Лямбліёзу — бой!. 21.by

Лямбліёзу — бой!

15.04.2011 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Лямбліёз — шырока распаўсюджанае захворванне, якое выклікаецца мікраарганізмамі з сям'і прасцейшых — лямбліямі, што насяляюць тонкую кішку.

Калі разгледзець лямблію ў мікраскоп, то можна ўбачыць вельмі актыўную "істоту", якая перамяшчаецца па сценках кішэчніка з вялікай хуткасцю. Лямбліёз перадаецца рознымі шляхамі. Самы распаўсюджаны — фекальна-аральны: цысты лямбліі трапляюць у рот і далей у кішэчнік, дзе інфекцыя і развіваецца. (Дарэчы, цысты — форма існавання паразіта ў выглядзе капсулы з цвёрдай абалонкай, што дазваляе яму пераносіць розныя ўздзеянні знешняга асяроддзя без усялякай шкоды для сябе; цысты ўстойлівыя да кіслот, шчолачаў, рэчываў з актыўным хлорам; цалкам абясшкоджваюцца толькі пры кіпячэнні.) Ад заражанага лямбліямі чалавека ў навакольнае асяроддзе выдзяляецца вялізная колькасць цыстаў. З аднаго грама дзіцячых фекалій можа выдзеліцца да 300 тыс. цыстаў, а з аднаго грама дарослых — да 12 млн цыстаў. Іх выдзяленне адбываецца кожныя 8—14 дзён.

Адрозніваюць тры асноўныя шляхі распаўсюджвання лямбліёзу: водны, кантактна-бытавы і харчовы.

l Заражэнне адбываецца часцей за ўсё пры ўжыванні дрэнна ачышчанай водаправоднай вады або вады з адкрытых вадаёмаў.

l У выпадку кантактна-бытавога шляху заражэнне ажыццяўляецца праз прадметы ўжытку, забруджаныя цыстамі: бялізну, цацкі, посуд. У дзяцей, якія маюць шкодныя звычкі, такія, як кусанне пазногцяў, ручак, смактанне пальцаў і да т.п., практычна ў 100% выпадкаў выяўляюцца лямбліі.

l Магчымае заражэнне пры ўжыванні інфіцыяваных цыстамі харчовых прадуктаў, асабліва, калі яны ўжываюцца без тэрмічнай апрацоўкі.

Гэтыя каварныя прасцейшыя пашкоджваюць тонкі кішэчнік: яны шматразова прымацоўваюцца і адмацоўваюцца ад сценак кішэчніка, выклікаючы іх механічнае раздражненне. Пры гэтым адбываецца парушэнне ўсмоктвання вітамінаў, вугляводаў, бялкоў, а прадукты абмену, што выдзяляюцца лямбліямі, наадварот, усмоктваюцца і алергізуюць арганізм. Таксін лямблій уздзейнічае на нервовую сістэму: у хворага малога назіраецца прыгнечаны, дэпрэсіўны стан, ён можа раптоўна расплакацца, пакрыўдзіцца па дробязях, патрабуе павышанай увагі да сябе (невыпадкова нямецкі вучоны Д. Лямбль называў гэты мікраарганізм "паразітам нуды і суму"). Галаўны боль, раздражняльнасць, млоснасць, павышанае сэрцабіцце таксама не выключаюцца пры лямбліёзе. Акрамя іншага, гэтая інфекцыя характарызуецца дысфункцыяй тонкай кішкі: у хворага магчымае чаргаванне паносаў і запораў, адчуванне горычы ў роце, уздуцце жывата, агульнае недамаганне. Калі ваш малы схуднеў і не прыбаўляе ў вазе пры збалансаваным правільным харчаванні — гэта можа быць першай прыкметай інфекцыі.

Частая прыкмета пры лямбліёзе ў дзяцей і падлеткаў — пашкоджанне чырвонага беражка вуснаў. Ступень выражанасці бывае рознай: ад лёгкага лушчэння і сухасці, на якія хворыя не звяртаюць увагі, да моцнага запалення з трэшчынамі і заедамі.

Для вострай формы лямбліёзу характэрныя дыярэя працягласцю 5—7 сутак, метэарызм, болі ў верхняй частцы жывата, прыкметы інтаксікацыі (сінява пад вачыма, галаўны боль, стамляльнасць, ліхаманкавы стан).

Аднак не заўсёды развіццё лямбліёзу ў арганізме чалавека суправаджаецца нейкімі знешнімі прыкметамі, магчымае і бессімптомнае паразітаносьбіцтва.

Лячэнне лямбліёзу комплекснае і праводзіцца толькі ўрачом. Не дапускаецца самалячэнне, паколькі няправільна выбраная тактыка можа прывесці да пагаршэння стану і развіцця сур'ёзных пабочных рэакцый!

Урач выбірае тэрапію індывідуальна, у залежнасці ад узросту, масы цела, агульнага фізічнага стану дзіцяці. Звычайна прызначаюцца супрацьпаразітарныя прэпараты. У комплексе з імі ідуць жаўцягонныя, антыгістамінныя сродкі, ферменты. Далей магчымы курс біяпрэпаратаў, накіраваны на аднаўленне мікрафлоры кішэчніка. Для замацавання станоўчага тэрапеўтычнага эфекту, а таксама для аднаўлення слізістай абалонкі кішэчніка карысна правядзенне працяглай (1—2 мес.) фітатэрапіі.

Пры лямбліёзе з выражаным дыярэйным сіндромам рэкамендуецца дыета, якая ўключае прадукты з пекцінам у якасці натуральных сарбентаў: рысавы адвар, караціна-яблычная сумесь, чарнічны кісель, сухафрукты і інш.

Пажадана абмежаваць ужыванне салодкага, мучных вырабаў, паколькі менавіта вугляводная ежа з'яўляецца дадатковай энергетычнай сыравінай для лямблій.

Важна памятаць, што калі ў кагосьці выявілі лямбліёз, то, каб пазбегнуць паўторнага заражэння, лячыцца трэба ўсёй сям'ёй.

Самы эфектыўны і неабходны метад прафілактыкі лямбліёзу — гэта захаванне санітарна-гігіенічных нормаў:

l не піць сырую ваду — ужываць толькі гатаваную або толькі фільтраваную;

l старанна мыць рукі;

l садавіну і агародніну пасля мыцця дадаткова абліваць гатаванай вадой;

l быць асцярожнымі з прадуктамі з вулічных латкоў;

l пры наяўнасці хатніх жывёл рэгулярна праводзіць антыгельмінтныя апрацоўкі (мінімум раз у паўгода);

l дзяцей з няўстойлівым стулам пажадана абследаваць на носьбіцтва лямбліі.

Бацькам трэба як мага раней навучыць сваіх дзяцей правілам гігіены; адвучыць іх ад шкодных звычак грызці пазногці, алоўкі, ручкі, цацкі; забараніць ім даваць аблізваць сябе сабакам і кошкам.

Дапаўняем лячэнне фітатэрапіяй

l 2 ч. лыжкі здробненага лісця бярозы, сабранага ў чэрвені (г.зн. сярэдняй спеласці) заліць шклянкай кіпеню, настойваць 30 хвілін. Піць па 50 мл 3 разы на дзень за 30 хвілін да яды.

l Вазьміце роўнымі часткамі: пупышкі бярозы, траву крываўніку, кветкі календулы, кветкі рамонку, траву мяты, траву падтынніку, кветкі піжмы.

l Вазьміце роўнымі часткамі: траву дзядоўніку, траву падтынніку, пупышкі бярозы, шышкі вольхі, корань крывасмоку, траву цвінтарэю.

Зёлкі змешвайце ў сухім посудзе, які герметычна закрываецца, згодна з рэцэптам і захоўвайце ў сухім цёмным месцы. Для прыгатавання адвару заліце 2 ст. лыжкі збору 0,5 л кіпеню, настойвайце ноч у тэрмасе. Прымаць па 1/3—1/2 шклянкі 3—4 разы на дзень. Курс лячэння — 1—2 месяцы. Сутачная доза сухога лекавага збору прызначаецца ў залежнасці ад узросту: ад 1 года — 0,5—1 ч. лыжка; ад 1 да 3 гадоў — 1 ч. лыжка; ад 3 да 6 гадоў — 1 дэс. лыжка.

Увага! Перад тым, як прымаць той ці іншы збор, трэба азнаёміцца з супрацьпаказаннямі да траў і пераканацца ў адсутнасці алергічных рэакцый. Ну і, вядома ж, не забудзьце параіцца з доктарам.

Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лямбліёз — шырока распаўсюджанае захворванне, якое выклікаецца мікраарганізмамі з сям'і прасцейшых — лямбліямі, што насяляюць тонкую кішку. Калі разгледзець...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика