МВФ восенню ацэніць неабходнасць новай праграмы супрацоўніцтва з Беларуссю. 21.by

МВФ восенню ацэніць неабходнасць новай праграмы супрацоўніцтва з Беларуссю

25.05.2010 15:32 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Урад Беларусі і Міжнародны валютны фонд восенню ацэняць неабходнасць новай праграмы супрацоўніцтва. Пра гэта 25 мая на брыфінгу ў Мінску паведаміў кіраўнік місіі МВФ па Беларусі Крыс Джарвіс.

Місія МВФ працавала ў Мінску 12—25 мая з мэтай ацэнкі бягучай эканамічнай сітуацыі, а таксама перспектыў далейшага супрацоўніцтва.

«На працягу некалькіх наступных месяцаў мы будзем працягваць падтрымліваць кантакты з уладамі Беларусі. Мы плануем вярнуцца сюды ў пачатку восені для працягу дыскусій. Мы правядзем новую ацэнку эканамічнай сітуацыі ў краіне і зробім з уладамі ацэнку, ці патрэбна Беларусі новая праграма з МВФ», — сказаў Джарвіс.

Паводле яго слоў, калі кіраўніцтва і Нацбанк Беларусі будуць зацікаўлены ў новай праграме з МВФ, то фонд гатовы прадаставіць падтрымку і распрацаваць такую праграму, «якая будзе ўключаць прадуманыя захады эканамічнай палітыкі».

«Улады краіны, таксама як і мы, хочуць паглядзець, як будзе развівацца сітуацыя ў найбліжэйшыя некалькі месяцаў», — адзначыў Джарвіс.

Паводле слоў кіраўніка місіі, высокія тэмпы эканамічнага росту ў першым квартале 2010 года сведчаць, што эканоміка Беларусі стаіць на шляху аднаўлення.

«Інфляцыя застаецца нізкай, а дэфіцыт рахунку бягучых аперацый плацежнага балансу ў першым квартале 2010 года быў ніжэйшы, чым у першым квартале 2009 года, і гэта добры знак», — падкрэсліў Джарвіс.

Ён таксама адзначыў, што знешні доўг Беларусі па міжнародных стандартах застаецца нізкім, што з’яўляецца «вялікай перавагай рэспублікі ў цяперашнім міжнародным эканамічным асяроддзі».

«Што датычыцца абменнага курсу, то ўладам краіны варта працягваць яго дзейны рэжым, які дае ўладам гнуткасць руху курсу ў рамках устаноўленага калідора. Гэта павышае канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў на міжнародных рынках», — падкрэсліў кіраўнік місіі.

Разам з тым у спецыялістаў МВФ выклікае «некаторую занепакоенасць хуткі рост крэдыту ў апошні час, а таксама заявы аб планах павышэння ўзроўню заработнай платы». «Мы лічым, што павышэнне зарплат павінна грунтавацца на павышэнні прадукцыйнасці працы. Для падтрымання стабільнасці па‑ранейшаму неабходная жорсткая палітыка ў дачыненні да зарплат у бюджэтным сектары эканомікі», — заявіў Джарвіс.

Паводле яго слоў, улады Беларусі запэўнілі місію МВФ у тым, што падтрыманне макраэканамічнай стабільнасці з’яўляецца для іх ключавой задачай.

Кіраўнік місіі МВФ таксама падкрэсліў неабходнасць прадаўжэння структурных рэформ у Беларусі. «Мы хочам цесна супрацоўнічаць з уладамі, каб былі рэалізаваны пэўныя ідэі. Калі будзе новая праграма з фондам, мы хацелі б уключыць гэтыя ідэі ў праграму», — патлумачыў Джарвіс. Паводле яго слоў, гаворка, у прыватнасці, ідзе пра меры па павышэнні прадукцыйнасці працы на дзяржпрадпрыемствах, а таксама аб павышэнні ўнёску прыватнага сектара ў эканамічны рост Беларусі.


Аляксей Арэшка, БелаПАН

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Урад Беларусі і Міжнародны валютны фонд восенню ацэняць неабходнасць новай праграмы супрацоўніцтва. Пра гэта 25 мая на брыфінгу ў Мінску паведаміў кіраўнік місіі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика