Робіш зарадку — сэрца ў парадку
06.01.2011
—
Новости Здоровья
|
Спецыялісты перакананыя, што кожны з нас здольны многае зрабіць для здароўя сваіх сасудаў і сэрца. Паводле слоў урача-кардыёлага вышэйшай катэгорыі Кардыялагічнага цэнтра Першамайскага раёна г. Мінска Наталлі ДАРАШЭВІЧ, значных поспехаў дасягне той, хто будзе выконваць наступныя рэкамендацыі. Лепш за ўсё — у комплексе. 1. Штодня ўжывайце не менш як 500 г свежай садавіны і гародніны. Гэта можа быць, умоўна кажучы, два яблыкі, банан, морква і гурок. Калі такі дадатак да рацыёну падаецца вам дарагім або нясмачным, значыць, змірыцеся з тым, што вы — у групе рызыкі па сардэчна-сасудзістых захворваннях. Для чалавека, які сочыць за сваім здароўем, нічога надзвычайнага ў згаданым пераліку няма. 2. Курэнне тытуню настолькі згубнае, што, пакуль вы не развіталіся з гэтай звычкай, ніякія іншыя захады не дапамогуць дасягнуць значных вынікаў у прафілактыцы сардэчна-сасудзістых хваробаў. Так што рэкамендацыя адназначная і не падлягае далейшаму абмеркаванню: не курыце. 3. Злоўжыванне алкаголем адназначна падрывае здароўе сэрца. Пэўны станоўчы эфект мае быць хіба ад умеранага ўжывання і толькі для асоб ва ўзросце пасля 50-60 гадоў. Залатое правіла ўжывання спіртных напояў можа гучаць наступным чынам: выпівайце толькі тады, калі гэта... надзвычай неабходна і ніколі не разглядайце алкаголь у якасці карыснага сродку, прадукту харчавання. 4. Змагайцеся з лішняй вагой. Гэта будзе цалкам дасягальным, калі пячэнне, булкі, цукеркі, салодкія напоі і цукар у гарбаце замяніць на... садавіну (глядзі пункт 1). Не ўжывайце салёную, вострую і тлустую ежу. Аддавайце перавагу раслінным тлушчам — алеям, арэхам і забудзьцеся на тлушчы жывёльныя. Тлустыя малочныя прадукты пакіньце дзецям, сабе — усё абястлушчанае. 5. Спіце не менш за 8 гадзін. Вучыцеся так размяркоўваць свой час, каб паспяваць расслабіцца, заспакоіцца перад сном. Унушыце сабе, што ад вашай рэзкай рэакцыі на навакольныя падзеі, ад бясконцых хваляванняў, прадчуванняў "страшных" падзей і г.д. нічога не зменіцца, ва ўсякім выпадку, у лепшы бок. 6. Развітайцеся з маларухомым ладам жыцця. Не лічыце ў такім выпадку рухам таптанне па доме ці ў агародзе. Хатнія справы, вядома ж, дапамагаюць растраціць пэўную колькасць калорый, аднак арганізму патрабуецца і больш асэнсаваная нагрузка — фізічныя практыкаванні, скіраваныя на работу розных груп цягліц, а таксама на трэніроўку сэрца. 7. Калі ўрач прызначыў вам па прычыне павышанага ціску лекавыя прэпараты, ужывайце іх згодна з урачэбнай рэкамендацыяй. Не "збівайце" ціск аднаразовым ужываннем лекаў, не мяняйце і не спыняйце прыём прэпаратаў па ўласным жаданні. Лячэнне артэрыяльнай гіпертэнзіі і іншых сардэчна-сасудзістых хвароб — справа надзвычай сур'ёзная і патрабуе адпаведнага стаўлення. Святлана БАРЫСЕНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спецыялісты перакананыя, што кожны з нас здольны многае зрабіць для здароўя сваіх сасудаў і сэрца. Паводле слоў урача-кардыёлага вышэйшай катэгорыі...
|
|