ідэалогіі!

Ужо назаўтра выпадкова сустрэты Адамовіч свяціўся ад радасці - учорашняй панурасці як ні было.

— Мне тэлефанаваў Кузьмін, папрасіў, як ён сказаў, па магчымасці наведаць яго, — захоплена казаў Адамовіч. — Ён ведае пра нашу задуму, пра нашы пакуты! Ён сказаў, што ніхто цяпер больш не будзе нам палкі ў колы ўстаўляць, наадварот — дапамагаць будуць!

А яшчэ праз пару тыдняў Адамовіч паведаміў з тым жа радасным настроем:

— Па Мінскай вобласці ездзілі - хлебам-соллю сустракалі!

З клопатам пра дзяцей


Яфрэм Сакалоў. Фота: minsknews.by

Рыгор Барадулін пераказваў, як аднойчы падчас тэлеэфіра запыталіся ў першага сакратара ЦК КПБ Яфрэма Сакалова:

— Як вы, партыйцы, пры такой галечы ў краіне гэткія зарплаты сабе ўзялі?!

— А мы чатыры разы адмаўляліся, але зверху настоілі.

— Ну дык аддайце дзецям!

— А мы так і зробім! — нібыта гэтак хітра адказаў Яфрэм Яўсеевіч. — Што вы думаеце, у мяне дзяцей няма? Ёсць у мяне дзеці!

Наступнік


Мікалай Слюнькоў (злева). Фота: архіў Юрыя Камягіна, s.015.by

Сустрэў неяк Васіль Быкаў былога першага сакратара беларускага ЦК Слюнькова, які другі год як у маскоўскі Крэмль перабраўся:

— Ваш наступнік проста ненавідзіць інтэлігенцыю, — казаў Быкаў, маючы на ўвазе Сакалова. — Вазьміце яго куды-небудзь на павышэнне ў Маскву.

Слюнькоў абяцаў падумаць. Неўзабаве Сакалова выправілі на пенсію. Разам са Слюньковым.

Лёкайскае

З «Падарожжаў з Мінска ў Маскву і назад» Алеся Адамовіча:

«А гэта ўжо 70-я гады… Мы з Васілём Быкавым выйшлі з новага будынка беларускага Саюза пісьменнікаў, прыкідваем, як, на чым даехаць да ягонага дому. Раптам намеснік загадчыка аддзела культуры ЦК прапануе сваю машыну. Гэта што! — сам жа пабег яе шукаць. Хоць і наш брат пісьменнік, а ўсё ж ЦК, неяк нязвыкла. Вярнуўся ён разгублены: як у ваду канула машына, разам з кіроўцам. Увечары мы пачулі: аказваецца, ён ужо не працуе ў ЦК КПБ. У гэтым разгадка і раптоўнага знікнення чорнай „волгі“: кіроўца, як толькі даведаўся, пакаціў у гараж. Не палічыўшы патрэбным хоць бы дамоў адвезці свайго нядаўняга гаспадара. Помста цалкам лёкайская. Ты начальнік — я дурань. Але калі перастанеш быць начальнікам…»

Аспірант

Васіль Быкаў

Крытык Валянцін Аскоцкі прыгадваў. 1966 год. У часопісе «Новый мир» надрукаваная аповесць «Мёртвым не баліць». Выхадзец з Беларусі, трэццякурснік аспірантуры Акадэміі грамадскіх навук Уладзімір Сеўрук узбуджана носіцца па інтэрнаце, трымаючы пад пахай часопіс «Маладосць», дзе ўпершыню й была надрукаваная аповесць, і чапляецца ледзь не да кожнага сустрэчнага:

— Давай пачытаю! З ліста! Уголас! Востра! Выкрывальна!

Неўзабаве Аскоцкага запрасілі на кафедру тэорыі літаратуры і мастацтва.

— Вы чыталі ў «Новом мире» аповесць Быкава? Ваша думка?

Аскоцкі гаворыць узбуджана і горача. Яму ў адказ:

— Вы нам не падыходзіце.

Сеўрук, які прысутнічаў пры размове, толькі загадкава ўсміхнуўся.

А ўжо праз тыдзень на першай паласе галоўнага савецкага афіцыёза — газеты «Правда» — з’явіўся артыкул, у якім кляйміліся і «Новый мир», і быкаўская аповесць. «Гэтая няўдача — вынік сур’ёзных ідэйна-эстэтычных пралікаў пісьменніка», — пісаў аспірант Сеўрук.

Праз злучок

Канец 1970-х. У Маскве рыхтавалася быкаўская кніга «Дажыць да світання» з пасляслоўем Валянціна Аскоцкага. Жадаючы хоць запознена заступіцца за «Мёртвым не баліць», Аскоцкі даў станоўчы водгук пра шматпакутную аповесць і прывёў словы Аляксандра Твардоўскага пра праўду, якая застанецца, калі ўсё мінецца. Але праз нейкі час абухом па галаве: кніга затрымана, аддрукаваны наклад звозіцца ў Маскву і з пасляслоўя выдзіраюцца старонкі. Тыя самыя, дзе пра «Мёртвым не баліць».

Толькі праз шмат гадоў Аскоцкі даведаўся, што распараджэнне выдраць старонкі з упамінаннем «Мёртвым не баліць» сыходзіла ад даўнішняга быкаўскага ганіцеля Сеўрука. Зрэшты, у выдавецтве езуіцкую каманду часткова сабатавалі: выдзірку забароненых старонак правялі для адводу вачэй начальства толькі ў пятай частцы 220-тысячнага накладу.

З таго часу і захоўвалася ў Аскоцкага кніга ў двух экзэмплярах — у адным нумарацыя старонак была звычайная, у другім здвоеная, праз злучок: 661−662, 663−664.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падборка гістарычных анекдотаў пра вядомых беларускіх пісьменнікаў, дзеячаў культуры і палітыкі.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика