Выпадаюць валасы? Лічыце, колькі выпала!. 21.by

Выпадаюць валасы? Лічыце, колькі выпала!

27.11.2010 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Боязь аблысення — адзін з нямногіх мужчынскіх страхаў, што датычацца знешнасці. Аблысенне не пагражае жыццю, не псуе здароўе, некаторых "бліскучая сучаснасць" нават упрыгожвае. І тым не менш мужчыны аддалі б многае, каб яе пазбегнуць.

Тэорый аблысення шмат, некаторыя вельмі арыгінальныя — напрыклад, гравітацыйная. Яе прыхільнікі лічаць, што стратай валасоў чалавек расплачваецца за магчымасць перамяшчацца на дзвюх нагах: пад дзеяннем зямнога прыцяжэння падскурны тлушчавы слой галавы патанчаецца, з-за чаго валасяныя цыбуліны пазбаўляюцца належнага сілкавання і аховы. У якасці прафілактыкі прыхільнікі гравітацыйнай тэорыі прапануюць рэгулярна... стаяць на галаве.

Хто мацней камплексуе, той хутчэй лысее

Аблысенне па мужчынскім тыпе адмяніць нельга. Гэта генетычная асаблівасць, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне і развіваецца з-за павышанай адчувальнасці клетак валасяных фалікулаў да андрагенаў (мужчынскіх палавых гармонаў). Пры гэтым важна, што ўтрыманне андрагенаў у крыві часцей за ўсё знаходзіцца ў межах нормы. У спрошчаным выглядзе механізм развіцця выглядае такім чынам: пад дзеяннем ферменту 5-альфа-рэдуктазы, які выяўлены ў клетках валасяной цыбуліны, мужчынскі палавы гармон тэстастэрон пераўтвараецца ў больш актыўны дыгідратэстастэрон. У выніку чаго валасяныя фалікулы становяцца больш слабымі, а кожны наступны волас, народжаны імі, — больш тонкім і мяккім, пакуль працэс увогуле не спыняецца. Там, дзе цыбуліны "заснулі" першымі, утвараюцца пралысіны. (Дарэчы, андрагеннае аблысенне ў мужчын звычайна стартуе спераду ад лініі росту валасоў і прасоўваецца да макушкі; у жанчын жа назіраецца прагрэсуючае парадзенне і патанчэнне валасоў практычна па ўсёй галаве, асабліва ў вобласці прабору.)

Адчувальнасць валасяных фалікулаў да дыгідратэстастэрону залежыць большай часткай ад набору генаў чалавека, г.зн. вызначаецца спадчыннасцю. Любы мужчына можа даведацца, у якім прыблізна ўзросце пачне лысець — у 50 гадоў або ў 20 (такое таксама бывае!) і з якой хуткасцю будзе губляць валасы, калі ўспомніць, як гэта адбывалася ў яго старэйшых братоў, дзядзькаў, таты і дзядулі.

Зусім пазбегнуць аблысення мужчына не можа, а вось паскорыць або адтэрмінаваць гэты працэс — цалкам. Курэнне і алкаголь, якія пагаршаюць стан сасудаў, няправільнае харчаванне, начное няспанне, штодзённае мыццё галавы хлараванай вадой садзейнічаюць таму, што валасяныя цыбуліны перастаюць нараджаць новыя валасы раней, чым закладзена прыродай. Да гэтага прыводзяць і стрэсы (падчас моцнага хвалявання адбываецца спазм сасудаў, кроў адлівае ад галавы, сілкаванне валасоў парушаецца і прыкладна ад 10 да 15 працэнтаў валасяных фалікулаў памірае). Таму тыя, хто надта камплексуе з прычыны аблысення, у рэшце рэшт аблысеюць хутчэй.

Запаволіць страту валасоў складана, але магчыма, калі настроіцца на пастаянную працу. Барацьба за валасы ідзе па двух франтах: трэба зменшыць дзеянне дыгідратэстастэрону на валасяныя фалікулы і зрабіць усё магчымае для іх умацавання.

Лекі. Падавіць уплыў дыгідратэстастэрону можна жаночымі палавымі гармонамі (эстрагенамі), але ў выпадку з мужчынамі гэта, зразумела, праблема — вялікая рызыка парушыць натуральны гарманальны баланс. Таму мужчынам часцей прызначаюць фітаэстрагены — натуральныя прэпараты, якія аказваюць эстрагенападобнае дзеянне.

Дыета. Для чалавека з перспектывай аблысення шкодна ўсё, што ўзмацняе прадукцыю тлушчавых залозаў, а менавіта: тлустае, вострае, вэнджанае, салёнае, салодкае. У тым жа спісе прадукты, багатыя на халестэрын (яйкі, ікра, субпрадукты). Для росту валасоў вельмі важнае паўнавартаснае харчаванне з дастатковай колькасцю бялку (нятлустая кураціна, ялавічына, бабовыя), жалеза (арэхі, гранаты, крупы), цынку (вустрыцы, гарбузовыя семечкі, соя, сачавіца, рачная рыба).

Гігіена. Мыць галаву трэба па меры неабходнасці, але лепш рабіць гэта пітной або гатаванай вадой: жорсткая і хлараваная шкодная для валасяных цыбулін (вапнавы налёт сушыць валасы і раздражняе скуру галавы, забівае поры, парушае водна-тлушчавую і кіслотна-шчолачную раўнавагу, ускладняе паступленне кіслароду і пажыўных рэчываў). Вельмі карысны масаж валасістай часткі галавы.

Звычкі. Любоў да лазні і саўны, як і манера абыходзіцца зімой без шапкі, прыблізяць вашу "лысую" будучыню.

Вітаміны. Патрэбныя адназначна! Вітамінна-мінеральныя комплексы, у склад якіх уваходзяць кальцый, крэмній, сера, селен, магній, вітаміны А і групы В, абавязкова выкарыстоўваюцца для прафілактыкі аблысення.

Ручнік Марго. Адзін з самых супярэчлівых, але папулярных метадаў барацьбы з аблысеннем — так званы метад Марго. Яшчэ ў 1970 годзе каліфарнійская цырульніца Марго напісала кнігу "Як адрасціць новыя валасы" — бестселер, які перавыдаецца да гэтага часу. Метад Марго заключаецца ў тым, каб кожны дзень прыкладна па 10 хвілін энергічна расціраць парадзелыя валасістыя ўчасткі скуры галавы мяккім ручніком. Праз 3—4 месяцы, паводле яе назіранняў, пачнуць з'яўляцца новыя валасы — у тым ліку, магчыма, на цалкам лысых участках.

Урачы-трыхолагі ставяцца да самой Марго, якая не мае медыцынскай адукацыі, паблажліва, аднак эфектыўнасці яе метаду не адмаўляюць. Як мінімум па дзвюх прычынах: па-першае, калі чалавек, які лысее, пачынае займацца сваімі валасамі — гэта ўжо добра. На жаль, пачаўшы страчваць валасы, многія ад страху перад аблысеннем стараюцца як мага радзей іх "непакоіць" (мыць, расчэсваць, увогуле дакранацца), што толькі пагаршае сітуацыю. Па-другое, маніпуляцыі з ручніком прыводзяць да таго, што і ўсе іншыя масажныя тэхнікі і ўціранні, — паляпшаецца кровазварот скуры галавы, валасяныя цыбуліны атрымліваюць больш сілкавання, а значыць, з большым энтузіязмам выконваюць сваю задачу. Урэшце, акрамя масажу ручніком, Марго рэкамендуе нармалізаваць харчаванне, правільна мыць галаву, не эканоміць на шампунях, кінуць курыць, час ад часу дазваляць сабе крыху спіртнога і менш нервавацца па дробязях — парады простыя, але выключна карысныя, асабліва для тых, хто лысее.

Трыхолагі ж раяць: калі мужчына ведае, што калі-небудзь пачне лысець, ён павінен пастаянна сачыць за колькасцю выпаўшых валасоў. Як іх падлічваць? Не толькі пры расчэсванні, як многія прывыклі думаць. Трэба глядзець яшчэ, колькі засталося на падушцы пасля сну. Для чалавека з сярэдняй густатой валасоў нават 20 выпаўшых — ужо шмат. Аднак трэба параўноўваць, колькі выпадала раней і колькі цяпер, і, калі розніца прыкметная, звяртацца да спецыялістаў. (Дарэчы, нармальнай лічыцца страта 70—100 валасоў у дзень.)

У адным месцы ўбудзе — у іншым прыбудзе

Менавіта на гэтым прынцыпе заснаваныя модныя сёння метады трансплантацыі валасоў. Яны заключаюцца ў перасадцы валасоў з участкаў, дзе іх шмат (напрыклад, з патыліцы), на парадзелую макушку. Гэта працэдура ажыццяўляецца з дапамогай спецыяльнай іголкі. Пасмы з некалькіх валасоў ужыўляюцца пад скуру і ўжо праз тыдзень пачынаюць расці на новым месцы. Паколькі гэту аперацыю прасцей рабіць на ўчастках, дзе валасы практычна адсутнічаюць, а не проста парадзелі, падобны метад выкарыстоўваюць у асноўным мужчыны.

Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Боязь аблысення — адзін з нямногіх мужчынскіх страхаў, што датычацца знешнасці. Аблысенне не пагражае жыццю, не псуе здароўе, некаторых "бліскучая...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика