Беларусь будзе здабываць нафту там, дзе яе няма?. 21.by

Беларусь будзе здабываць нафту там, дзе яе няма?

27.08.2010 09:51 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У беларускага кіраўніцтва, якое ў гэтым годзе асабліва актыўна шукае альтэрнатыву расійскім энерганосьбітам, з’явіўся новы кантынент у гэтым плане — Афрыка.

Гэты збан пусты

Інфармацыйную прастору краіны літаральна “парвала” паведамленне аб тым, што Беларусь зацікаўлена ў здабычы карысных выкапняў у Гамбіі. Ва ўсякім выпадку, пра гэта заявіў міністр замежных спраў краіны Сяргей Мартынаў пасля падпісання мемарандуму аб узаемаразуменні паміж МЗС Беларусі і Міністэрствам замежных спраў, міжнароднага супрацоўніцтва і гамбійцаў за мяжой Гамбіі, якое ўзначальвае Мамаду Тангара.

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА прыводзіць словы С.Мартынава: “Паколькі ўласных карысных выкапняў у Беларусі няшмат, нас цікавіць усё, што неабходна для прамысловасці. Асаблівую цікавасць выклікаюць апошнія вышукі ў Гамбіі па здабычы нафты”. Больш за тое, Беларусь гатова “разгледжваць праекты па арганізацыі зборачных вытворчасцей, абмене новымі тэхналогіямі, па падрыхтоўцы спецыялістаў”.

Пошук альтэрнатывы расійскім энерганосьбітам — справа адназначна добрая і надзённая. Але, паводле існуючых крыніц у сусветным сеціве, у Гамбіі, тэрыторыя якой складае не больш не менш як 11,3 тысячы кв.км, афіцыйна пацверджаных запасаў нафты… не існуе. Асноўнае на дадзены момант, чым можа пахваліцца гэтая краіна, — кварцавы пясок. Магчыма, за апошні час нешта скранулася з месца ў плане разведкі пэўных запасаў нафты ў даволі слабаразвітай афрыканскай краіне, але шырокай грамадскасці аб гэтым яшчэ нічога не вядома.

Так што, як гаварыў вядомы персанаж казкі “Залаты ключык”, гэты збан пусты…

ДА ВЕДАМА (Па матэрыялах Вікіпедыі)

Гамбія — дзяржава ў Заходняй Афрыцы. З’яўляецца самай маленькай краінай у кантынентальнай частцы Афрыкі.

Эканамічна слабаразвітая аграрная дзяржава, у якой 30% ВУП забяспечвае сельская гаспадарка, дзе занята каля 75% працаздольнага насельніцтва. Галоўнай сельскагаспадарчай культурай з’яўляецца арахіс, які служыць асноўнай крыніцай атрымання валюты (40% кошту экспарту). Прамысловасць слаба развіта і прадстаўлена прадпрыемствамі малога і сярэдняга бізнесу. Валавы нацыянальны прадукт складае 442 мільёны долараў, 800 долараў на душу насельніцтва.

У цэлым краіна бедная на карысныя выкапні. Вялікія запасы кварцавага пяску, дастатковыя для шкляной вытворчасці, знойдзены ў Абука, Бруфуце, Дарсіламі і інш. Урад шукае інвестараў для распрацоўкі гэтых радовішчаў. На ўзбярэжжы акіяна так званы “чорны” пясок змяшчае ільменіт, руціл і цырконій.

З Расіяй не ўсё так сумна

Вось што кажа на гэты конт вядомы эканаміст Сяргей Чалы: “Сапраўды, і па маіх даных на сённяшні момант пацверджаныя запасы “чорнага золата” Гамбіі роўныя нулю. Краіна сама імпартуе нафту з Сенегала. Гамбія можа пахваліцца хіба толькі арахісавымі палямі. Наколькі я разумею, зараз гамбійцы ездзяць па свеце і шукаюць інвестараў для фінансавання пошукаў карысных выкапняў. Што тычыцца нашых пазіцый па энерганосьбітах, якія нам будзе пастаўляць Расія на наступны год, то тут не ўсе так сумна, як камусьці можа падацца. Незалежна ад таго, чым скончацца перамовы з Расіяй па нафце, свае 6,3 мільёна тон бяспошліннай нафты, згодна з дамоўленасцямі з расійскім бокам, мы павінны атрымаць у любым выпадку. З газам усё выглядае больш складана, але зусім не смяротна”.

А вось з гамбійскім “прываркам” для беларускага боку ў выглядзе магчымай распрацоўкі і здабычы нафты ў афрыканскай краіне, сапраўды, пакуль складана. Паўтаруся, можа, мы чаго не ведаем. Але сёння Гамбія выглядае даволі блякла на фоне нават вельмі далёкіх ад нас, але сапраўды багатых на нафту Венесуэлы і Ірана.

Гэта палітычны ход

Ды і Венесуэла з Іранам — гэта больш палітыка, чым эканоміка, сцвярджае доктар эканамічных навук прафесар Барыс Жаліба: “Па-першае, нават калі гіпатэтычна нейкія запасы нафты ў маленькай Гамбіі ёсць, то іх трэба да канца разведаць, потым арганізаваць здабычу, а затым заняцца яе дастаўкай у Беларусь, што таксама будзе зусім нятанна і няхутка. Так што магчымае супрацоўніцтва з Гамбіяй у галіне энерганосьбітаў выглядае вельмі сумніўна ў плане эканамічнай эфектыўнасці.

Па-другое, пасля канчатковых падлікаў па кошце венесуэльскай нафты, што сюды дастаўляецца, урэшце ўсе, пэўна, зразумеюць, што на дадзены момант больш выгаднай альтэрнатывы расійскай нафце не існуе.

Па-трэцяе, шукаць альтэрнатыву трэба, але гэтыя пошукі сёння не даюць патрэбнага плёну. І Гамбія ўяўляе сабой чарговы палітычны ход беларускага кіраўніцтва”.

Мамаду Тангара падчас сустрэчы са сваім беларускім калегам заявіў, што “мы чакаем падтрымкі ад Беларусі ў галіне сельскай гаспадаркі. У Гамбіі вельмі ўрадлівыя землі. Пакуль мы яшчэ не вырабляем сельскагаспадарчай прадукцыі, дастатковай для ўнутраных патрэб, але хацелі б у будучыні выйсці на такі ўзровень, калі будзем яе экспартаваць”. І тут, маўляў, былі б вельмі дарэчы беларускія трактары і сельскагаспадарчыя тэхналогіі.

Мары, мары

Сапраўды, зямля ў Гамбіі вельмі добрая, і людзі быццам бы нядрэнныя, але вось грошай у гэтай краіны, мякка кажучы, небагата. Таму спадзявацца, што яна ўжо ў бліжэйшай будучыні будзе ўкладваць “па поўнай” у развіццё сваёй сельскагаспадарчай галіны за кошт пакупкі буйных партый беларускай тэхнікі і запрашэння соцень і тысяч нашых спецыялістаў, ну ніяк не выпадае. Грошы ж, і немаленькія, беларускаму бюджэту патрэбны сёння. Калі не ўчора.

Хоць памарыць, канечне, можна. А прэзідэнт там правіць з 1994 года…

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Інфармацыйную прастору краіны літаральна “парвала” паведамленне аб тым, што Беларусь зацікаўлена ў здабычы карысных выкапняў у Гамбіі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика