Што патрэбна старым?. 21.by

Што патрэбна старым?

09.11.2011 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сваімі "дзіўнымі" паводзінамі "цяжкі стары" дае зразумець нам, яго сваякам і проста навакольным, што яму дрэнна, што не ўсе яго патрэбы задаволены. Таму старых не варта асуджаць, а неабходна дапамагчы ім набыць душэўную раўнавагу. А для гэтага трэба ведаць, напрыклад, якія псіхічныя расстройствы і захворванні ўласцівыя сталаму веку.

Страх. У жанчын ва ўзросце пасля 60 гадоў мацней за ўсё праяўляецца страх перад адзінотай, хваробамі, дрэннымі людзьмі і смерцю. Мужчыны ва ўзросце 60-70 гадоў часцей перажываюць страх смерці, страх перад чужой ці ўласнай агрэсіяй, уласнай бездапаможнасцю, лёсам, учыненымі памылкамі, ім уласцівы і неспакой перад будучыняй.

Трывожнасць. У жанчын вышэй узровень адкрытай, знешняй трывожнасці. Мужчыны больш стрыманыя ў выражэнні трывожных пачуццяў. Пажылыя мужчыны з высокім узроўнем трывожнасці — часцей удаўцы. Іх вельмі непакоіць узровень жыцця (у матэрыяльным сэнсе), яго зніжэнне ў параўнанні з перыядам прафесійнай актыўнасці. Пагаршэнне стану здароўя (перанесены інфаркт міякарда, туберкулёз, астма) таксама негатыўна ўплывае на ступень эмацыйнай ураўнаважанасці. Важным негатыўным фактарам з'яўляюцца канфлікты або рэдкія і фармальныя кантакты з сям'ёй. Для мужчын характэрнае ўзмацненне трывожнасці па меры павелічэння часу знаходжання на пенсіі. Гэта звязана з тым, што паступова частка сяброў памірае, а зніжэнне фізічных магчымасцяў не дазваляе знайсці новыя кантакты і формы актыўнасці.

У жанчын на ўзмацненне трывожнасці ў першую чаргу ўплывае факт наяўнасці або адсутнасці сям'і. Калі для мужчыны большае значэнне мае якасць кантактаў з сям'ёй, то ў жанчын пераважае прынцып: "Любая сям'я лепш, чым ніякая". Старым жанчынам лягчэй апраўдаць несправядлівыя паводзіны і ўчынкі сваіх дзяцей, членаў сям'і, чым справіцца з адсутнасцю людзей, якім можна аддаць сваю любоў. З адзінотай вельмі цяжка справіцца жанчынам, якія раптам сталі адзінокімі ў старасці. Асабліва калі кантакты з навакольным светам ажыццяўляліся пры "пасрэдніцтве" мужа.

Боязь смерці. Існуе ўзаемасувязь паміж адаптацыяй да старасці і стаўленнем да смерці. Рэлігійныя людзі перажываюць больш моцны страх, чым тыя, хто не веруе. У першых, акрамя апасенняў, звязаных з адыходам ад зямных спраў, выступае таксама страх, які тычыцца тагасветнага жыцця. Вельмі важна навучыцца распазнаваць свой псіхічны стан, адрозніваць напружанне страху і трывожнасці ад фізічных парушэнняў. Гэтае ўменне з'яўляецца першым крокам на шляху свядомага кіравання сваімі эмоцыямі, пераадолення тых з іх, якія з'яўляюцца сігналам парушэння сувязяў з іншымі людзьмі і самім сабой.

Парушэнне сну. Сон для пажылога чалавека яшчэ больш важны, чым для маладога. Рэзервовыя магчымасці нервовай сістэмы старых людзей значна зніжаныя, што прыводзіць да хуткага знясілення арганізма. Адна ноч, праведзеная без сну, моцна адбіваецца на настроі і стане псіхікі. Старыя з выражанай стомленасцю маюць патрэбу яшчэ і ў дадатковым сне днём.

Затарможанасць у псіхіцы і паводзінах...

...як вынік аднастайнага харчавання і дэфіцыту вітамінаў. Пажылы малазабяспечаны чалавек не можа набываць разнастайныя прадукты, гатаваць сабе паўнавартасную ежу. Як толькі харчаванне становіцца больш паўнацэнным, з'явы, якія нагадваюць дэменцыю, знікаюць.

...як вынік нізкай тэмпературы паветра ў доме. Павышэнне тэмпературы ў жыллі, паляпшэнне цеплаізаляцыі і рэгулярная гарачая ежа хутка вядуць да паляпшэння разумовых здольнасцяў і змены паводзін.

...як вынік празмернага прыёму лекаў. Бессістэмны і залішні прыём лекаў, асабліва снатворных, а таксама гіпатэнзіўных і супрацьалергічных вядзе да пагаршэння разумовай функцыі, кволасці і затарможанасці. Пасля спынення іх прыёму з'явы, падобныя на дэменцыю, могуць праходзіць.

Хвароба Альцгеймера. Гэта захворванне галаўнога мозга праяўляецца дэменцыяй, якая паступова прагрэсуе. Дэменцыя — гэта зніжэнне такіх інтэлектуальных функцый, як абстрактнае мысленне, памяць, узровень суджэнняў, здольнасць да навучання, пісьма, маўлення і г.д. Прычыны ўзнікнення гэтай хваробы пакуль дакладна не ўстаноўлены. Тыповы ўзрост пачатку — пасля 65 гадоў. Вядучую ролю ў дапамозе гэтай катэгорыі хворых сёння адыгрывае не біялагічная тэрапія, а сацыяльна-асяродкавыя і псіхалагічныя ўздзеянні, правільны догляд, дапамога членаў сям'і, якія даглядаюць старога.

Сасудзістая дэменцыя. Зніжэнне інтэлекту ў выніку парушэнняў мазгавога кровазвароту пачынаецца ў 50-60 гадоў. У мужчын сустракаецца крыху часцей. Прычына гэтай дэменцыі — назапашванне ачагоў некрозу ў рэчыве мозга, якое ўзнікае ў выніку некалькіх інсультаў, часцей за ўсё ішэмічных. Пачатак захворвання, у адрозненне ад дэменцыі, пры хваробе Альцгеймера адносна востры і выразны. Кантроль за артэрыяльным ціскам і яго пастаянная карэкцыя, лячэнне спадарожных паталогій — атлусцення, цукровага дыябету — поўная адмова ад курэння дае магчымасць папярэдзіць узнікненне сасудзістай дэменцыі ў здаровых людзей, якія маюць вельмі высокую рызыку развіцця гэтай хваробы.

Дэпрэсія. Часам выпадкі дэпрэсіі ў пажылых людзей нагадваюць дэменцыю. Многія пажылыя людзі з дэпрэсіўным сіндромам кажуць аб тым, што яны віталі б смерць, калі б яна надышла хутка і без болю. Пры моцнай дэпрэсіі чалавек часта не адказвае на пытанні, не можа правільна арыентавацца ў часе і прасторы. Калі на зніжэнне памяці і інтэлекту скардзіцца сам пажылы, але не яго блізкія, то гэта дэпрэсія; калі скардзяцца блізкія, але пацыент гэтага не заўважае, то гэта дэменцыя.

— Старым людзям неабходна пастаянна трэніраваць свае інтэлектуальныя магчымасці з дапамогай розных відаў нагрузкі — такіх, як чытанне, лік, завучванне вершаў, вывучэнне замежных моў і г.д. — кажа дацэнт кафедры рэабіліталогіі Дзяржаўнага інстытута ўпраўлення і сацыяльных тэхналогій БДУ, кандыдат медыцынскіх навук Уладзімір МІЛЬКАМАНОВІЧ. — Асваенне новай інфармацыі, веданне праблем, плыняў палітычнага і эканамічнага жыцця сваёй краіны і свету спрыяюць захаванню здаровай псіхікі састарэлага чалавека... Комплекснае лячэбнае ўздзеянне на псіхіку аказвае падтрыманне стасункаў са старымі. Любы стары мае патрэбу ў суразмоўцы, спачуванні, пяшчотных словах. А ўвогуле здароўе пажылога чалавека, перш за ўсё псіхалагічнае, можа быць захавана яго ўласнымі намаганнямі, разуменнем працэсаў, якія адбываюцца ў арганізме, і фактараў, якія процідзейнічаюць хваробам і немачы. Агульная культура чалавека як у маладыя гады, так і ў сталым веку мае вырашальнае значэнне. Дапамагчы падтрымаць гэтую культуру закліканы медыцынскія і сацыяльныя работнікі.

Святлана БАРЫСЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сваімі "дзіўнымі" паводзінамі "цяжкі стары" дае зразумець нам, яго сваякам і проста навакольным, што яму дрэнна, што не ўсе яго патрэбы задаволены. Таму...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика