Чым больш мы змагаемся з хваробай, тым больш знішчаем здароўе. 21.by

Чым больш мы змагаемся з хваробай, тым больш знішчаем здароўе

06.04.2011 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сучасная навука нарэшце даказала тое, што варажбіткі і шаманы ведалі і выкарыстоўвалі яшчэ тысячу гадоў таму: думкі і пачуцці чалавека ўплываюць на яго цела. Усе мы надзелены прыроднай здольнасцю самавылечвання, якая захоўваецца ў нас на працягу эвалюцыі, аднак толькі адзінкі могуць самастойна ёй скарыстацца. Чаму? За адказамі мы звярнуліся да вядучага спецыяліста Грамадскага аб'яднання ўзаемадапамогі і развіцця "Фабар" псіхолага Ірыны СМІРНОВАЙ.

Хоць тысячу разоў скажы "халва"...

— Каб лепш зразумець уплыў нашых думак на наша цела, возьмем просты прыклад: узгадаем лімон, — прапанавала псіхолаг. — Самога плода мы не ўжывалі, але ў нас пачала выдзяляцца сліна і выпрацоўвацца страўнікавы сок. Арганізм "пераварвае" лімон, якога насамрэч няма, была толькі думка пра лімон. А цяпер уявім сабе клубніцы, і літаральна адчуем іх цудоўны водар. Падчас гэтага простага эксперымента мы не смакавалі ягад, не бачылі іх у рэчаіснасці, мы проста падумалі пра іх, а наш арганізм ужо запусціў біяхімічныя працэсы перапрацоўкі. Адсюль вынікае, што старажытная ўсходняя прымаўка "Хоць тысячу разоў скажы "халва" — у роце саладзей не стане" не зусім справядлівая. Саладзей стане. Безумоўна, мы не атрымаем ад такой "халвы" калорый і карысных пажыўных рэчываў, аднак біяхімічныя працэсы арганізма па пераварванні гэтай халвы запусцяцца.

Можна правесці яшчэ адзін просты эксперымент, які праілюструе, як працуе думка ў дачыненні да цела. Мы заплюшчваем вочы і разводзім рукі ў бакі пад вуглом 90 градусаў адносна тулава. Пры гэтым уяўляем, што ў адной руцэ ў нас напоўнены геліем паветраны шарык, а ў другой — цяжкая гіра на некалькі кілаграмаў. Затрымаемся ў такім палажэнні на 3-5 хвілін, а потым — не мяняючы палажэння рук — расплюшчым вочы і ўбачым, што рука, у якой мы ўяўлялі гіру, апусцілася ніжэй, а рука з эфемерным шарыкам узнялася вышэй. Арганізм адрэагаваў так, быццам бы і сапраўды адчуваў цяжар гіры і лёгкасць шарыка.

Яшчэ адно простае практыкаванне тычыцца работы з шыяй. Першы этап: паварочваем галаву да ўпора налева, потым направа. Пры гэтым фіксуем у думках усё, што падчас такіх паваротаў змаглі ўбачыць за сваёй спінай. Другі этап: заплюшчваем вочы і ўяўляем, што галава трымаецца на шарніры і можа круціцца на 180 градусаў, а то і больш. Трэці этап: расплюшчваем вочы і паўтараем першы этап. Пры гэтым заўважым, што галава цяпер паварочваецца ў абодва бакі значна больш. Гэта просты і эфектыўны спосаб прафілактыкі астэахандрозу. Такое практыкаванне можа выканаць любы чалавек, каб на ўласным вопыце пацвердзіць, што наш арганізм дакладна рэагуе на ўстаноўкі нашага мозга — на нашы думкі.

Такія здольнасці чалавечага арганізма здаўна выкарыстоўваюцца для самавылячэння, пацвердзіла Ірына Смірнова. Аднак для "запуску праграмы" спачатку трэба пазбавіцца ад страху і недаверу да сябе. І няважна — насмарк у вас ці дыябет, усе хваробы лечацца па адзінай схеме. Людзі любяць пастаянна сумнявацца, але калі мы не верым сабе, свайму арганізму, то ні пра якія станоўчыя вынікі гаварыць немагчыма. Самае галоўнае — верыць у паспяховасць сваіх намаганняў... Станоўчыя вынікі могуць праявіцца хутка ці не вельмі, але ў любым выпадку іх не трэба чакаць, засяродзіўшыся выключна на гэтым. Даверцеся арганізму, ён сам ведае, што рабіць, галоўнае — "запусціць" яго, даць яму праграму на вылечванне.

Эфект плацэба

Многія з нас не ў стане самастойна пераадолець свае страхі і самаабмежаванні, якія перашкаджаюць арганізму вылечыць сябе, ім патрэбна дапамога звонку (адным — псіхолагі, другім — шаманы і варажбіткі). Як правіла, яны выкарыстоўваюць так званы "эфект плацэба", дзейнасць якога даказала і класічная медыцына. Усе іх атрыбуты і рытуалы прызначаны для таго, каб расслабіць псіхіку чалавека ці наадварот — увесці ў лёгкі стрэс, узрушыць, каб лягчэй было працаваць з падсвядомасцю і запусціць механізм самавылечвання. Спецыяліст толькі дапаможа "актывізаваць праграму", астатняе чалавек зробіць сам. Але ўсё гэта спрацоўвае пры ўмове, што вы трапілі да сапраўднага спецыяліста. Вельмі шмат выпадкаў, калі людзі траплялі да шарлатанаў, якія толькі наносілі шкоду.

— Да мяне звярталіся людзі, якія былі перакананы, што на іх навялі сурокі. "Мы былі ў 15 бабак, на нас такія сурокі, якія ніхто не можа зняць", — гаварылі яны. Асабіста я ведаю, што бываюць і сурокі, — на ўласныя вочы бачыла іх наступствы, але гэта адзінкавыя і выключна рэдкія выпадкі. А ў асноўным людзей проста пужаюць. Іх потым даводзіцца доўга пераконваць, што яны могуць быць здаровымі і што ніякіх сурокаў на іх няма. І нават пры наведзеных суроках трэба разабрацца, чым вы іх "заслужылі", чым "прыцягнулі" ў сваё жыццё. Як казала баба Ванга, нельга навесці сурокі на таго, хто ў гэта не верыць. Гэта ваша асабістая думка: на мяне навялі сурокі ці праклён, цяпер усё будзе дрэнна. Такім чынам вы самі сваімі думкамі актывізуеце разбуральныя механізмы. Каб прыняць радыёсігнал, трэба мець антэну, а калі пераключыцца з прыёму на перадачу і выпраменьваць у "эфір" толькі станоўчыя думкі і эмоцыі, то ніякія сурокі да вас не прыстануць.

Вядома, ні на адной шыльдзе не напісана, што вас прымае не спецыяліст, а шарлатан, але я пераканана: калі чалавеку па яго ўнутраным стане неабходна трапіць да сапраўднага спецыяліста, калі ён насамрэч хоча стаць здаровым, то ён абавязкова знойдзе свайго лекара. Падмануць можна толькі таго, хто хоча быць падманутым: калі я хачу пачуць пра сурокі, натуральна, я знайду таго, хто мяне імі запужае. А калі я бяру на сябе адказнасць за ўсе свае ўчынкі, думкі і — як вынік — за ўсе падзеі, што са мной адбываюцца, у тым ліку і за хваробы, то, натуральна, ніякімі сурокамі мяне не запужаць. Такі чалавек знойдзе спецыяліста, які канструктыўна з ім папрацуе, ці дапаможа сабе сам, пачытаўшы адпаведную літаратуру. Сёння такой літаратуры шмат, інфармацыі дастаткова. І чалавек знаходзіць тое, што патрэбна менавіта яму. Астатняе — справа тэхнікі.

Калі да мяне звяртаюцца людзі па дапамогу і сітуацыя тычыцца хваробы ці непрыемнасцяў у сям'і, мы пачынаем з таго, што намагаемся знайсці прычыну (няправільны лад жыцця, няправільны лад мыслення, прыхаваная злосць, крыўда ці застарэлыя страхі). Бывае, што прычыну выявіць не атрымліваецца: занадта глыбока яна засела ў падсвядомасці. Тады пачынаем работу з элементарных медытацый: "Я здаровы", "Я выдатна сябе адчуваю", "Мой арганізм ведае, што рабіць", "Мая падсвядомасць сама справіцца з сітуацыяй", "Я ведаю, што я здаровы", "Я ведаю, што ў мяне ўсё атрымаецца" і г.д. Трэба падзякаваць той сітуацыі, у якой мы апынуліся, бо яна падштурхоўвае нас рухацца далей, падзякаваць хваробе.

Многія прыходзяць з устаноўкай "Я хачу вылечыцца". Тады вам да ўрача — адказваем мы. Да нас прыходзяць тыя, хто хоча быць здаровым. А хто хоча выЛЕЧЫЦЦА, першапачаткова паставіў мэтай не БЫЦЬ ЗДАРОВЫМ, а ЛЯЧЫЦЦА. Пазітыўнае мысленне пачынаецца з пастаноўкі мэты: я хачу быць здаровым; я хачу быць багатым; я хачу быць шчаслівым; я хачу мець сям'ю... і г.д.

Некаторыя прыходзяць да нас са скаргамі на ўвесь свет: "Муж дрэнны, дзеці непаслухмяныя, начальнік тыран... Зрабіце так, каб яны ўсе сталі добрымі да мяне". Але ж гэта не іх, а вас не задавальняе сітуацыя, значыць, вам і трэба мяняцца.

Не змагацца, а дамаўляцца

У любой хваробе ёсць сэнс. Яна прыходзіць па нейкай прычыне і для нечага. Яна — наш сябар, сцвярджае Ірына Смірнова. Любая хвароба — гэта пэўная энергія, якая матэрыялізуецца ў нешта канкрэтнае. Не бывае энергіі добрай ці дрэннай. Напрыклад, з дапамогай агню можна прыгатаваць ежу ці спаліць дом. Але гэта не значыць, што агонь добры ці дрэнны. Усё залежыць ад таго, як ім карыстацца. Таксама і вада: мы ўжываем яе штодня, але ў ёй можна і патануць. Так і з энергіяй. Яна мае два бакі: адзін бок — здароўе, другі — хвароба. І чым больш мы будзем змагацца з хваробай, тым больш мы будзем знішчаць здароўе. Наша задача не знішчыць хваробу, а выкарыстаць яе сілу для ўмацавання здароўя. Калі мы змаглі забяспечыць сабе хваробу (а яе мы стварылі самі), то, перавярнуўшы "мінус" на "плюс", зможам забяспечыць і здароўе.

— Гэта не азначае, што хваробу трэба ігнараваць. З ёй неабходна дамаўляцца. Мы скажам: "Дзякуй, што ты ў нас ёсць, падкажы, што трэба зрабіць, каб ты стала здароўем". І прыслухаемся да асяроддзя. Напрыклад, уключыўшы тэлевізар, пачуем фразу "...будзь дабрэйшым" і зразумеем, што яна адрасавалася нам, што гэта наша праграма для атрымання здароўя. Можна працаваць з вобразамі: заплюшчыць вочы і папрасіць хваробу паказаць сябе. Як правіла, у думках фарміруецца непрывабная форма, чорная пляма, нейкая пачвара і г.д. Звярнуўшыся ў думках да гэтага вобраза хваробы, трэба павітацца, паабяцаць ёй, што вы не збіраецеся яе знішчаць, і спытаць, для чаго яна прыйшла. У большасці выпадкаў хвароба "адказвае", што прыйшла знішчыць чалавека, пакараць яго. І тут пачынаецца дыялог з хваробай, як з лепшым сябрам. Прыкладна такі: "Калі ты, хвароба, знішчыш мяне, то ты знішчыш і сябе. Давай лепш сябраваць. Давай разам знойдзем шлях, каб ты стала здароўем". І прапануем хваробе "паказаць" думкаформу здароўя. Гэта можа быць любы вобраз, які ўсплыве па асацыяцыі са здароўем (ад ружы да осліка). І чалавек далей працуе на гэтым станоўчым вобразе: як толькі ў яго пачынае нешта балець, ён адразу ўяўляе гэты вобраз. Бывае, што на розных стадыях выздараўлення вобразы здароўя мяняюцца.

Сам факт з'яўлення хваробы сведчыць аб няправільным стаўленні да сябе з боку самога чалавека. Праз хваробу чалавек сам сябе карае, бо лічыць сябе вінаватым (за тое, што некалі некага пакрыўдзіў, прынізіў, падмануў і інш.). Трэба зразумець, што ўсе мы робім памылкі, у думках папрасіць у пакрыўджанага прабачэння, пажадаць яму самага лепшага: здароўя, багацця, шчасця, дабрабыту і г.д. А калі людзі займаюцца самакапаннем, шкадаваннем, то гэтым яны разбураюць сябе знутры і ў выніку атрымліваюць хваробу.

"Бутон горычы і смутку"

Многія старажытныя духоўныя традыцыі — і ў першую чаргу, старажытныя веды Усходу — абапіраюцца на вучэнне аб сямі ўзроўнях быцця і сямі энергетычных цэнтрах чалавека (чакрах), у якіх адбываецца абмен энергій паміж светам духоўным і светам, у якім мы жывём. Нашы энергетычныя цэнтры дзейнічаюць на тонкіх узроўнях, нябачных воку, і тым не менш яны ўплываюць на ўсе бакі нашага жыцця, у тым ліку на здароўе, дабрабыт, творчасць. Выкарыстоўваючы энергію станоўчым чынам, мы прыцягваем да сябе яшчэ больш пазітыўнай энергіі. Калі ж мы прымяняем яе не згодна з планам, закладзеным прыродай, мы ствараем разумовыя і эмацыйныя таксіны, што блакіруюць патокі энергіі.Напрыклад, мы можам выкарыстаць энергію свайго сардэчнага цэнтра, каб быць добрымі, клапатлівымі і шчодрымі ці для таго, каб быць эгаістычнымі і сквапнымі. А энергію гарлавога цэнтра — для кантактавання, ці для злосці і крытыкі.

Калі ў вас ёсць пэўнае захворванне, значыць, у пэўнай чакры парушаны правільны энергаабмен. Напрыклад, на Усходзе печань нездарма называлі "бутонам горычы і смутку". Печань (гэта 3-я чакра) у першую чаргу церпіць у людзей, якія злоўжываюць алкаголем і тлушчам. А гэта, як правіла, тыя, хто з дапамогай алкаголю і салодкага-тлустага намагаецца суцешыць сябе, хто лічыць, што свет да іх несправядлівы.

Для захавання здароўя нельга паглыбляцца ў негатыўныя перажыванні, папярэджвае псіхолаг. Што б з вамі ні здарылася, заўсёды трэба памятаць, што вы самі "прыцягнулі" такую сітуацыю. Аднамомантавы ўсплёск эмоцый, няхай сабе і негатыўных, не так небяспечны, як "заціснутыя" эмоцыі. Адбылася непрыемнасць — мы адрэагавалі (пакрычалі, разбілі талерку) і супакоіліся. А калі чалавек зноў і зноў пракручвае ў галаве непрыемны эпізод, думае, як бы ён змог адрэагаваць, гэта ўжо самаразбурэнне. Сітуацыю варта прааналізаваць і адпусціць. Думайце пра сябе, клапаціцеся пра сваё здароўе.

Заціснутыя, загнаныя ўнутр эмоцыі могуць "выліцца" ў анкалогію. Анкалогія — гэта хвароба крыўды, раздражнення. На яе хварэюць тыя, хто баіцца пакрыўдзіць іншых, хто пастаянна хвалюецца, што пра яго падумаюць навакольныя. Першапрычына хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы — недахоп радасці і любові (у першую чаргу да сябе, да свайго арганізма, недаацэнка сябе).

— Медыцына ўжо даказала, што сэрца чалавека можа працаваць без збояў да 300 гадоў, печань — да 600, — падсумавала псіхолаг. — Бачыце, наколькі актыўна мы змагаемся са сваім арганізмам, калі ўжо ў 20 гадоў нашы органы пачынаюць здаваць... Мы ўсе — дзеці Бога, так запісана ў Бібліі. А яшчэ там сказана, што Бог ёсць ЛЮБОЎ, а значыць, і мы таксама ёсць ЛЮБОЎ — і ментальна, і эмацыйна, і фізічна. Але чамусьці мы пра гэта забыліся. Нам трэба навучыцца давяраць сабе, давяраць жыццю, верыць, што ўсё, што з намі адбываецца, адбываецца правільна. Гэта нашы ўрокі, якія нам патрэбны.

Інга МІНДАЛЁВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сучасная навука нарэшце даказала тое, што варажбіткі і шаманы ведалі і выкарыстоўвалі яшчэ тысячу гадоў таму: думкі і пачуцці чалавека ўплываюць на яго цела. Усе мы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика